Пераважная большасць работ экспазіцыі адносіцца да пейзажнага жанру — перад гледачом паўстае панарама беларускіх краявідаў ад больш як 100 жывапісцаў XX стагоддзя. Але не толькі пра мінулы век гаворка — шэраг твораў, а таксама асобны — персанальны — праект належаць аўтарству майстроў, якія стваралі ці працягваюць ствараць у наш час...
На выстаўцы «Беларусь. Культурны ландшафт» аб’яднаны палотны, якія захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея
і Беларускага саюза мастакоў. Арганізатары вырашылі не спыняцца на праграмных творах славутых мастакоў — яны адшукалі тыя, што адпавядаюць канцэпцыі праекта, але рэдка экспануюцца на музейных выстаўках і ў сценах галерэй. Між тым новыя ці забытыя імёны гледачу, безумоўна, сустрэнуцца. Напрыклад, гомельскага жывапісца Берты Кузняцовай — дэманструецца яе палатно «Вёска» (яго год стварэння не пазначаны), не самы рэалістычны краявід з дамінантай зялёнага ў кампазіцыі. Аўтар стварыла ідылічную карціну: у ёй апяваецца лад жыцця сельскага чалавека, які не падпарадкоўвае сабе прыроду, а жыве ў суладдзі з усім, што тая яму падарыла. Матывы спакою і гармоніі з’яўляюцца аднымі з асноўных для выстаўкі «Беларусь. Культурны ландшафт», і выразнымі ўзорамі ў гэтым рэчышчы паўстаюць работы «Восень у вёсцы» (1974) Адольфа Гугеля, «Хутар» (1986) Барыса Казакова, «Лета на Гомельшчыне» (1986) Роберта Ландарскага, «Бабіна лета» (1992) Алега Скавародкі і «Браслаўшчына. Зімовая прастора» (год стварэння не пазначаны) Мікалая Ісаёнка...
Яшчэ адна важная частка твораў экспазіцыі — тыповы вясковы пейзаж, у якім апісваецца і жыццё беларускай вёскі, і яе павольнае паміранне, што ўласціва, зразумела, работам пазнейшага перыяду. Сярод такіх — «Цёплы дзень» (1989) Валерыя Шкарубы: у сваёй манеры жывапісец адлюстраваў частку закінутага дома і прыбудовы, падкрэсліўшы блакіт неба і шаравата-пясочнае адценне выгарэлай на сонцы травы. Завяданне, апошнія прыкметы — сведчанні мінулага жыцця — у пэўным пункце свету змаглі паказаць, напрыклад, Віктар Шматаў у творы «Палеская хата» («... Адна не бедная...») 1982 года і Іван Рэй на палатне «Забыты хутар» 1988 года.
Знішчэнне вёскі (якое ўжо адбылося, і такое, што яшчэ толькі прадбачыцца) ці іншы працяг яе быцця паказалі многія прадстаўнікі савецкага жывапісу, якія апявалі розныя этапы індустрыялізацыі, аднак не маглі быць абыякавымі да змен і страт у працэсе зліцця горада і вёскі. Тое, як сельскія тэрыторыі паступова станавіліся і працягваюць пераўтварацца ў частку гарадскога асяроддзя, выразна выявілі на сваіх палотнах Монас Манасзон («Раён МТЗ», 1955), Яўген Ціханаў («Мінск зімою. Тыпаграфская вуліца», 1977), Віктар Ціханаў («Вясна ў Лошыцы», 1987) і Алесь Пашкевіч («Вечаровы горад. Маладзечанскае наваколле», год стварэння не пазначаны). У адным шэрагу гэтыя работы робяць відавочнымі змены ў стаўленні да праблемы і выбары вобразных сродкаў. Аднак квінтэсенцыя роздумаў на тэму — «Зялёны Луг» Гаўрылы Вашчанкі. Твор 1978 года — даніна павагі вясковаму чалавеку, працаўніку зямлі. У цэнтры кампазіцыі змешчана кола вяскоўцаў розных узростаў, якія згуртаваліся вакол хлеба. Алегарычнасці сюжэту надае таксама вобраз аголенага юнака з вянком на галаве. Шырока расставіўшы рукі і адкрыўшы далоні, ён пазірае прама на гледача, як і жанчына, якая трымае ў руках бохан на ручніку... На заднім плане распасціраюцца шматпавярховікі, аддзеленыя на вертыкальным палатне ад групы людзей цёмным і шчыльным хваёвым лесам.
Прыклады гарадскога пейзажу і творы, прысвечаныя архітэктурнай спадчыне, займаюць вялікую частку выстаўкі. Тут можна палюбавацца і адрозным ад сучаснага відам на плошчу Перамогі, які зафіксаваў ў 1964 годзе Натан Воранаў, і архітэктурным комплексам былога манастыра францысканцаў ў Пінску, перанесеным на палатно «Зіма ў Пінску» (1966) Леанідам Шчамялёвым, і ключавымі архітэктурнымі помнікамі Гродна, да якіх у свой час уважліва паставіўся Леанід Дударэнка («Гродна», 1972)... Побач з карцінамі, у якіх перададзены панарама горада, маштаб і важнасць выбраных аб’ектаў, можна знайсці не меней пераканаўчыя індустрыяльныя пейзажы (Міхаіл Чэпік «Лепельская ГРЭС», 1966; Мікола Назарчук «Рытм Новалукомля», 1971; Віктар Свінароў «Індустрыяльны матыў», 1983) і камерныя работы, у якіх увага аўтараў засяроджана на пустэльных ці амаль бязлюдных вуліцах. Такімі прапаноўваюць прайсціся, напрыклад, Ізраіль Басаў («Беларускі краявід», 1966; «Вуліца Кірава. Мінск», год стварэння не пазначаны) і Віктар Грамыка («Начны дуэт», 1980).
І нарэшце звертаемся да прыроды без людзей, віду пейзжажу, дзе мастакі маглі без абмежаванняў выказаць свае пачуцці, эксперыментуючы з колерам і каларытам, святлом і ценем... Тут вернемся да тэмы забытых імёнаў: здаецца, імя Уладзіміра Маскоўскіх згадваецца сёння рэдка. У экспазіцыі можна ўбачыць яго карціны «Партызанскія лясы Беларусі» 1983 года, «Саўгас „Ходцы“» 1984-га, «Жнівень у азёрным краі» 1989 года. Нягледзячы на тое, што мастак працаваў у розных манерах, у экспазіцыі дэманструюцца тыя творы, дзе аўтар выкарыстоўвае дробны мазок. Зярністая фактура яго палотнаў, а яшчэ выбар цёмных і прыглушаных фарбаў вылучаюць яго работы сярод тагачасных прыродных пейзажаў. Аднак казаць, што нешта вылучаецца менавіта на цяперашняй
выстаўцы ў Палацы мастацтва, зусім не правільна — праект можа пахваліцца не толькі змястоўнасцю, але і разнастайнасцю палотнаў, якія можна назваць шэдэўрамі беларускага жывапісу.
Арганізатары вырашылі дапоўніць выстаўку жывапісу шклянымі і керамічнымі работамі мастачкі Ганны Амбросавай, у якіх, згодна з меркаваннем куратараў, увасоблена сучаснае пераасэнсаванне культурнага поля. «Вытанчаная пластыка твораў уражвае адмысловымі выразнымі эфектамі, што ўласцівыя архаічным матэрыялам, якія непарыўна звязаны з беларускай гісторыяй і культурай. Калі жывапіс фіксуе вобраз краіны на палатне, то кераміка і шкло літаральна матэрыялізуюць зямную, тактыльную сутнасць прасторы», — упэўнены ў Беларускім саюзе мастакоў.
Яўгенія ШЫЦЬКА,
фота аўтара