У Мастацкім музеі Віцебска ў межах ХХХV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» адкрыўся выставачны праект «Прастора вечных сэнсаў», які аб’ядноўвае творы выдатных майстроў графікі ХХ—ХХІ стст. з розных краін свету.
Міжнародны куратар і арганізатар праекта — культуролаг, сацыёлаг, грамадскі дзеяч Дзіяна Верман. Яна вядома як ініцыятар міжнародных кроскультурных праектаў у Еўропе, даследчык культурных сувязей і аўтар праектаў, якія аб’ядноўваюць краіны і творчыя супольнасці праз мастацтва.
— Гэта не проста выстаўка графікі, а дыялог эпох, культур і чалавечых станаў, якія паказаны мовай лініі, формы і вобраза. Мастацтва валодае неверагоднай сілай захоўваць памяць, аб’ядноўваць людзей і ствараць прастору, дзе нараджаецца ўнутраны дыялог з вечнасцю, — адзначыла Дзіяна Верман.
Праект задуманы як мастацкі дыялог культур і чалавечых станаў. Прадстаўленыя работы аб’ядноўваюць філасофію графічнага мастацтва і культурную памяць, ствараючы ўнікальную прастору для шчырай размовы з вечнасцю.
У экспазіцыі дэманструюцца работы чатырох графікаў: Аляксандра Шаппо (Беларусь), Уладзіслава Станішэўскага (Эстонія), Веры Станішэўскай (Эстонія) і Артура Нікіціна (Латвія). Калі творчасць беларускага майстра Аляксандра Шаппо нашы гледачы ведаюць, то работы яго замежных калег прадстаўлены ўпершыню.
Графіка Уладзіслава Станішэўскага адрозніваецца інтэлектуальнай глыбінёй, тонкай пластыкай ліній, філасафічнасцю і ўнутранай драматургіяй. У сваёй творчасці аўтар даследуе тэмы ўнутраных пошукаў чалавека, узаемасувязі мінулага і сучаснасці. На выстаўцы можна ўбачыць яго работы «Успаміны пра Дантэ» (2010), «Парнас» (2007), «Чаканне» (2009), аб’яднаныя міфічнай атмасферай і чароўнымі сюжэтамі.
Вера Станішэўская вядома вытанчанай графічнай культурай, акварэльнай тонкасцю і шматгадовай работай у галіне кніжнай ілюстрацыі. Яе творы прывабліваюць багаццем дробных дэталяў, тонкай работай з паўтонамі і запамінальнымі жаночамі вобразамі. На выстаўцы дэманструюцца работы «Дзень і ноч» (2019), «Восень» (2024), «Лета» (2024) і іншыя, якія акцэнтуюць увагу на ўзаемасувязі ўнутраных рытмаў чалавека з цыкламі прыроды.
Работы Веры і Уладзіслава Станішэўскіх пазбаўлены яркіх колераў і экспрэсіі, якая ўласціва графіцы Аляксандра Шаппо. Але ад гэтага яны не становяцца менш прыцягальнымі. У іх творчасці вельмі адчуваецца ўплыў еўрапейскай графічнай школы. І менавіта гэтае суседства стрыманага эстонскага стылю і беларускай экспрэсіі стварае непаўторную дынаміку, дзе кожны мастак дапаўняе іншага, падкрэсліваючы яго ўнікальнасць.
Творчасць Артура Нікіціна вельмі вылучаецца сярод работ калег. Яго графіка — гэта гульня святла і цемры, геаметрычных формаў і арганічных ліній. Тут няма тонкай выверанасці кампазіцыі, як у Веры і Уладзіслава Станішэўскіх, няма гарманічнага спалучэння экспрэсіі і нацыянальнага каларыту, як у Аляксандра Шаппо. Работы Артура Нікіціна іншыя, і таму нельга прайсці міма. Мастак смела эксперыментуе з тэкстурай паперы і тушшу, ствараючы напружаныя, драматычныя, часам артхаўсныя кампазіцыі.
«Прастора вечных сэнсаў» — гэта запрашэнне спыніцца, угледзецца ў мастацкі вобраз і адкрыць для сябе ідэі і пачуцці, якія натхняюць чалавецтва на працягу стагоддзяў.
Выстаўка працуе да 20 верасня.