У 2024 годзе фестываль аб’яднаў юных мастакоў з Рэспублікі Беларусь, Расійскай Федэрацыі і Кітайскай Народнай Рэспублікі. Выставачная і конкурсная дзейнасць праекта спрыяе наладжванню новых творчых сувязей, абмену вопытам паміж вучнямі і педагогамі мастацкіх школ.
Можна пазнаёміцца з работамі пераможцаў фестывалю, якія прадстаўлены 35 школамі з розных гарадоў: Лагойск, Нясвіж, Барысаў, Чэрвень, Смалявічы, Пінск, Маладзечна, Ліда, Жодзіна, Слуцк, Брэст, Магілёў, Мачулішчы, Краснасельск, Ваўкавыск, Салігорск, Мазыр, Астравец, Стоўбцы, Столін, Гродна, Наваполацк, Сямёнаў, Запарожжа, Ланьчжоў (правінцыя Ганьсу). У экспазіцыі прадстаўлены работы вучняў розных узроставых катэгорый: 6–10, 11–13, 14–17 гадоў.
Тэматыка конкурсу — у яго назве. Юныя творцы адлюстравалі складнікі шчасця: сям’я, сябры, хобі, школа, хатнія жывёлы, родныя пейзажы, фантастычныя мары і шмат іншага. Вачыма сучасных дзяцей можна паглядзець на навакольны свет і знайсці для сябе нешта новае. З узростам жыццёвыя прыярытэты і каштоўнасці мяняюцца, аднак яркія дзіцячыя эмоцыі, першыя зацікаўленасці і першыя сябры застаюцца ў памяці назаўжды.
Прадстаўлены жывапісныя і графічныя работы, выкананыя ў розных жанрах і стылях. Сярод мастацкіх кірункаў у дзіцячай творчасці пераважаюць рэалізм, абстракцыянізм, экспрэсіянізм і анімалістыка. Творцы працуюць у традыцыйных жанрах: партрэт, пейзаж і нацюрморт.
Тэматычна работы можна падзяліць на некалькі катэгорый: родныя мясціны, сяброўства, сям’я і хобі. Нягледзячы на распаўсюджанае сёння меркаванне, што дзеці цікавяцца толькі мабільнымі тэлефонамі і віртуальнай рэальнасцю, на выстаўцы «Свет, у якім я жыву...» можна заўважыць, што юныя творцы маюць багатую фантазію, любяць прыроду, яе насычаныя фарбы. У адлюстраванні прыроды мастакі звяртаюцца да розных пор года і кожную з іх спрабуюць паказаць па-рознаму. Тут не знойдзеш падобных работ — усе дэманструюць творчую індывідуальнасць аўтараў. Карціна Любові Кузняцовай «Мая зімовая прагулка» (педагог Наталля Ахмедава) праз яркія агеньчыкі і загадкавасць снежнай завеі трансліруе казачны зімовы настрой, які часта можна ўбачыць у навагодніх мультфільмах. Супрацьстаіць ёй твор Веранікі Валадзько «Зіма за акном» (педагог Алена Карповіч), дзе халодная пара паказана шэрай і сумнай, і толькі яркія чырванагрудыя снегіры і жоўтае полымя свечкі надаюць рабоце ўтульнасці. Такім жа настроем напоўнены графічны твор Ульяны Воврык «Сумны вечар» (педагог Вольга Жук).
Гарадскі пейзаж у розныя поры года можна ўбачыць у творчасці Аляксандры Пінчук («Восень у маім горадзе», педагог Ірына Вялюга), Ганны Курносенка («Вулачка майго горада», педагог Ірэна Зянько), Варвары Чакмаровай («Адзіноцтва ў вялікім горадзе», педагог Людміла Арлова) і інш.
Многія юныя мастакі звяртаюцца да фантастычных элементаў, чараўніцтва і цудаў. Некаторыя работы можна аднесці да кірунку cюррэалізм (дыптых Меланіі Хамраевай «Cвет творчасці», «Сонейка чырвонае» Дзіяны Бяляўскай, «Палёты ў сне» Вікторыі Богда і інш.).
Галоўным героем анімалістычных (і не толькі) твораў з’яўляецца кот. Вобраз каточка-сябра прысутнічае як на вясёлых, яркіх карцінах, так і на сумных графічных творах. Здаецца, гэта важная частка жыцця маленькіх мастакоў, без якой не абыходзіцца ніводная творчая ідэя. Кот у работах канкурсантаў можа быць як галоўным героем, так і атмасферным дадаткам, які падыходзіць пад любы настрой. Напэўна, сапраўдную дзіцячую мару адлюстравала ў сваёй рабоце «Я і мае сябры» Варвара Фаўстава (педагог Алена Белая). У цэнтры кампазіцыі — маленькая дзяўчынка на зялёным лужку ў атачэнні вялікай колькасці рознакаляровых коцікаў.
Вылучаюцца работы вучняў з Кітайскай Народнай Рэспублікі. Творы, прадстаўленыя ў экспазіцыі, выкананы ў традыцыйнай кітайскай тэхніцы чорнай і каляровай тушшу. Мастакі Паднябеснай паказалі міфалагічныя сімвалы, прыгожыя краявіды і адлметнасць
каліграфіі.
Праект працуе да 19 лютага.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА