Некалькі дзён у сценах установы адукацыі гучалі народныя песні ў выкананні больш як 40 удзельнікаў розных узроставых катэгорый, якія прыехалі з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама з Санкт-Пецярбурга і Краснадара. Мерапрыемствы фестывалю праходзілі пры падтрымцы Упраўлення культуры Мiнгарвыканкама, Беларускага саюза кампазiтараў і Беларускага саюза музычных дзеячаў.
У склад журы на чале з Леанідам Захлеўным, мастацкім кіраўніком ансамбля народнай музыкі «Бяседа», народным
артыстам Беларусi, увайшлі: Жанна Вінаградава — выкладчык сольных народных спеваў Санкт-Пецярбургскага музычнага вучылішча імя М. П. Мусаргскага; Кіра Славінская — выкладчык вакальна-харавых дысцыплiн, старшыня цыклавой камісіі «Народны хор» Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі; Уладзiмiр Зяневіч — мастацкi кіраўнік ансамбля «Грамнiцы», прафесар кафедры беларускай народна-песеннай творчасці і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў; Анастасiя Воранава — салiстка Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча.
Фестываль-конкурс народнай песнi «Агмень» прысвечаны выдатнаму дзеячу культуры, кампазiтару, харавому дырыжору Аляксандру Рашчынскаму (1949–2016), які ўсё сваё творчае жыццё плённа працаваў на карысць Беларусі.
Аляксандр Уладзіміравіч, вучань Яўгена Глебава, у 24 гады заснаваў першае ў краіне аддзяленне «Народна-харавыя спевы» ў вучылішчы імя Глінкі. З гэтай установай звязаны асноўны перыяд творчай дзейнасці кампазітара. Яго настаўніцкі талент ні ў чым не саступаў музычнаму. Больш за 35 гадоў ён выконваў абавязкі загадчыка аддзялення, кіраўніка хору, настаўніка па дырыжыраванні, апрацоўцы і аранжыроўцы народных песень і выхаваў больш за 40 прафесіянальных дырыжораў. Аляксандр Рашчынскі прызнаваўся: «Праз беларускую песню я ўсведамляю сябе часткай народа... Для мяне фальклор не проста „народная творчасць“, ён — фiласофiя, светапогляд беларускага народа, да якога я належу».
Збіральнік фальклору Аляксандр Рашчынскі здзейсніў не адну творчую экспедыцыю. Ім зроблена больш за 400 апрацовак беларускіх народных песень. Рашчынскі быў перакананы ў тым, што ў аўтэнтычным выглядзе фальклор не будзе зразумелы цалкам, таму да аранжыровак падыходзіў вельмі адказна.
Адкрыў фестываль народны хор «Бліскавіца» каледжа iмя Глiнкі — стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, лаўрэат міжнародных i рэспублiканскiх конкурсаў (мастацкі кіраўнік Ганна Мілавідава, кіраўнік музычнай групы Яўген Мароз). У яго выкананні прагучалі беларускія народныя песні ў апрацоўцы А. Рашчынскага «Ой, у татачкi» і «Туман-матушка».
Удзельнікаў імпрэзы прывітаў старшыня дырэкцыi фестывалю-конкурсу «Агмень» і гарадской метадычнай секцыi па харавых дысцыплiнах, дырэктар каледжа Аляксей Снітко, які адзначыў: «Падчас вучобы ў каледжы мне пашчасціла бачыць працу Аляксандра Рашчынскага. Яго добрае, бацькаўскае стаўленне да нас заўсёды натхняла. Творчая дзейнасць Аляксандра Уладзіміравіча — гэта цэлая вяха ў гісторыі апрацоўкі беларускай народнай песні. Валодаючы ўнікальнымі тэхнікамі, ён рабіў апрацоўкі песень, якія ведалі толькі ў тых мясцовасцях, дзе яны выконваліся і перадаваліся з пакалення ў пакаленне».
Ва ўрачыстай цырымоніі закрыцця фестывалю прынялі ўдзел пераможцы конкурсу. Музычнымі падарункамі для слухачоў сталі беларускія народныя песні «Ігралі-свяцілі» (апрацоўка А. Крамко) у выкананні навучэнкі МДМК імя М. І. Глінкі Кіры Будзіч (выкладчык — Анастасія Воранава, канцэртмайстар — Яўген Мароз) і «Як пайду я дарогаю» (апрацоўка А. Кашпура) у выкананні Ксеніі Лук’яненкі, студэнткі БДУКМ (выкладчык — Ларыса Снапкова, канцэртмайстар — Вадзім Швед). Аўтэнтычная манера выканання песні «Сыжу сокочу» пераможцы фестывалю Алены Букач (г. Кобрын) амаль зачаравала слухачоў. Уладальнікам Гран-пры стаў Аляксандр Морус, які выканаў песню «Служыў я ў пана» (дзіцячая школа мастацтваў г. Кобрына, настаўнік — Наталля Буневіч, канцэртмайстар — Таццяна Пакалюк).
Наталля КАРДАШОВА
Фота даслана аўтарам