«Успаміны — гэта рэканструкцыя. Мозг не аднаўляе мінулае, а кожны раз нанова збірае яго з ключавых фрагментаў, замяшчаючы страчаныя дэталі. Сон — гэта рэканструкцыя. Ноччу свядомасць разбірае дзённыя ўражанні на часткі і збірае іх у новыя сюжэты, правяраючы сувязі і ствараючы сэнсы з абломкаў памяці і неўсвядомленых вобразаў. Мастацтва — гэта рэканструкцыя. Мастак бярэ асколкі рэальнасці і асабістага вопыту, каб стварыць новы цэльны свет, які глядач выкарыстоўвае як падставу для зборкі ўласных успамінаў і пачуццяў...».
Гэтыя словы з эксплікацыі даюць наведвальніку выстаўкі Ві Богуш у «Арт-Фабрыцы» магчымасць знайсці арыенціры ў свеце, выбудаваным мастачкай. У цэнтры яе ўвагі — тры формы так званых рэканструкцый: памяць, сон і мастацтва. Аўтар ступае на тэрыторыю суцэльнай умоўнасці і вяртаецца са своеасаблівага падарожжа з назапашанымі цягам пэўнага часу сімваламі і метафарамі.
З іх дапамогай і вядзе дыялог з гледачом на тэму таго, як мы падобна ўспрымаем мінулае і сучаснасць.
Ві Богуш быццам спрабуе паказаць тое, што здольна аб’яднаць розных людзей, нягледзячы на асабістыя адрозненні — унутраны пошук, сумненні і недавер у адносінах да сябе і мінулага. На гэтай зыбкай глебе гледачу прапанавана знайсці неабходныя тлумачэнні і атрымаць асалоду ад убачанага, абапіраючыся на ўласны пачуццёвы вопыт і візуальны густ. Знаёмства з творамі мастачкі не патрабуе асаблівай падрыхтаванасці. Аднак без засяроджанасці і, галоўнае, душэўнай адкрытасці, эмацыянальнага далучэння, выкліканага вялікай прыхільнасцю да творчага метада аўтара, тут немагчыма.
Мастачка займаецца жывапісам акрылавымі фарбамі на палатне. Архітэктар-дызайнер, магістр дызайну архітэктурнага асяроддзя, яна і ў выяўленчым мастацтве захапляецца дасягненнямі чалавецтва ў галіне дойлідства, што не перашкаджае апяваць прыгажосць свету прыроды. Такім чынам і ўзнікаюць сюжэты, якія нагадваюць падгледжаныя сны ці пераказ уласных. Аднак ёсць на выстаўцы «Рэканструкцыя» і менш арыгінальныя работы — у іх зноў жа выказваецца любоў да архітэктуры, толькі звыкла для гледача і, можа, нават больш пяшчотна з боку Ві Богуш. Гаворка, апроч іншага, ідзе пра будынак, у якім сёння месціцца «Арт-Фабрыка»: мы бачым не толькі вонкавы выгляд гістарычнай пабудовы Мінскай фабрыкі-кухні («Фабрыка» 2026), але і калідоры сучаснай галерэі, зафіксаваныя падчас падрыхтоўкі да чарговай выстаўкі («Узровень», 2026).
Матэрыялы Яўгеніі ШЫЦЬКІ
Фота аўтара