Top.Mail.Ru

Калядныя сюжэты на палотнах Віктара Барабанцава

Аўтар: Яўгенія Шыцька
26.12.2024 | 10:02

Зімовыя пейзажы і калядныя сюжэты — тое, што склала новую выстаўку Віктара Барабанцава ў Нацыянальнай бібліятэцы. «Зімовыя дзівосы» — такую назву носіць эспазіцыя жывапісца, ад якой публіка можа атрымаць асалоду ажно да 2 сакавіка. Некалькі дзясяткаў работ, створаных на працягу апошніх 30 гадоў, размясцілі ў галерэі «Ракурс» кніжніцы.


Віктар Барабанцаў — з тых мастакоў, якія не імкнуцца выказаць свой боль і занепакоенасць у жывапісе, не ўздымаюць праблемы, якія хвалююць грамадства. Так, у мастака ёсць шэраг работ, прысвечаных трагедыі Чарнобыля, сустракаюцца ў яго творчасці і карціны, у якіх заўважны смутак аўтара, неабыякавага да мінулага і сучаснасці сваёй краіны. Аднак гэта хутчэй выключэнне. 

Мастак, які, відавочна, любіць Беларусь, у жывапісе захапляецца яе жыхарамі — у большай ступені вяскоўцамі ці насельнікамі невялікіх гарадоў, іх побытам, ладам жыцця. Хараство прыроды і архітэктурная спадчына, якая засталася ад продкаў, вабяць мастака не меней — усё гэта вынікае ў тым ліку з твораў на выстаўцы «Зімовыя дзівосы», якія дазваляюць зрабіць высновы аб любімых сюжэтах жывапісца, кампазіцыях, якія той упадабаў, уяўленнях аб прасторы і часе. Так, ён засяроджаны на не такім ужо далёкім мінулым: тая ж зімовая вёска ў аўтара заўсёды светлая (а мы ж ведаем, якія зімы ў Беларусі апошнія гады), людзі часта ў яркай вопратцы (многія творы сапраўды прысвечаны святочным зімовым дням, аднак нават будзённасць не пазбаўлена сакавітых фарбаў), галоўнае — амаль цалкам адсутнічаюць прыкметы сучаснасці (напрыклад, толькі на адной карціне можна знайсці выяву аўтамабіля — і тое твор адлюстроўвае сталічны праспект (гаворка аб «Праспекце Пераможцаў» 2023 года; галоўны ж сродак перамяшчэння — сані)... Многія палотны — нібы несучасныя святочныя паштоўкі: падкрэсленыя калядны, навагодні настрой, радасць жыцця, гармонія і нават ідылія (і ўсё гэта, зразумела, адпавядае канцэпцыі выстаўкі «Зімовыя дзівосы»). Віктар Барабанцаў не тое, каб прыхарошвае вёску, а ўсяго толькі выбірае для сваіх твораў мясціны, якія тыповыя змены дробных паселішчаў закранулі не цалкам. Сярод такіх мястэчак — Крэва, Ула, Вязынка, Жыровічы... Між тым тут варта ўлічваць і час стварэння работ, бо некаторым ужо больш як 30 гадоў і адлюстраванае аўтарам магло змяніцца ці знікнуць. 

Жывапісец найбольш пераканаўчы ў пейзажы, асабліва калі яму ўдаецца ўхапіць шмат. Месцамі на выстаўцы нават не хапае панарамных карцін, а яны просяцца. Магчыма, Віктар Барабанцаў пазбягае такога фармату з-за нежадання надаваць сваім творам манументальны і да таго ж эпічны характар. Мастак-лірык, ён зацікаўлены найперш у цішы і спакоі, засяроджаны на настроі і пачуццях сваіх герояў, у якіх, напэўна, жадае знайсці і выявіць сябе. 

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю