Top.Mail.Ru

Экспазіцыя, прысвечаная культуры пасмяротных масак, працуе ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа да канца верасня

Аўтар: Яўгенія Шыцька
28.08.2025 | 07:00

Да пасмяротных масак як асобнага кірунку мастацтва многія ставяцца насцярожана. Тым не менш старажытнае майстэрства працягвае існаваць: неабыякавыя да яго і скульптары, і гледачы, пра што сведчыць апроч іншага асаблівая ўвага апошніх да арыгінальных экспанатаў, якія ўваходзяць у экспазіцыі розных музеяў свету. Хоць, дарэчы, часта пасмяротныя маскі рабіліся не з мэтай далейшай дэманстрацыі — неабходнасць гіпсавых злепкаў тлумачылася тым, што яны дапамагалі мастакам падчас пазнейшага стварэння скульптурных партрэтаў. 



У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, безумоўна, ведаюць пра цікаўнасць публікі да змрочнага віду скульптуры. Тут нават ёсць свая традыцыя — да Дня памяці класіка прадстаўляць яго пасмяротную маску, якую ў 1956 годзе зрабіў Заір Азгур. А сёлета ў музейшчыкаў узнікла ідэя стварыць выстаўку з адпаведнымі выявамі пісьменнікаў, мастакоў і музыкантаў. У выніку была арганізавана невялікая часовая экспазіцыя «Жахлівая прыгажосць». Створана яна намаганнямі супрацоўнікаў Коласаўскага музея, а таксама Нацыянальнага мастацкага музея, Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, Бягомльскага музея народнай славы і Мемарыяльнага музея-майстэрні Заіра Азгура. Ёсць таксама экспанаты з прыватных збораў Таццяны Бембель і Алены Сінькевіч. 

Так, цэнтральнае месца на выстаўцы «Жахлівая прыгажосць» належыць знакамітаму пасмяротнаму партрэту Якуба Коласа. У 1980 годзе яго стваральнік Заір Азгур разам з Іванам Міско працаваў таксама над злепкам, знятым з твару Петруся Броўкі. Побач з гэтай работай — выява Уладзіміра Караткевіча (памёр у 1984-м) з калекцыі пляменніцы пісьменніка Алены Сінькевіч. Аўтарам стаў Рыгор Імбра, які ў 1960 годзе стварыў і пасмяротную маску Уладзіславы Луцэвіч. 

У 1944 годзе Андрэю Бембелю давялося стварыць пасмяротную маску Кузьмы Чорнага (у экспазіцыі яна знаходзіцца побач з маскай невядомага, імя мастака таксама не захавалася). А ўжо ў 1986 годзе нехта (імя асобы да нас не дайшло, магчыма, з той прычыны, што не кожны скульптар жадае даводзіць да агульнага ведама такі напрамак сваёй дзейнасці) стварыў злепак, зняты з твару Андрэя Ануфрыевіча... Экспанат прапанавала для выстаўкі яго ўнучка Таццяна Бембель. Побач — пасмяротная маска Нестара Сакалоўскага невядомага аўтара... 

Крыху выбіваецца ў экспазіцыі перадсмяротны бюст славутага нямецкага мастака і пісьменніка Эрнста Барлаха (1870–1938) з фондаў НММ. Аўтар Марга Бёмер, выбранніца героя скульптуры, даглядала яго, калі той быў хворы, і ў 1937 годзе стварыла работу. Як твор трапіў у Беларусь, пакуль загадка. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю