Top.Mail.Ru

Да галоўнай музычнай падзеі краіны засталося 35 дзён

Аўтар: Лізавета Крупянькова
11.06.2026 | 18:57
Пачаўся зваротны адлік

У самым цэнтры Віцебска — каля летняга амфітэатра — адкрыўся арт-аб’ект «Фестывальны каляндар», які пачаў зваротны адлік да пачатку «Славянскага базару ў Віцебску». Да XXXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў засталося 35 дзён — сімвалічны пачатак свята.

Рытуал будзе праходзіць кожны дзень у 8 гадзін раніцы ва ўрачыстай атмасферы з удзелам творчых калектываў горада і вобласці. Каляндар уяўляе сабой рэтраспектыву фестывальнага мінулага. Таксама на арт-аб’екце будуць паказаны ўсе афішы за 35-гадовую гісторую існавання фестывалю, якія, як і знакамітая валошка, штогод набываюць новыя грані і адценні.

XXXV Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» ўжо рыхтуецца прымаць гасцей з усяго свету. Сёлета арганізатары вырашылі выйсці за межы горада: упершыню ў гісторыі мерапрыемства арганізаваны гастрольны праект па Беларусі пад назвай «Валошкавы тур».

Маштабны праект пройдзе ва ўсіх абласных цэнтрах краіны і ў горадзе Мінску. Гэта дасць магчымасць аматарам фестывалю, якія не могуць прыехаць у Віцебск, пранікнуцца духам свята і наведаць выступленні артыстаў. Асноўная задача туру — зрабіць «Славянскі базар» больш даступным для шырокай аўдыторыі па ўсёй рэспубліцы. Стартуе гастрольны тур у Гомелі 13 чэрвеня. 19 чэрвеня — Магілёў, 20 чэрвеня — Мінск, 9 ліпеня — Гродна, 

10 ліпеня — Брэст. Як паведамляюць арганізатары праекта, ідэя фестывальнага туру гучала даўно, а юбілейны год стаў штуршком для яе рэалізацыі. «Падчас нацыянальных адбораў мы таксама ездзім па абласных і раённых гарадах, але гэта больш датычыцца прафесійных выканаўцаў. А вось тур разлічаны на звычайных гледачоў, якія таксама хочуць адчуць сябе зоркамі фестывалю», — адзначыла загадчык аддзела па сувязях з грамадскасцю Марыя Вайцяхоўская.

Гледачоў чакае насычаная і разнастайная канцэртная праграма. Адной з самых яркіх падзей стане правядзенне «Фестывальнага караоке з зоркай». У конкурсе могуць паўдзельнічаць усе жадаючыя і атрымаць шанц выступіць на адной сцэне з вядомымі артыстамі, а значыць, увайсці ў гісторыю «Славянскага базару». Выканаўцам прапануецца спіс з 35 кампазіцый, якія калісьці гучалі на фестывалі. У інтэлектуальным «Фестывальным квізе» гледачы змогуць паказаць кемлівасць і веданне гісторыі фестывалю. Самыя эрудзіраванныя ўдзельнікі атрымаюць брэндзіраваныя прызы.

Для аматараў фотамастацтва падчас гастрольнага туру будзе працаваць выстаўка «35 імгненняў Фестывалю» — сумесны праект Дырэкцыі фестывалю і інфармацыйнага агенцтва БелТА. У экспазіцыі прадстаўлены кадры, на якіх увасоблены самыя яркія эмоцыі, зорныя моманты і непаўторныя імгненні свята.

Падчас туру будзе працаваць «Валошкавы кірмаш», дзе кожны наведвальнік зможа набыць сувеніры з беларускім каларытам, вырабы рамеснікаў і пачаставацца нацыянальнымі стравамі. 

Лізавета КРУПЯНЬКОВА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю