Чаму прапануем мы сваім сябрам да прачытання тую ці іншую кнігу? Таму што выказаныя аўтарам ідэі блізкія нашаму светаадчуванню, а закранутыя тэмы здаюцца нам актуальнымі. Таму што аўтарскі стыль аповеда падаецца прывабным. Таму што героі, якія маюць праўдзівыя і яркія характары, быццам ажываюць, устаюць перад намі «на ўвесь рост». Таму што сюжэт гісторыі, бытавы ці касмічны, падаецца паслядоўным і натуральным, не парушае ўласнай міфалагемы — законаў уласнага свету.
Чаму хочацца параіць да прачытання не толькі дзецям, але і дарослым кнігу Марыны Помаз-Лайковай «Фотаапарат», выпушчаную ў гэтым годзе ў Выдавецкім доме «Звязда»? Таму што гэты твор не толькі мае захапляльны сюжэт, але і напоўнены псіхалагізмам, традыцыйнымі для містычнай казкі архетыпамі. Таму што ў гэтай казцы сцвярджаюцца ідэі агульначалавечых каштоўнасцей, такіх як узаемаразуменне, сяброўства, салідарнасць, спачуванне, гуманнасць. Таму што кніга напісана «жывой», прыцягальнай для чытача моваю. Таму што галоўныя героі могуць аказацца для многіх знаёмымі, хтосьці нават пазнае ў іх сябе...
Напрыклад, адзін з цэнтральных персанажаў — пяцікласнік Віця Драздоў, якога называюць у школе Драздом, якому псуюць настрой аднакласніцы-забіякі Ірка і Інка, а ён не можа самастойна даць адпор шкадліўцам, займець заступніцтва і падтрымку дарослых ні ў школе, ні дома. Але менавіта Віця Драздоў праяўляе ў крытычнай сітуацыі рысы моцнай асобы: уменне прымаць рашэнні
і браць адказнасць за іх наступствы, быць стойкім і міласэрным, суперажываць. «Мысли, которые люди прячут в тенистых аллеях сердец, перерастают в намерения, а те в свою очередь — в поступки. Так прорастает древо судьбы». Напэўна, камусьці з нас даводзілася быць на месцы таго самага Віці, пакуль не выпала магчымасць паказацьсвае чалавечыя якасці, адчуць і прадэманстраваць і свету, і самому сабе моцны ўласны характар.
Школьных задзір Ірку ды Інку ў жыцці няйнакш сустракалі мы ўсе. Некаторыя нават пазнавалі іх у сабе. «Не бывает плохих детей! ... Бывают дети к чему-то приученные. Ещё бывают дети счастливые и несчастные...» Часам хочацца выглядаць больш важным і значным, чым іншыя людзі. Абставіны, у якіх апынуліся дзеці, аднойчы паказалі: крыўдзіцель і пакрыўджаны — роўныя, усе яны — людзі са сваімі перажываннямі і памкненнямі. Мы не ставім перад сабой задачы паказаць асаблівасці характару кожнага героя гэтай казкі. Варта адзначыць, што і іншыя — нядбайная настаўніца (ёй, спадзяёмся, літасцівы аўтар дазволіць выправіцца), добрасардэчны містар Пазітыў, з’едлівы містар Негатыў, строгі, але справядлівы містар Фокус — персанажы каларытныя і запамінальныя, якія не дадуць засумаваць чытачу.
Чаму яшчэ нам варта прайсціразам з героямі казкі іх шлях? Таму што падарожжа, як вядома, — гэта спосаб трансфармацыі асобы: ніхто не вяртаецца з вандроўкі тым чалавекам, якім адпраўляўся. Таму што мы разам з імі можам навучыцца лепей разумець сябе і людзей, якія вакол нас, зможам усвядоміць каштоўнасць дружбы і ўзаемадапамогі («беда одна, а нас много»), раскаяння і прабачэння («ибо любая тайна желает быть раскрытой»). Мы яшчэ раз нагадаем сабе, што нельга здавацца і апускаць рукі, сутыкаючыся з цяжкасцямі. І, магчыма, здолеем знайсці ключ да шчасця.
Максім ХАЦКЕВІЧ