Top.Mail.Ru

Канцэрт-рэквіем «Кожны трэці» — даніна памяці ахвярам і героям Вялікай Айчыннай вайны

Аўтар: Лізавета Крупянькова
11.04.2025 | 07:00

Сёлета Беларусь і ўвесь свет адзначаюць 80-годдзе Перамогі над фашысцкай Германіяй. Для беларусаў гэта не проста святочная дата, гэта памяць пра гераічную барацьбу, пра вялікую ахвяру нашага народа дзеля светлай будучыні, пра яднанне нацыі, якая змагалася за свабоду і мір на сваёй зямлі. Мінула 80 гадоў, аднак рэха трагічных падзей яшчэ адгукаецца ў нашых сэрцах. А памяць пра гераізм продкаў жыве і натхняе новыя пакаленні на захаванне міру і адзінства.

Доўгі час даследчыкі лічылі, што на тэрыторыі Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны загінуў кожны чацвёрты, аднак знойдзеныя на працягу апошніх гадоў даныя сведчаць аб тым, што Беларусь страціла кожнага трэцяга свайго жыхара. Праз 80 гадоў расследаванне злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікоў яшчэ працягваецца…

Канцэрт-рэквіем «Кожны трэці» ў Палацы Рэспублікі адкрывае шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Асноўная ідэя канцэрта — расказаць пра лёсы простых людзей, аддаць даніну павагі ўсім героям і ахвярам ваенных падзей, прадставіць увазе публікі новыя факты па справе аб генацыдзе беларускага народа. Праект «Кожны трэці» аб’яднае больш як 15 тысяч жыхароў з усіх рэгіёнаў краіны.


Аснова для міру

У першай частцы імпрэзы прадстаўлены даныя пра знішчаныя падчас вайны населеныя пункты Беларусі, пра Герояў Савецкага Саюза, якія нарадзіліся і загінулі на тэрыторыі нашай краіны. Арганізатары мерапрыемства падрыхтавалі рэдкія кадры хронікі, фотадакументы, звязаныя з рознымі перыядамі вайны і пасляваенным часам. Другая частка канцэрта прысвечана тэме адказнасці сучаснікаў за захаванне гістарычнай памяці і традыцый. 

У праграме — добра вядомыя музычныя кампазіцыі савецкага часу і новыя творы сучасных беларускіх аўтараў: Валерыя Шмата, Ганны Сялук, Яўгенія Алейніка, Ганны Благавай і іншых. Паэтычнай асновай канцэрта стаў «Рэквіем па кожным чацвёртым» Анатоля Вярцінскага. Рэжысёрам праекта выступіла мастацкі кіраўнік «Маладзёжнага тэатра эстрады» Уладзіслава Арцюкоўская, аўтары сцэнарыя — Уладзіслава Арцюкоўская, Ганна Сялук. Мерапрыемства арыентавана на шырокую аўдыторыю, музычнае слова знаходзіць водгук у сэрцах дзяцей і дарослых. Мастацкі кіраўнік творчай майстэрні эстраднага мастацтва «Хвілінка» Таццяна Панова расказала, як трэба размаўляць з сучасным пакаленнем на тэму вайны, каб гэта былі не проста словы, а нагода для роздуму.

— Працуючы з дзецьмі ўжо 34 навучальныя сезоны, магу сказаць, што, правільна пабудаваўшы адносіны ў камунікацыі на такую важную тэму — вайны, якую ні мы, ні нашы дзеці не засталі, падыходзім да самага галоўнага — чалавечага выпрабавання душы. Сучаснае пакаленне жыве ў шчаслівай Беларусі, таму вельмі складана растлумачыць трагедыю таго часу без простых і даступных прыкладаў. Канцэртны нумар «Голас мамы» — эмацыянальна напружаны твор, яго трэба ўспрымаць не розумам, а сэрцам. Для таго каб на сцэне гэта выглядала праўдзіва, мы стараліся выкарыстоўваць простыя вобразы, размаўляць на мове дзяцінства. Звяртаючыся да сваіх вучняў, я казала: «Уявіце, сёння таксама паміраюць людзі ў розных абставінах, але ў той жудасны ваенны час многія дзеці пахавалі і свае цацкі». І ў шчырым позірку дзіцячых вачэй я ўбачыла, што мая метафара знайшла водгук, я змагла паказаць тую страту дзяцінства, якая была ў ваеннага пакалення.


Каб расказаць пра вайну, адных слоў недастаткова. Часам нават маўчанне кажа больш за ўрачыстыя прамовы. Танцавальныя нумары канцэрта-рэквіема праз мову цела перадаюць унутраны стан тых, хто прайшоў праз жахі вайны. Галоўны балетмайстар праекта Таццяна Трафімава расказала, як гэта — «танцаваць» вайну:

— Пры падрыхтоўцы праекта я таксама ўпершыню ўбачыла хроніку, з якой нашы гледачы могуць пазнаёміцца на канцэрце-рэквіеме. Падчас усёй пастановачнай работы я ўспамінала гэтыя жудасныя кадры і разумела, што танцы не патрэбны. Патрэбны эмоцыі, пачуцці, каб кожны ўдзельнік разумеў, «пра што» ён танцуе. Самае асноўнае — гэта данесці рухам, танцам тую трагедыю, той сэнс, што нясе ў сябе нумар і ўвесь канцэрт. Важным для нашай каманды было прытрымлівацца мінімалізму, таму што тут не трэба перанасычаць харэаграфію сэнсам. Ён ужо жыве ў кожным жэсце і пасылае моцны імпульс, які гледач адчувае на інтуітыўным узроўні.

Не забываецца

Лірычныя матывы канцэрта, напоўненыя болем і цяжарам перажытых пакут, ажывілі ў памяці многіх гледачоў ваенную гісторыю ўласнай сям’і. Кожны трэці беларус стаў ахвярай жудасных падзей, кожная сям’я страціла кагосьці на полі бою, у сценах канцлагераў, у роднай хаце... Няма чалавека, які не мае гэтай трагічнай сувязі з вайной. Шэраг тэматычных выставачных праектаў, што сталі цікавым дадаткам да насычанай праграмы канцэрта, уваскрашаюць у памяці асабістыя гісторыі.


— Маю матулю ў першыя дні вайны вывезлі ў Германію. Ёй было 17 гадоў. Яна жыла ў Заходняй Беларусі ў Баранавічах, дзе і сустрэла вайну. Везлі іх на эшалонах. Мяне і дагэтуль дрыжыкі бяруць, калі ўспамінаю яе аповеды. Не было ні вады, ні ежы. Многія загінулі на шляху ў Германію. Мама змагла вярнуцца дамоў толькі пасля Перамогі, — успамінае Валянціна Бусел.

Людміла Лабаноўская і Людміла Працько прыйшлі на канцэрт разам. Карціны з фонду Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчынай вайны ажывілі балючыя ўспаміны пра цяжкія выпрабаванні іх сем’яў.

— Мой тата быў партызанам. Яго бацькоў расстралялі, і ён у 14 гадоў разам са старэйшай сястрой далучыўся да партызанскага руху. Прайшоў блакаду, расказваў, як смажылі косткі жывёл і чарвякоў. Пасля вайны застаўся інвалідам — перастаў бачыць на адно вока, — падзялілася Людміла Лабаноўская.

Бацька Людмілы Працько трапіў у канцлагер, дзе прабыў да 1943 года. Падчас адыходу фашысцкіх войскаў палонных перавезлі ў Нарвегію, там ён і сустрэў Перамогу. Пра вайну ў сям’і ніколі не згадвалі. Негалосна яна была пад забаронай. І толькі калі гэтая тэма пачала агучвацца, ён змог адкрыцца і зняць груз з сэрца. Людміла Працько выкладае ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім каледжы. «Заўсёды запрашаю сваіх вучняў на розныя імпрэзы, расказваю пра тэатральныя пастаноўкі, выстаўкі і канцэрты, прысвечаныя вайне. Бо гэта важна памятаць і перадаваць далей, каб моладзь працягвала захоўваць мір, які дастаўся нам так цяжка», — адзначыла жанчына.

Такога ж меркавання прытрымліваецца і Ганна Карэтнікава, якая прыйшла на канцэрт разам з сынам.

— На канцэрт-рэквіем мы трапілі выпадкова, але я вельмі ўсцешана, што тэма вайны не забываецца. Асабліва гэта карысна для падлеткаў, каб яны памяталі і паважалі продкаў. А ў такой велічнай атмасферы, праз мастацтва і дакументальную хроніку ўвесь цяжар вайны, нават пасля 80 гадоў міру, адчуваецца вельмі востра.

Андрэй і Ганна Сіваковы шмат гадоў працуюць у сферы мастацтва. Ён — артыст Белдзяржфілармоніі, яна выкладае ў Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў. Пара прыйшла падтрымаць малодшага сына, які выступае на канцэрце.


— Сёння як ніколі патрэбна гаварыць на гэтую тэму. Асабліва важна прыцягваць маладое пакаленне, бо цяпер яны шмат часу праводзяць у інтэрнэце і сацсетках, і ў гэтым патоку інфармацыі не могуць адрозніць праўду ад хлусні. Падобныя мерапрыемствы падштурхоўваюць падлеткаў да ўласных даследаванняў, да вывучэння гісторыі сваёй сям’і і сваёй краіны, што сёння жыццёва неабходна, паколькі па ўсім свеце мы бачым перапісванне гістарычнай праўды, а гэтага дапускаць нельга.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Фота Лізаветы ГОЛАД і БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю