Паколькі культура ўваходзіць у так званыя «Топ-5» тэм у СМІ паводле сусветнага досведу, то ўвага да яе зразумелая з пункту гледжання журналістаў, аўтараў, крытыкаў, якія выказваюць свае меркаванні пра жыццё, адлюстраванае ў розных культурных формах. Гэтая праца — падстава для навуковага аналізу функцыянавання культуры наогул і мастацкай сферы ў прыватнасці, што засведчыў круглы стол на тэму «Літаратурна-мастацкая крытыка, медыякрытыка і СМІ: формы ўзаемадзеяння», які прайшоў на факультэце журналістыкі БДУ з удзелам расійскіх даследчыкаў. Публікацыі, радыёперадачы і тэлепраграмы, блогі і відэападкасты, прысвечаныя культуры, даюць глебу для разумення ролі культуры ў сучасным грамадстве. Ці ўсе свае функцыі яна выконвае ў дачыненні да чалавека?
Інфармацыйная, каштоўнасная, нарматыўная
Дэкан факультэта журналістыкі БДУ, кандыдат гістарычных навук Аляксей Бяляеў сказаў:
— Тэма круглага стала, на мой погляд, уздымае важную праблему. Не сакрэт, што сучасная журналістыка ў нашых краінах (Беларусь і Расія) робіць упор на грамадска-палітычную і сацыяльна-эканамічную тэматыку. Пытанні культуры, мастацтва па розных прычынах адышлі на другі план. Пры тым, што ўсе мы разумеем: мастацтва — вечнае. Ёсць каштоўнасці, на якіх грунтуецца грамадства. Сучасная палітычная дзейнасць у Беларусі і Расіі накіравана менавіта на захаванне традыцыйных каштоўнасцей. Таму любая, нават сацыяльна-палітычная, дыскусія ў нашых медыя тычыцца ў тым ліку і культуры: мы выступаем за перадачу культурных нормаў, кодаў ідэнтычнасці сваім грамадзянам. У гэтым працэсе некалькі складнікаў. Ёсць пісьменнікі, мастакі, скульптары, работнікі тэатра, кіно, якія ствараюць творы мастацтва ва ўсіх відах і жанрах. Задача журналіста ў першую чаргу — давесці да кожнага грамадзяніна інфармацыю і прывесці людзей да разумення глыбіннага сэнсу твораў. Крытыка існуе дзеля таго, каб злучыць высокае мастацтва з народнымі масамі. Вельмі важна, каб былі і спецыялізаваныя выданні, у якіх прафесіяналы даюць ацэнку якасці. Але нават у спецыялізаваных выданнях час патрабуе новых падыходаў, новых прыёмаў пры асвятленні пытанняў культуры: як зацікавіць людзей, як іх прыцягнуць да праблем мастацтва? На жаль, мы бачылі, што ў няпростыя перыяды (напрыклад, у 90-я гады) было падзенне цікавасці да культуры, таму што грамадзяне ў першую чаргу думалі пра задавальненне сваіх матэрыяльных патрэб (так бы мовіць, першая прыступка піраміды Маслоу). Калі базавыя патрэбы задаволеныя, можна думаць аб духоўных пошуках дзеля далейшага развіцця. Добра, што ў наш час у Беларусі і Расіі пытанні культуры разглядаюцца на тым жа ўзроўні, што і базавыя патрэбы грамадства. Таму важна прыцягнуць увагу да таго, што ствараецца, вызначыць творы, вартыя застацца ў скарбонцы сусветнай мастацкай спадчыны.
Загадчыца кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі факультэта журналістыкі БДУ, доктар філалагічных навук Людміла Саянкова-Мяльніцкая адзначыла:
— Каб грамадства развівалася гарманічна, трэба, каб усе сферы выконвалі ў ім сваю задачу, таму нам важна чуць адзін аднаго. Даводзілася сутыкацца з меркаваннямі, што бываюць часы, калі галоўная ўвага аддаецца палітыцы. Але пра культуру не забывалі нават у самыя складаныя часы для нашай Айчыны. Бо культура — гэта ў нейкім сэнсе сінонім самога чалавечага жыцця. Захаваць яе — значыць самазахавацца. У злучэнні з журналістыкай яна можа быць магутным ідэалагічным памочнікам, забяспечыць развіццё і стваральнасць. Невыпадкова на некалькіх форумах у Расійскай Федэрацыі журналістыку разглядалі як адзін з інстытутаў культуры, а шэраг канферэнцый быў прысвечаны пытанням культуры ў СМІ.
Камунікатыўная, інтэгратыўная, сацыялізуючая
Прафесар кафедры журналістыкі Белгародскага дзяржаўнага нацыянальнага даследчага ўніверсітэта Аляксандр Карочанскі падчас круглага стала ў Мінску падкрэсліў ролю медыякрытыкі, якая вывучае медыяпрадукты (любую інфармацыю, разлічаную на масавую аўдыторыю) і іх уплыў на грамадсва ў цэлым, у тым ліку на яго культурнае развіццё.
Наталля Цветава, прафесар кафедры медыялінгвістыкі Вышэйшай школы журналістыкі і масавых камунікацый Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага універсітэта звярнула ўвагу на ўключэнне медыя як ключавога пасрэдніка ва ўсе сферы дзейнасці соцыума і нагадала, што ў сітуацыях катастрафічных выпрабаванняў літаратура і мастацтва могуць змякчыць іх уздзеянне. Таму ўвага да іх павінна быць адпавед-
ная — у тым ліку ў медыя. Цяпер тэндэнцыі развіцця літаратурна-мастацкай крытыкі спрыяюць мадэрнізацыі традыцыі, з’яўленню новых фарматаў, з-за чаго крытыка зводзіцца да інтэрнэт-навігацыі ў вялізнай прасторы, прынамсі, сучаснага дыскурсу аб літаратуры. Ёсць тэматычныя блогі, якія могуць весці пісьменнікі, журналісты і нават звычайныя чытачы. Але, на думку даследчыцы, назіраецца камунікатыўная агрэсія, калі чалавек здольны адваяваць пэўны сегмент камунікатыўнай прасторы і назваць сябе экспертам.
Так мяняюцца крытэрыі экспертнасці
Галоўны рэдактар беларускага часопіса «Мастацтва» Ганна Шымялевіч звярнула ўвагу на тое, што пачуць меркаванні кампетэнтных экспертаў дазваляюць спецыялізаваныя выданні: больш за 40 гадоў выходзіць часопіс для людзей, якія цікавяцца высокай культурай...
Але ж 93 гады ў Рэспубліцы Беларусь ёсць газета «Літаратура і мастацтва». Штотыднёвік можна аднесці да ліку спецыялізаваных, але яго з’яўленне было выклікана не столькі патрэбамі пэўнай катэгорыі чытачоў (элітнай часткі), колькі неабходнасцю даць літаратурна-мастацкай тэме дадатковую прастору для абмеркавання. «ЛіМ» у розныя часы меў шырокую чытацкую аўдыторыю, бо адной з задач выдання было далучэнне як мага большай колькасці людзей з розных сфер, розных прафесій да ўзораў высокай культуры, якой на той момант стала цесна на старонках грамадска-палітычных выданняў...
Напрыклад, у газеце «Звязда», якой сёлета 108 гадоў, тэма культуры ад пачатку была адной з галоўных, пры тым, што пасля рэвалюцыі і Першай сусветнай вайны вырашалася шмат надзённых задач. У «Звязду» адразу прыйшлі літаратары са сваімі творамі, кіпелі дыскусіі пра тэатр і выяўленчае мастацтва, захаванне архітэктурнай спадчыны і стварэнне сваёй індустрыі кіно — так ішло актыўнае дзяржаўнае будаўніцтва, якое немагчыма без культурнага грунту.
І пасля з’яўлення «ЛіМа» гэтая тэма ў «Звяздзе» захавалася, бо ў тых, хто тады вызначаў дзяржаўную палітыку, была канкрэтная мэта: узняць чалавека ад зямлі да высокіх ідэалаў (на той час камуністычных, але сам падыход не выключае, што гэтая формула спрацавала б і ў дачыненні да розных ідэй). Проста кожнае з гэтых выданняў мела свой фармат, яны адрозніваліся стылем падачы адных і тых жа тэм. І на старонках «Звязды» засталася якасная і прынцыповая аналітыка творчых працэсаў. Крытыка (як і культура) была часткай грамадскага жыцця, давала людзям адчуць, што яны належаць да адной культурнай прасторы. Нездарма нават у ваенны час, калі «Звязда» выходзіла ў падполлі, з яе старонак словы творцаў натхнялі людзей на перамогу.
Кампенсаторная, гуманістычная, творчая
Паэт, вядучы радыёперадачы «Дыялогі пра культуру» на канале «Культура» і тэлепраграмы «Суразмоўцы» Навум Гальпяровіч згадаў:
— Памятаю час, калі кожная газета давала месца водгукам на літаратурныя творы, распавядала пра кніжныя навінкі, у розных выданнях былі анонсы, што друкуецца ў «ЛіМе». Бо культура павінна быць даступная людзям.
Ці не дзеля іх працуюць пісьменнікі, мастакі, іншыя творцы? Прычым не толькі ў сталіцы, нездарма калісьці ў «раёнках» былі літаратурныя старонкі. І прафесійная, высокая літаратурна-мастацкая крытыка павінна прысутнічаць у нашых масавых выданнях, быць часткай культурнага працэсу, бо менавіта яна дазваляе не знізіць планку якасці. Але калі яна існуе ў абмежаванай спецыфічнай прасторы, то адкуль звычайны чалавек даведаецца, што цікавага з’яўляецца ў літаратуры ці мастацтве, на што варта выдаткоўваць свой час? Гэта тычыцца не толькі жыхароў сталіцы, але і рэгіёнаў, якія павінны ведаць і разумець, што ствараецца ў краіне, — вось праява далучанасці да нацыянальнай культуры, увагі да яе. Я маю на ўвазе людзей розных пакаленняў, бо для кожнага можна знайсці свой сродак камунікацыі і фармат. Ведаю гэта як журналіст, які ў «Белтэлерадыёкампаніі» адпрацаваў больш за 40 гадоў. Ідэя праграмы «Суразмоўцы» ўзнікла з разумення, што ў нас многа цікавых людзей, з якімі можна весці змястоўныя гутаркі.
Людміла Саянкова-Мяльніцкая падсумавала сказанае думкай філосафа, культуролага і сацыёлага Арнольда Тойнбі, што заўсёды ёсць тры найбольш важныя спектры ў сацыяльным вывучэнні — палітыка, эканоміка і культура.
І менавіта культуру ён называў крывёй і лімфай цывілізацыі, дзяржавы, грамадства. Калі на гэтую частку не звяртаць увагі, то арганізм будзе функцыянаваць незбалансавана. Гэта жыватворныя токі, што падтрымліваюць быццё.
Ларыса ЦІМОШЫК