Доўгачаканая культурная падзея — ХХХІІІ Мінская міжнародная выстаўка-кірмаш — сабрала ў адной прасторы аматараў друкаванага слова з розных краін свету. Кожны прыходзіць на выстаўку па сваіх прычынах: хтосьці ў пошуку новай кнігі, некаторыя па аўтограф любімага пісьменніка, а іншыя па новыя эмоцыі і ўражанні. Аднак усіх аб’ядноўвае шчырая і светлая любоў да кнігі, якая жыве, развіваецца і знаходзіць новыя формы. Кніга можа быць папяровай і электроннай, гучаць праз дынамік, але адзінае застаецца нязменным — яна злучае людзей, народы і дзяржавы. Пакуль ёсць тыя, хто піша, і тыя, хто чытае, літаратура будзе жыць і развівацца. І наступная кніжная выстаўка-кірмаш абавязкова падорыць чытачам новыя літаратурныя адкрыцці.
Літаратурнае падарожжа па вуліцах Мінска
Традыцыйна падчас работы Мінскай міжнароднай выстаўкі-кірмашу для наведвальнікаў арганізаваны спецыяльны транспарт — «Паэтычны аўтобус». Маршрут пачынаецца каля Палаца спорту, дзе, нягледзячы на самы разгар працоўнага дня, ужо чакаюць аматары беларускага слова. Хтосьці прыйшоў на прыпынак загадзя ў прадчуванні літаратурнага чараўніцтва, некаторыя пасажыры з насцярожанасцю садзяцца ў аўтобус, не ведаючы, чаго чакаць, а многія заходзяць у транспарт па гэтым маршруце і здзіўляюцца мілагучнаму паэтычнаму напеву.
Падчас руху са сваімі вершамі знаёмяць члены Мінскага гарадскога і Мінскага абласнога аддзяленняў Саюза пісьменнікаў Беларусі.
— Для мяне выступіць разам з калегамі ў паэтычным аўтобусе было даўняй марай, — дзеліцца паэтэса, член СПБ Наталля Святлова. — Раней я ездзіла на ім у якасці пасажыра і натхнялася творчым запалам нашых таленавітых пісьменнікаў, а сёлета сама ўдзельнічаю ў гэтай паэтычнай дзеі.
Пад’язджаючы да выставачнага цэнтра, усе пасажыры натхніліся паэтычнай атмасферай і трапілі ў кніжную прастору, зараджаныя пазітывам. Адразу ўвагу наведвальнікаў прыцягнула экспазіцыя, прысвечаная
35-годдзю Садружнасці Незалежных Дзяржаў, дзе кожная краіна-ўдзельніца размясціла помнікі літаратуры і знакавыя творы сваіх аўтараў. Штодзень на галоўнай сцэне праходзяць тэматычныя прэзентацыі выданняў краіны, якая ўваходзіць у склад СНД. Сёння можна ўбачыць прэзентацыю Узбекістана, 21 сакавіка — Расіі, 22 сакавіка — Арменіі і Малдовы.
Не абмініце!
Сёлета ў жыхароў і гасцей беларускай сталіцы ёсць унікальная магчымасць наведаць прэзентацыі і аўтограф-сесіі замежных аўтараў з Узбекістана, Расіі, Казахстана, Арменіі і іншых краін бліжняга і далёкага замежжа. Доўгачаканымі падзеямі для аматараў трылера стане сустрэча з аўтарам бестселера «Бабуля сказала сядзець ціха» Настассяй Рэньжынай. Пісьменніца прэзентуе новую кнігу «Апошні паром Забалоцця».
У суботу наведвальнікі выстаўкі атрымаюць унікальную магчымасць убачыць зорку расійскага дэтэктыўнага жанру Дар’ю Данцову. Сустрэча пройдзе ў канферэнц-зале
Культурная мазаіка ў беларускім кантэксце
Выставачная прастора традыцыйна падзелена на міжнародны і адукацыйны кварталы. У «Міжнародным квартале» наведвальнікі могуць пазнаёміцца з літаратурнымі набыткамі краін блізкага і далёкага замежжа. Сёлета свае стэнды на выстаўцы-кірмашы арганізавалі дыпламатычныя прадстаўніцтвы Азербайджана, Арменіі, Турцыі, ААЭ, Ірана, Катара, Кубы, Сірыі, Пакістана, Палесціны і іншых краін свету. У тых, хто цікавіцца культурай іншых краін, ёсць унікальная магчымасць даведацца пра нацыянальныя асаблівасці з першых вуснаў, паглыбіцца ў традыцыі і звычаі розных народаў і адчуць сябе часткай вялікай культуры.
Беларускія выдавецтвы не губляюцца на фоне замежных калег. Найбуйнешыя кнігавыдаўцы краіны «Звязда», «Беларусь», «Мастацкая літаратура», «Адукацыя і выхаванне», «Аверсэв» і іншыя прадставілі на выстаўцы-кірмашы творы класікаў і сучасных пісьменнікаў Беларусі.

У межах 35-годдзя Садружнасці Незалежных Дзяржаў на галоўнай сцэне прэзентавалі выданні «Казкі народаў СНД» (выдавецтва «Мастацкая літаратура»), «Дзецям пра Саюзную дзяржаву» (выдавецтва «Адукацыя і выхаванне»), «Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч на мовах народаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў» (выдавецтва «Беларусь») і іншыя.
- — Сёлета мы дэманструем наведвальнікам выстаўкі кніжныя навінкі нашага выдавецтва за 2025 — пачатак 2026 гг., — адзначае намеснік дырэктара Выдавецкага дома «Звязда» Святлана Ганцарэвіч. — Цэнтральнае месца на нашым стэндзе займае кніга «Час выбраў нас» Вольгі Ануфрыевай і Максіма Осіпава. Гэта маштабны праект, у якім журналісты прааналізавалі айчынную перыёдыку 1994–2025 гг. і прасачылі ўвесь шлях станаўлення беларускай дзяржавы. Таксама мы знаёмім чытачоў з серыяй «Ведаем, ганарымся»: вядомыя людзі ў партрэтах і нарысах" Ірыны Аўсеп’ян. Яшчэ адна серыя — «Цяжкія дарогі жыцця» Мікалая Чаргінца — карыстаецца вялікім попытам у чытачоў. У 2025 годзе выйшаў 7 том, на 2026-ы запланаваны выхад 8 і 9 тамоў. Безумоўна, вялікую частку нашага стэнда займае дзіцячая літаратура, арыентаваная на юных чытачоў рознага ўзросту. Падчас работы выстаўкі-кірмашу нашы пісьменнікі праводзяць прэзентацыі і інтэрактыўныя мерапрыемствы на дзіцячай пляцоўцы.
Саюз пісьменнікаў Беларусі запрашае на прэзентацыі, сустрэчы з сучаснымі беларускімі творцамі, аўтограф-сесіі. Нягледзячы на распаўсюджаны міф пра тое, што моладзь не чытае друкаваную кнігу, каля стэнда СПБ часта можна ўбачыць групы студэнтаў і школьнікаў. Ірына Захарава, выкладчыца кафедры трактара і аўтамабіля Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта, адзначыла, што тэхнічная арыентаванасць навучання ніяк не перашкаджае творчаму і духоўнаму развіццю студэнтаў.
— Нашы студэнты вывучаюць тэхніку, унутраную будову спецтэхнікі, машын, трактароў і іншае, аднак яны вельмі цягнуцца да паэзіі і нават спрабуюць сябе ў творчасці. Мы кожны год наведваем Мінскую міжнародную выстаўку-кірмаш, знаёмімся з навінкамі айчыннага кнігавыдання. Сёлета паспрабуем праглядзець і стэнды замежных прадстаўнікоў. У межах 35-годдзя СНД арганізавана шмат цікавых мерапрыемстваў. Вельмі хочацца, каб студэнты ў такой інтэрактыўнай форме далучыліся да іншых культур, — адзначыла Ірына Захарава.
Генадзь Тышкевіч, студэнт факультэта тэхнічнага сэрвісу ў АПК наведвае Мінскую міжнародную выстаўку-кірмаш упершыню:
— Не чакаў такога маштабу. Вельмі шмат выдавецтваў: і беларускіх, і замежных. Можна знайсці літаратуру на любы густ. Канешне, цікавяць прэзентацыі з удзелам пісьменнікаў, бо можна пачуць пра асноўную ідэю твора з першых вуснаў, дакрануцца да асабістай гісторыі аўтара.
Выхаванне праз кнігу
Пры падтрымцы Міністэрства адукацыі арганізавана работа адукацыйнага квартала з удзелам шырокага кола аўтараў асветніцкай літаратуры, прэзентацыямі кніг, майстар-класамі, інтэрактыўнымі пляцоўкамі. Для гасцей падрыхтаваны чатыры лакацыі. Першая прысвечана выдавецкай дзейнасці (тут можна набыць навучальныя дапаможнікі і іншую літаратуру для школьнікаў і студэнтаў), другая — навукова-метадычнаму
забеспячэнню, трэцяя — дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Чацвёртая, самая дынамічная лакацыя, прысвечана моладзі. Упершыню наведвальнікам прапануюць прыняць удзел у паэтычным марафоне, дзе трэба напісаць верш пра жанчын ці для жанчын. Таксама для моладзі арганізаваны тэматычна-займальныя актыўнасці: настольныя гульні патрыятычнай накіраванасці і прысвечаныя валанцёрскай дзейнасці, віктарына да Года беларускай жанчыны, інтэлектуальныя квізы на беларускай мове і шмат іншага. Сёння можна наведаць прэзентацыю кнігі рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Андрэя Караля «Кара і сарцавіна. Чужога вопыту не бывае» з удзелам аўтара.
Рэгіянальны каларыт і лічбавыя фарматы
Шырока прадстаўлены калектыўныя рэгіянальныя стэнды, на якіх працуюць выдавецтвы, тыпаграфіі, бібліятэкі, абласныя аддзяленні СПБ. Кожная рэгіянальная пісьменніцкая арганізацыя падчас работы выстаўкі-кірмашу падвядзе вынікі самых розных творчых конкурсаў.
Сёлета актыўны ўдзел у выстаўцы прынялі рэгіянальныя выдавецтвы Расійскай Федэрацыі. Многія прыехалі ў Мінск упершыню. Сярод багацця друкаванай прадукцыі ўвагу прыцягвае яркі загаловак «Мінск чытае анлайн» стэнда літаратурнай анлайн-платформы і бібліятэкі «Літнет». Тут не атрымаецца пагартаць кнігу, дакрануцца да шорсткай вокладкі і адчуць пах новай паперы. Тады, здаецца, навошта падыходзіць сюды?
Аднак супрацоўнікі анлайн-платформы Наталля Хамянкова і Лаліта Шэйдлін лічаць інакш.

— Мы не думалі, што ў Мінску нас чакае такі цёплы прыём. Звычайна людзі вельмі часта прымаюць нас за махляроў, негатыўна ставяцца да выкарыстання QR-кодаў, але тут, на Мінскай кніжнай выстаўцы, усё інакш. Наведвальнікі падыходзяць са шчырай зацікаўленасцю, абмяркоўваюць сучасны сусветны літаратурны працэс і дзеляцца любімымі творамі. Вельмі прыемная атмасфера, якую не хочацца пакідаць!
Для тых, хто выбірае аўдыёкнігу, 21 сакавіка адбудзецца прэзентацыя мабільнай прылады для праслухоўвання кніг «Чытанка» ад Белкнігі.
Вераніка Семяніхіна, маладая маці, дызайнер упрыгожванняў прыйшла на выстаўку па натхненне (і, канешне, па новую кнігу).
— Апошнім часам чытаю ў электроннай версіі, але вельмі люблю прайсціся вось так, пагартаць кнігі, пазнаёміцца з навінкамі любімых выдавецтваў. Я люблю фэнтэзійную літаратуру, таму заўсёды спыняюся каля стэндаў з фантастыкай і фэнтэзі. Сёлета я ў пошуку цікавых дзіцячых выданняў, і хочацца сказаць, што выбраць штосьці сярод такога багацця кніг вельмі складана.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА
Фота аўтара і Лізаветы ГОЛАД