Top.Mail.Ru

Да дня нараджэння Філармоніі для дзяцей і юнацтва

07.11.2025 | 16:51
З маладым задорам

Філармонія для дзяцей і юнацтва мае шматгадовую гісторыю. Аб’яднаўшы высокапрафесійных артыстаў, спачатку з’яўлялася Канцэртна-лектарскім бюро, але два дзесяцігоддзі таму здабыла сённяшнюю назву. Нядаўна калектыў адсвяткаваў 65-годдзе. 



На мінулым тыдні артыстаў, супрацоўнікаў Філармоніі для дзяцей і юнацтва ўрачыста віншавалі з днём нараджэння калектыву і ўзнагароджвалі граматамі Міністэрства культуры і Белдзяржфілармоніі. Тым часам музыканты парадавалі прыхільнікаў канцэртам «Ад класікі да сучаснасці: юбілей у фармаце non-stop», які прайшоў у Малой зале імя Р. Шырмы ў рамках «Беларускай музычнай восені». Праграма была створана з разлікам на знаёмства слухачоў з творчым жыццём артыстаў, з вопытам, які ім дала праца ў Філармоніі для дзяцей і юнацтва. І гэтым вечарам гучалі ўзоры сусветнай класікі і папулярныя песні, якія радавалі патрабавальную публіку, прадстаўленую ў тым ліку прафесіяналамі музычнай сферы і дзецьмі розных узростаў. 

У канцэрце «Ад класікі да сучаснасці: юбілей у фармаце non-stop» паўдзельнічалі лаўрэаты міжнародных і нацыянальных конкурсаў салісты Беларускай дзяржаўнай філармоніі Ганна Янкоўская, Тамара Рэмез, Марына Дабралёт, Святлана Еўтух, Галіна Сакольнік, Максім Абравец, Уладзіслаў Даніловіч, Дзмітрый Гайдукоў, Аляксандр Балотнік, Наталля Змітровіч... У якасці канцэртмайстраў выступілі Таццяна Лясун, Алена Лузан, Сергей Вайніцкі і Анатоль Цяльцоў. Правялі вечар музыказнаўцы Дар’я Вітко і Кацярына Агароднікава. 

Між тым апошні канцэртны сезон для Філармоніі для дзяцей і юнацтва стаў паспяховым і ў сэнсе персанальных набыткаў — калектыў папоўніўся чатырма маладымі артыстамі: па размеркаванні з Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі накіраваны меца-сапрана Ксенія Малахвяйчук і бас Іван Кручко, з Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя Іосіфа Жыновіча прыйшла цымбалістка Алёна Варанцова, а з Гомельскай абласной філармоніі — эстрадная вакалістка Анастасія Саляная. 

Артысты ахапілі даволі шырокі пласт узораў сусветнай музычнай культуры, аднак увага публікі была скіравана найперш на прапановы маладых артыстаў. Сярод твораў, якія зачаравалі, безумоўна, быў «Харавод гномаў». Гэта неафіцыйная назва п’есы італьянскага скрыпача і кампазітара Антоніа Бацыні «Харавод духаў» («La ridda dei folletti») — фантастычнае скерца Op. 25. Твор, напісаны ў 1852 годзе для скрыпкі і фартэпіяна, стаў самым вядомым у творчасці аўтара. Падчас канцэрта яго выканалі Сяргей Вайніцкі і Алёна Варанцова, якая прадэманстравала майстэрства ігры на цымбалах. «Тостам Арсіні» з оперы «Лукрэцыя Борджыя» Гаэтана Даніцэці парадавалі слухача Алена Лузан і Ксенія Малахвяйчук.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю