У Доме прэсы прайшла чарговая сустрэча з цыкла мерапрыемстваў «Стваральныя і натхняльныя», прымеркаванага да Года беларускай жанчыны.
Гэтым разам абмяркоўвалі тэму «Жанчыны беларускага мастацтва: унікальнасць мастацкага бачання і ўклад у духоўнае развіццё нацыі».
Намеснік дырэктара па творчай рабоце Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, кандыдат мастацтвазнаўства Алеся Іназемцава адзначыла, што жанчына на працягу многіх тысячагоддзяў з’яўлялася рухаючай сілай для стварэння шэдэўраў у паэзіі, музыцы, літаратуры і, вядома, выяўленчым мастацтве:
— Беларускія жанчыны таксама ўдзельнічалі ў гэтым працэсе. Дастаткова згадаць тое ж ХХ стагоддзе і мастачак, якія фарміравалі культурную прастору Беларусі, і не толькі іх, бо былі і жанчыны-даследчыцы, мастацтвазнаўцы, кіраўнікі і ўсе тыя, хто здзяйснялі, развівалі беларускае мастацтва і культуру. Як прыклад, дырэктар карціннай галерэі (цяпер Нацыянальны мастацкі музей) Алена Аладава, якая паставіла мэтай сваёй прафесійнай дзейнасці стварэнне калекцыі музея. Ці мастачкі Беларусі, якія праславілі нашу краіну на міжнароднай арэне. Згадаем тую ж Алену Кіш, якая ў мінулым стагоддзі сваім унікальным творчым бачаннем і непаўторнай стылістыкай работ настолькі ўразіла прафесіянальную супольнасць, што ў далёкім 1984 годзе яна стала адзінай мастачкай з Беларусі, якая ўвайшла ў Сусветную энцыклапедыю наіўнага мастацтва (яе выдалі адразу ў васьмі краінах).
Такім чынам пра беларускую маляванку даведаліся ва ўсім свеце... І зараз жанчыны займаюць актыўную, ключавую ролю практычна ва ўсіх сферах.
Многія з іх актыўна развіваюць сучаснае беларускае мастацтва. Хтосьці толькі зараз прыйшоў на важныя кіраўнічыя пасады. А значыць у бліжэйшыя гады будзе працягваць рэалізоўваць стратэгію развіцця культуры, навукі і мастацтва нашай краіны.
У сваю чаргу і дырэктар дзяржаўнай навуковай установы «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», доктар мастацтвазнаўства Вольга Папко падтрымала думку аб тым, што роля жанчыны ў мастацтве па-ранейшаму застаецца значнай, прычым важную ролю адыгрываюць як творцы, так і тыя, хто спрыяе іх развіццю, станаўленню:
— Звычайна мы гаворым пра мастакоў, якія ствараюць, але тыя, хто сочыць за імі, хваліць, падтрымлівае, а часам, можа, і крытыкуе — робяць не менш важную справу... Зараз шмат жанчын у мастацтве, але галоўнае, каб у чалавека быў талент. У выяўленчым мастацтве, калі мы бачым твор, там ёсць самыя разнастайныя эмоцыі ў залежнасці ад жыццёвага вопыту. І калі раней жанчына часцей была музай побач з мужчынам, то цяпер жанчыны самі расказваюць пра сябе. Добра, што ёсць магчымасць выказаць усе адценні прыгажосці праз мастацтва.
На сустрэчы прысутныя абмеркавалі шмат важных і актуальных тэм, распавялі пра ўласныя шляхі да рэалізацыі, пра пераадоленні стэрэатыпаў і г. д. У прыватнасці, якія сёння ёсць магчымасці рэалізаваць сябе ў маладых жанчын — мастакоў, даследчыц і г. д. Так, мастачка, выкладчыца Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, пераможца рэспубліканскага конкурсу «Трыенале маладых мастакоў» 2025 года ў намінацыі жывапісу Ганна Раманенка падзялілася: «Мы жывем у эпоху вялікіх магчымасцяў, і я бачу, як расце колькасць жанчын у мастацтве. Гэта натхняе. У нас свой погляд на свет, мы па-свойму тлумачым рэальнасць... Удзел у такіх маштабных праектах, як „Трыенале маладых мастакоў“ — важнейшы старт. А ўвага да такіх праектаў дае той самы імпульс, каб рухацца далей і ствараць новае».
Алена ДРАПКО
Фота даслана аўтарам