Пападанне ў дзясятку
І хіба можа быць па-іншаму — у сферы дадатковай адукацыі Алена Валянцінаўна больш за сорак гадоў. Слухаючы яе, думаеш пра тое, як важна ў юнацтве не памыліцца, выбіраючы любімую справу, каб адзін раз — і на ўсё жыццё.
— У дзяцінстве я амаль кожны год мяняла школу — тата быў вайскоўцам, сям’я часта пераязджала з месца на месца, — успамінае Алена Ліпень. — Прыходзячы ў новы клас, хутка станавілася там старастай або камсоргам. Сама пісала сцэнарыі, праводзіла конкурсы. Настаўнікі казалі маме: «Ваша дачка — прыроджаны лідар, ёй трэба звязаць жыццё са сферай культуры ці адукацыі». Адбіліся, відаць, і гены: бабуля і дзядуля былі педагогамі. Для паступлення выбрала Інстытут культуры ў Мінску. А маім першым рабочым месцам стаў адзін з мінскіх клубаў для дзяцей і падлеткаў па месцы жыхарства.
Старэйшае пакаленне памятае тыя гурткі пры ЖЭСах. Працуючы там, Алене Ліпень даводзілася валодаць навыкамі дзіцячага псіхолага і сацыяльнага педагога — тады такіх пасад не было, а дзеці займаліся розныя, былі і тыя, хто стаяў на ўліку ў ІСН. Яны прыходзілі да яе па параду і падтрымку нават дадому. З кожным годам Алена Валянцінаўна — працавала яна педагогам-арганізатарам 18 гадоў, з 1996 года ў «Кантакце» — пераконвалася: выбіраючы прафесію, папала ў дзясятку.
Аднойчы захацелася паспрабаваць сябе ў новай ролі, але гэты вопыт толькі ўмацаваў яе першапачатковы выбар.
— Мяне, актыўную і энергічную, неяк запрасілі ў малы бізнес, — усміхаецца мая суразмоўніца. — Праз два гады зразумела: камерцыя — зусім не маё. Вярнулася ў «Кантакт». Прайшла тут усе кар’ерныя прыступкі — да дырэктара. І па-ранейшаму вельмі люблю сваю працу!
Пра маладосць душы і пакаленне «зумераў»
У рэспубліканскім конкурсе «Жанчына года — 2024» Алена Ліпень перамагла ў намінацыі «Не старэюць душой ветэраны». Дзясяткі гадоў прысвечаны не толькі сферы адукацыі, але і жаночаму руху: у БСЖ уступіла ў далёкія дзевяностыя. І сёння ўзначальвае пярвічку ГА «БСЖ» у цэнтры «Кантакт». Што ж дапамагае захаваць энергію маладосці, «душы цудоўныя парывы»?
— Я працую сярод дзяцей, — усміхаецца Алена Валянцінаўна. — У цэнтры займаюцца больш за 3 тысячы выхаванцаў ва ўзросце ад 3 гадоў. Дзеці розныя, але ўсе таленавітыя! Ёсць у нас і дзеткі з асаблівасцямі развіцця. Мы ўмеем раскрываць іх здольнасці, але тут важная зацікаўленасць бацькоў. Вось наш Саша — асвоіў малюнак, дэкаратыўна-прыкладную творчасць, квілінг, вельмі адораны аказаўся хлопчык! А калі прыйшоў сюды, мала што мог.
Многія педагогі працуюць у «Кантакце» дзесяцігоддзямі, але прыходзіць і яркая, таленавітая моладзь, адзначае дырэктар. Гэта дадатковы стымул — ты не можаш апусціць рукі, бо на цябе раўняюцца.
— Часам маладыя калегі кажуць мне: «Мы за вамі не паспяваем! Адкуль вы бераце сілы?» А я адказваю: «Вы даяце мне сілы!» У «Кантакце» няма ніякага канфлікту пакаленняў — усе адзін аднаму дапамагаем. У нашага карабля агульнае вялікае плаванне. Невыпадкова ў нас сёння няма вакансій педагогаў, а тых, хто жадае тут працаваць — дастаткова.
Сітуацыя ў некаторым родзе ўнікальная. Сёння часта ад людзей старэйшага ўзросту чуеш скаргі ў адрас «зумераў»: хочуць усяго і адразу, прытым не выказваючы жадання «гарэць» на рабоце... Так, бываюць і такія, згаджаецца Алена Ліпень, але ў цэлым моладзь наша крэатыўная і развітая. І, вядома, адрозніваецца ад той, якая была 20-30 гадоў таму.
— Яны пазней сталеюць. Пазней ствараюць сем’і — спачатку імкнуцца атрымаць адукацыю, добрую прафесію. Я ахвотна прымаю маладых на работу. Падчас гутаркі бачу, якая ў чалавека сістэма каштоўнасцяў. Калі ён імкнецца зарабляць больш, то і заробіць: у нашай краіне шмат магчымасцяў. У апошні час — і я вельмі гэтаму рада — усё больш дзяўчат і юнакоў перастае марыць аб зарплаце «як у айці», а ставіць на першае месца вопыт і практыку. Гэтым летам прыняла на работу чатырох хлопцаў. Адзін з іх выдатны вакаліст. Двое іншых, студэнты-педагогі, дагэтуль дапамагалі нам на грамадскіх пачатках, каб атрымаць вопыт. Дарэчы, некаторыя нашы маладыя супрацоўнікі сустрэлі тут, у «Кантакце», сваю палавінку.
Сакрэты шчасця
«Стаж» сямейнага жыцця ў Алены Валянцінаўны амаль такі ж, як і ў прафесіі: больш за сорак гадоў.
— З Віталем мы разам з 1979 года. Пазнаёміліся, калі я вучылася на 2 курсе Інстытута культуры, а ён быў студэнтам тэхнічнай ВНУ. Ажаніліся праз год. Калі нарадзіўся сын Дзмітрый, акадэмічны водпуск не брала — справіліся. Мы з мужам не толькі блізкія людзі, але і аднадумцы, што важна ў складаныя моманты жыцця.
Магчыма, гэтая ісціна прагучыць банальна, але даказана яна тысячамі ўдалых і няўдалых шлюбаў: акрамя кахання, у сям’і важныя цярпенне і вытрымка. Алена Валянцінаўна з гэтым згодна: «І я, і муж гатовыя да ўзаемных саступак. Галоўнае — адчуваць і разумець блізкага чалавека».
Гледзячы на добраўпарадкаваны двор цэнтра — улетку тут буяюць кусты руж, зелянеюць газоны і цешаць вока альпійскія горкі — здагадваешся: гаспадыня гэтага ўтульнага месца любіць ствараць прыгажосць вакол сябе. Размаўляючы, пераконваешся: так і ёсць.
— Многія кветкі летам «перабіраюцца» сюды, на клумбы цэнтра, з майго дачнага ўчастка і з падворкаў іншых супрацоўніц, — усміхаецца суразмоўніца. — Мы самі сабе ландшафтныя дызайнеры і садоўнікі. Кожны год удзельнічаем у конкурсе «Кветкі сталіцы» і заўсёды — сярод лідараў. На маёй дачы ў сезон таксама ўсё квітнее. Непадалёк ад дачы лес, дзе з задавальненнем збіраю грыбы ўвосень. Гэта самы лепшы адпачынак для мяне. А яшчэ вельмі люблю жывёл. У мяне дома заўсёды жылі сабачкі.
Як многія гаспадыні, Алена Валянцінаўна любіць прыгатаваць што-небудзь смачнае. Праўда, знайсці на гэта час удаецца толькі па выхадных. І тое не заўсёды...
— У навучальным годзе па суботах я часта на рабоце: мы надаем сур’ёзную ўвагу шостаму школьнаму дню — праводзім канцэрты, спаборніцтвы. Імкнуся на свае вочы ўбачыць дасягненні нашых выхаванцаў. Гэта зараджае мяне энергіяй і добрым настроем.
Ні пры якіх абставінах не здавацца і не старэць душой — так можна было б вызначыць жыццёвае крэда Алены Ліпень.
Алена Брава
Фота аўтара і дадзена суразмоўніцай