Пра знакамітага мастака Фелікса Гумена складана сказаць нешта новае: увагай мастацтвазнаўцаў, крытыкаў і публікі яго мастацтва не абдзелена, а да творчай спадчыны акварэліста музеі звяртаюцца рэгулярна. Гэтым разам дзякуючы праекту Нацыянальнай бібліятэкі ў мінскай публікі і гасцей сталіцы ёсць магчымасць чарговы раз ацаніць майстэрства родапачынальніка Віцебскай школы акварэлі.
«Акварэль — маё жыццё» — на такой назве спыніліся арганізатары рэтраспектыўнай выстаўкі Фелікса Гумена, якая адкрылася ў галерэі «Лабірынт», каб стаць напамінам пра дзень нараджэння мастака: яго Фелікс Фёдаравіч адзначаў 28 сакавіка.
Творца нарадзіўся ў 1941 годзе ў далёкім ад нас сяле Кальцова Кумарскага раёна Амурскай вобласці, аднак асаблівасці працы бацькі — ваеннаслужачага-пагранічніка — не давалі сям’і, у якой рос будучы мастак, затрымацца надоўга на адным месцы. Аднак, лёс усё ж спыніў Фелікса Гумена ў Віцебску: там ён атрымаў адукацыю (вучыўся на мастацка-графічным факультэце педагагічнага інстытута імя С. М. Кірава, які сёння называецца дзяржаўным універсітэтам імя П. М. Машэрава), стаў педагогам і рэалізаваўся не проста як таленавіты аўтар — яшчэ і партрэтыст горада і гараджан. Не стала мастака 14 студзеня гэтага года.
Віцебск і Віцебшчына ў творчасці Фелікса Гумена — тэма значная. На паперу асаблівасці краю, які стаў родным для акварэліста, перанесены беражліва, з увагай да дэталяў.
А галоўнае, захаваны характар асобных мясцін і дыханне часу. Вылучаем у экспазіцыі, напрыклад, творы «Перадсвітальны час. Ушачы» і «Старыя Ушачы» (1998) і счытваем настрой горада, асаблівасці яго нораву.
Тым не менш мастак быў адкрыты вялікаму свету і любіў вандраваць. Уражанням ад сузірання далёкіх краявідаў пры-
свечана яшчэ адна частка выстаўкі, у якую ўвайшлі матэрыялы з пленэраў. Тут можна ўбачыць работы, якія адлюстроўваюць музей-запаведнік Васіля Паленава і серыі твораў, натхнёныя Тарусай, віды Масквы, Санкт-Пецярбурга, Растова Вялікага,
Казані, Ізборска... Вынікі назіранняў падчас падарожжаў па некаторых еўрапейскіх гарадах таксама істотныя для праекта ў Нацыянальнай бібліятэцы. Да таго ж дзве названыя часткі экспазіцыі злучаюцца паміж сабой шматлікімі нацюрмортамі...
На адкрыцці выстаўкі твораў Фелікса Гумена выступілі намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Віктар Пшыбытка, выпускнікі віцебскага «худграфа» Уладзімір Шаппо і Віктар Данілаў, навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Дар’я Карпейчык. Таццяна Гумен, удава мастака, суарганізатар яго выставак, падзялілася ўспамінамі пра Фелікса Фёдаравіча і перадала ў фонд галоўнай кніжніцы краіны некалькі акварэльных работ майстра.
Выстаўка Фелікса Гумена «Акварэль — маё жыццё» будзе працаваць у галерэі «Лабірынт» да 15 лістапада.
Яўгенія ШЫЦЬКА