Top.Mail.Ru

Фотахроніка і гісторыя ветракоў Беларусі — забытых асілкаў народнай архітэктуры

15.10.2025 | 11:00
Млын часу

Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрашае на часовую экспазіцыю з фондаў Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту «Забытыя асілкі зямлі беларускай», прысвечаную млынам.

Яшчэ сто гадоў таму вясковы пейзаж было цяжка ўявіць без ветракоў: яны стаялі на ўзгорках (адзін ці некалькі) і служылі арыенцірамі для падарожнікаў, збіралі вакол сябе жыхароў навакольных вёсак. Гісторыя асобных млыноў сведчыць аб тым, што ў пачатку ХХ стагоддзя іх гаспадарамі былі простыя сяляне, жыццё і матэрыяльны дабрабыт якіх залежалі ад работы ветрака. У Беларусі ветракі атрымалі шырокае распаўсюджанне ў ХІХ стагоддзі — значна пазней за вадзяныя млыны. Развіццё таварнай гаспадаркі штурхала памешчыкаў будаваць новыя ветракі, бо вадзяных не хапала. Так, калі ў Мінскай губерніі ў 1800 годзе ветракоў было толькі сем, то ў 1840-м іх колькасць дасягала ўжо 315 адзінак.

У 1930-я гады ў выніку калектывізацыі млыны перайшлі ў калгаснае карыстанне, многія былі пазбаўлены крылаў і пераабсталяваны пад электрацягу. Хоць у 1950–1960-я гады на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі яшчэ многія ветракі, аднак з развіццём прамысловай вытворчасці мукі іх выкарыстанне значна скарацілася. 

Рабочай групай Беларускага дзяржаўнага музея архітэктуры і побыту ў 1980-я гг. была арганізавана экспедыцыя па Беларусі, мэта якой — пошук аб’ектаў для перавозу на тэрыторыю музея. Супрацоўнікамі фіксаваліся помнікі народнай архітэктуры, сярод якіх асабліва вылучаюцца шматлікія млыны з Клецкага, Нясвіжскага, Іванаўскага, Пружанскага, Свіслацкага, Мядзельскага, Хоцімскага, Касцюковіцкага, Хойніцкага і іншых раёнаў. На жаль, большасці з іх ужо не існуе, аднак тры аб’екты атрымалі «другое жыццё» ў музеі. У фондах захоўваецца калекцыя негатываў з этнаграфічных экспедыцый тых часоў, і сёння ў наведвальнікаў ёсць магчымасць азнаёміцца з унікальнымі фотаматэрыяламі, якія дэманструюць тэхнічны стан і захаванасць ветракоў на момант іх фіксацыі, а таксама даюць уяўленне аб велізарным аб’ёме работы, што была зроблена папярэднікамі для захавання помнікаў драўлянага дойлідства.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю