Дублёнка і свабода рухаў
Камізэлька з штучнай дублёнкі — сапраўдны хіт сезона. У гэтым годзе дызайнеры прапанавалі больш вытанчаную версію, якая ідэальна падыходзіць для любога тыпу фігуры і дадае вобразу нотку разняволенасці. Спалучайце такую камізэльку з шырокімі чорнымі джынсамі і ўтульным бэжавым світэрам з мяккай воўны.
Вязаная сімфонія і джынсавая класіка
Вязаная камізэлька — увасабленне стылю і арыгінальнасці. Гэтая рэч здольная ператварыць любы базавы камплект у нешта асаблівае і запамінальнае. Выбірайце мадэлі з яркімі каляровымі матывамі або насычаных адценняў і камбінуйце іх з класічнымі сінімі джынсамі прамога крою.
Багемны шык з футравым акцэнтам
Вяртанне боха-шыку з яго характэрнымі элементамі з 2000-х зрабіла камізэлькі асабліва папулярнымі. Падобныя мадэлі, якія спалучаюць у сабе багемную натуральнасць і элегантнасць, ідэальна падыходзяць для стварэння вобразаў у стылі хіпі. Дапоўніце такую камізэльку джынсамі клеш, лёгкай белай блузай з рушамі і зручнымі чаравікамі з трохкутным мысам, каб стварыць эфектны вобраз.
Палоска і элегантная жаноцкасць
Не варта абмяжоўваць універсальнасць цёплых камізэлек, мяркуючы, што яны спалучаюцца толькі з паўсядзённымі рэчамі. Эксперыментуйце! Паспрабуйце камбінаваць паласатую вязаную камізэльку з доўгай струменістай спадніцай з атласнай тканіны. Дапоўніце камплект простай белай футболкай або лонгслівам.
Офісны шык з ноткай інтэлектуальнасці
Стыль «бібліятэкарка» па-ранейшаму ў трэндзе, ён даказвае, што дзелавы вобраз можа быць не толькі строгім, але і цікавым. Зрабіце стаўку на вязаную камізэльку ў рубчыкі, дапоўніце беласнежнай кашуляй і класічнымі лоферами з белымі шкарпэткамі — гэты вобраз падыдзе не толькі для офіса, але і для моднай вечарынкі: яго ўжо прымерылі на сябе многія знакамітасці.
Вытанчанасць і дзёрзкасць
Яшчэ адзін спосаб стылізаваць цёплую камізэльку ў рубчыкі — гэта спалучэнне яе з вытанчанай спадніцай. Выбірайце скарочаную камізэльку, надзеньце яе на белую кашулю свабоднага крою і дапоўніце скураной спадніцай-мідзі і элегантнымі туфлямі на абцасе. Такое адважнае спалучэнне фактур і стыляў створыць непаўторны і запамінальны вобраз.
Камфорт ва ўмовах непагадзі
Халоднае надвор’е — не падстава адмаўляцца ад камфорту і стылю. Падшываная камізэлька з капюшонам — ідэальнае адзенне для стварэння прыгожых і практычных гарадскіх вобразаў. Спалучайце яе з міні-сукенкай і высокімі каўбойскімі ботамі, каб не толькі пачувацца камфортна, але і выглядаць модна.
Шматслойнасць і гульня кантрастаў
Скарочаная падшываная камізэлька ідэальна падыходзіць для стварэння шматслойных вобразаў. Паспрабуйце надзець яе на чорную сукенку-кашулю з атласа. Дадайце кантрасную спадніцу ў стылі боха і эфектныя боты на высокім абцасе, каб стаць сапраўднай зоркай.
Марыя АСМАЛОЎСКАЯ