Грандыёзнае дзіцячае свята праходзіла ў Магілёве 24–26 верасня. Афіша фестывалю была настолькі насычанай і цікавай, што тры напоўненыя прыемнымі падзеямі дні праляцелі як адно імгненне. У памяці засталіся незабыўныя сустрэчы з любімымі мультыплікацыйнымі героямі, стваральнікамі мультфільмаў, уражанні ад шыкоўных выстаў, канцэртаў, майстар-класаў...
Ручай, які бяжыць у горы...
Вельмі яркім было адкрыццё фестывалю — з чырвонай дарожкай, прыгожымі канцэртнымі нумарамі, зоркамі мультыплікацыі. Над плошчай луналі флагі розных краін. «Анімаёўка» — той фестываль, які яднае народы. Сёлета ў конкурсе прынялі ўдзел 78 краін, 12 з якіх упершыню, а колькасць заявак перавысіла лічбу 700. Для параўнання: летась было 317 фільмаў і 48 краін. Асобна на конкурс дзіцячага выяўленчага мастацтва і дэкаратыўна-прыкладной творчасці прыйшло 206 работ з усіх куткоў Беларусі.
Асабліва шмат хваляванняў было падчас уручэння дыпломаў і хрустальных алоўкаў — сімвала фестывалю — пераможцам конкурсаў анімацыйных фільмаў і дзіцячай анімацыйнай творчасці, а таксама ўзнагарод за лепшую работу ўдзельнікам дзіцячага выяўленчага мастацтва і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Віншавалі шчасліўчыкаў на святочнай сцэне кінатэатра «Радзіма» мэтры мультыплікацыі Сяргей Струсоўскі, Рым Шарафутдзінаў, народны майстар Ірына Кухціна.
Гран-пры амаль аднагалосна быў прысуджаны рабоце расійскага рэжысёра Аляксандра Храмцова «Ручай, які бяжыць у горы» ад расійскай студыі «Шар».
— Рэжысура, сцэнарная аснова, мультыплікацыя — усё гэта заўсёды звяртае на сябе ўвагу, але калі фільм пра нешта большае, калі ён з’яўляецца нейкай падзеяй, прымушае задумацца, магчыма, пра нешта іншае, гэта ўжо вышэйшы пілатаж — адушаўленне фільма, а не проста рух персанажаў на экране, — выказаўся наконт гэтай стужкі член журы конкурсу анімацыйных фільмаў фестывалю «Анімаёўка-2025» Рым Шарафутдзінаў.
У намінацыі «Лепшы анімацыйны фільм» перамагла работа ад кінастудыі «Беларусьфільм» рэжысёра Юліі Пінцак «Пра што маўчаць гэтыя балоты» — пранізлівы мультфільм пра ахвяр канцлагера «Азарычы». Юлія прызналася журналістам, што было не проста за 10 хвілін расказаць пра тыя жахі, якія перажылі людзі. Па яе словах, у працэсе здымак уся творчая група адчувала вялікую адказнасць перад тымі, хто прайшоў праз гэтае пекла. Усе імкнуліся зрабіць цяжкую і балючую тэму зразумелай і даступнай для дзіцячай аўдыторыі.
Фан-сустрэча ад Дзім-Дзімыча
Мультсерыял «Фіксікі» — адзін з любімых у дзятвы. Святам для іх было знаёмства з Даніэлем Міньковым, голасам якога ў «Фіксіках» размаўляе Дзім-Дзімыч. Месцам сустрэчы стаў кінатэатр «Чырвоная зорка».
Чацвёртакласніца Паліна Паўлава адна з яго прыхільніц. У Магілёў дзяўчынка прыехала з Рыбінска Яраслаўскай вобласці.
— Я рабіла мультфільм пра вайну «Вера і вернасць», — паведаміла яна. — Убачыла ў інтэрнэце карціны Марыны Цыколінай і вырашыла іх ажывіць.
Дапамагала Паліне педагог Цэнтра дадатковай адукацыі «Маладыя таленты» Ала Котава, якая суправаджала яе ў гэтай паездцы.
— Мы прымаем удзел у «Анімаёўцы» другі год, але прыехалі ўпершыню, — падзялілася яна. —
Наш леташні мультфільм ёсць у каталозе «Анімаёўкі» і для нас гэта гонар. Раней у Магілёве праходзіў фестываль «Кінастарт», і мы таксама ў ім удзельнічалі. Наш фільм «Прывітанне, Бог» стаў лаўрэатам. Гэта пра тое, як дзеці пішуць лісты Богу і расказваюць, што б яны хацелі.
Гасцям з Расіі спадабалася ўсё. Асабліва ўразіла чырвоная дарожка на адкрыцці, а Паліна была ў захапленні ад вядомага блогера Улада Кабякова. Што датычыцца Даніэля Мінькова, то з ім яна паспела пазнаёміцца яшчэ да фан-сустрэчы ў кінатэатры. Таму, калі ён з’явіўся на сцэне, актыўна вітала. Паўтары гадзіны праляцелі як адна хвіліна. Юныя гледачы так эмацыянальна рэагавалі на артыстаў, што ні ў чым не саступалі ім: танцавалі, спявалі, з першага разу ўгадвалі правільныя назвы ў квізе на тэму мультсерыяла. Падобна на тое, што пра «фіксікаў» нашы дзеці ведаюць усё.
— Вельмі крута было пабываць на такім класным фестывалі, як «Анімаёўка», —
паведаміў Даніэль. Ён расказаў, што ў кіно трапіў дзякуючы маці, якая першай даведалася пра кастынг на агучванне Дзім-Дзімыча. Ён нават не чакаў, што яго зацвердзяць. Даніэль любіць глядзець мульцікі. І «Фіксікаў», якія яму вельмі падабаюцца, у тым ліку.
Свята, якое натхняе
Наогул «Анімаёўка» дае ўнікальную магчымасць расказаць на зразумелай для ўсіх мове складаныя рэчы.
Як прызналася псіхолаг магілёўскай школы № 19 Наталля Афанасьева, якая разам з вучнямі школы наведвала розныя фестывальныя мерапрыемствы, ёй падабаецца атмасфера свята.
— «Анімаёўка» ўражвае, прымушае задумацца, — расказала яна. — Мы кожны год ходзім на кінапрагляды, заўсёды вельмі цікавая праграма. Гэтым разам больш спадабаліся дарослыя мультфільмы, чым дзіцячыя. У адным з дзіцячых была паказана бойка. Зразумела, што паміж дзецьмі бывае ўсякае. Але ж навошта паказваць насілле. Радуе, што ўсё ж такі аўтары фільмаў звяртаюцца да светлых, філасофскіх тэм.
На думку рэжысёра-аніматара Рыма Шарафутдзінава, дзякуючы мастацтву рэжысёра, сцэнарыста, аніматара мультфільмы не старэюць і, прайшоўшы выпрабаванні дзесяцігоддзямі, па-ранейшаму запатрабаваныя.
— У нашым савецкім мінулым практычна ўсе мультфільмы арыентаваліся на дзяцей, але гэтыя работы цікавыя і дарослым, прычым дагэтуль.
Цяпер мы атрымалі магчымасць убачыць усе мультфільмы свету. Расійская анімацыя, як і беларуская, пачынае рабіць упор і на фільмы для дарослых. Нарэшце ўсе зразумелі, што мультыплікацыя не проста забава, а асобны від мастацтва, праз якое можна раскрыць любую тэму, звязаную з чалавекам.
Мэтр лічыць, што сёння не трэба цалкам арыентавацца на ўсё новае. Яно яшчэ павінна даказаць сваю жыццеўстойлівасць. А вось існаванне такога фестывалю як «Анімаёўка» ён лічыць вялікім дасягненнем. У адрозненне ад іншых фестываляў, якія прысвечаныя кіно і дзе ў нейкай, часта зусім малой, ступені прысутнічае анімацыя, магілёўскі прапагандуе гэты від мастацтва на поўную моц.
Кожны з трох кінатэатраў Магілёва прапаноўваў у фестывальныя дні шмат цікавага і разнастайнага. Прадстаўнікі «Студыі М.І.Р.», мастак-пастаноўшчык Кіра Шылава і выканаўчы прадзюсер Міхаіл Ліхонін, паведамілі, што іх студыя даўно супрацоўнічае з «Беларусьфільмам» і ім заўсёды прыемна пабываць на такім фестывалі.
— Мы зрабілі цыкл «Казкі старога піяніна», ёсць спін-оф гэтых фільмаў, і гледачы атрымалі магчымасць паглядзець іх на фестывалі. Мы за гэта вельмі ўдзячныя Магілёву, — адзначыў Міхаіл Ліхонін.
Дарэчы, праект «Казкі старога піяніна» аказаўся сапраўды вельмі актуальным. Мультфільмы пра вядомых кампазітараў на фоне іх музычных твораў шмат хто называе геніяльнымі. Такога дакладна яшчэ не было. Цікавы спосаб папулярызаваць лепшыя традыцыі і знакамітых людзей.
— Для таго, каб дзяцінства юных беларусаў было шчаслівым, яно павінна напаўняцца правільнымі сэнсамі, — адзначыў Старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валерый Малашка. — Колькасць краін-удзельніц сведчыць пра тое, што мы на правільным шляху.
А старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка ў сваім прывітальным адрасе, які зачыталі на адкрыцці «Анімаёўкі», назваў фестываль сапраўдным мостам паміж культурамі, краінамі і пакаленнямі. Лепш і не скажаш.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота БелТА