Top.Mail.Ru

Хто яны ― аўтары-пачаткоўцы?

15.07.2025 | 07:13

Пра поспехі маладых разважае Вольга Рацэвіч.


Маладыя пісьменнікі адыгрываюць важную ролю ў грамадстве, выконваючы некалькі ключавых функцый. Яны і люстэрка, у якім мы бачым сённяшні дзень, і рухальная сіла, што фарміруе будучыню. Маладыя аўтары прыносяць новыя ідэі, свежыя погляды і нестандартныя падыходы да творчасці, што спрыяе развіццю літаратуры і культуры ў цэлым. У Беларусі асноўнай пляцоўкай для самавыяўлення тых, хто толькі ўваходзіць у літаратуру, з’яўляецца часопіс «Маладосць». Пра новае і традыцыйнае на старонках выдання пагутарылі з яго галоўным рэдактарам Вольгай Рацэвіч.

— Ці згодны вы са сцвярджэннем, што «Маладосць» — галоўны першаадкрывальнік імёнаў маладых паэтаў і празаікаў у сучаснай беларускай літаратуры?

— Менавіта з такой мэтай часопіс і быў заснаваны. Вельмі спадзяюся, што цяперашні састаў рэдакцыі спраўляецца з ускладзенай на яе місіяй. 
Штогод у «Маладосці» ўпершыню гучаць імёны каля трыццаці маладых паэтаў і празаікаў. Уражальная лічба! Хто гэтыя аўтары-пачаткоўцы? Па-першае, маладыя людзі, якія даведаліся пра нас ад сваіх настаўнікаў альбо выкладчыкаў, з сацыяльных сетак альбо асабістых сустрэч, і даслалі ўласныя творы ў рэдакцыю. Па-другое, лаўрэаты і ўдзельнікі літаратурных конкурсаў. Рэдактары часопіса адсочваюць вынікі альбо ўваходзяць у склад журы такіх конкурсаў (як прыклад — «Слова Купалы да творчасці кліча», імя Максіма Багдановіча, «Першацвет», «Аўтограф»), а творы пераможцаў некаторых з іх друкуюцца ў «Маладосці» («БрамаМар», імя Міколы Маляўкі сярод маладых паэтаў). Па-трэцяе, удзельнікі літаб’яднанняў і літстудый з усёй краіны. Актыўна супрацоўнічаем з наступнымі: «Роднае слова» — Горкі, «Натхненне» — Магілёў, «Альтанка», «Шчырасць», «Парнас», «Клумба» — Мінск, «ПаэтыКо» — Кобрын, «Рунь» — Валожын, «Пегас» — Мазыр ды інш.

Для прыцягнення ўвагі да часопіса аб’яўляем «свае» конкурсы. Нагадваю, што да 1 снежня працягваецца прыём заявак на ўдзел у літаратурным конкурсе ад часопіса «Маладосць» на найлепшы фантастычны твор. 

Узрост удзельнікаў і аб’ём тэксту неабмежаваныя.

— Ці піша моладзь раманы? Чытачы заўважылі вяртанне на старонкі часопіса прозы ўжо вядомага аўтара Маргарыты Латышкевіч...

— Раман Маргарыты Латышкевіч «Ваўкалакі» мы пачалі друкаваць са студзеня бягучага года і працягнем увесь наступны. Ён заснаваны на беларускім легендарыуме, з элементамі дэтэктыва, містыкі і хорару. На твор ужо звярнулі ўвагу крытыкі, і мы нават маем некалькі водгукаў (і ў «ЛіМе» таксама). 

Наогул, кожны аўтар чакае рэакцыю: крытыку альбо ўхваленне, заўвагу альбо параду. Наўрад ці знойдуцца творцы, якім гэта не важна. Таму заклікаю ўсіх чытачоў выказвацца пасля прачытання твора — на любой зручнай ім платформе ў любым зручным ім фармаце.

— Часопіс традыцыйна ўважлівы да перакладных публікацый. Вы актыўна супрацоўнічаеце з Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэтам... Раскажыце, калі ласка, пра гэтую практыку падрабязней...

— Супрацоўніцтва доўжыцца болей дзесяці гадоў, з 2015-га. Наладжана ў двух кірунках: першы — работа з універсітэцкім гуртком «Пераклад з англійскай мовы на беларускую», другі — прыём студэнтаў у рэдакцыю на практыку, падчас якой яны здзяйсняюць пераклады твораў сусветнай класічнай літаратуры на беларускую мову. Найлепшыя з іх, падрыхтаваныя да друку выкладчыкамі МДЛУ, мы пасля публікуем. Такім чынам чытачы «Маладосці» маюць магчымасць знаёміцца з шэдэўрамі сусветнай літаратуры, часта ўпершыню перастворанымі на беларускую мову. У бягучым годзе будуць апублікаваны пераклады твораў з англійскай, нямецкай, французскай, шведскай і нават японскай моў, а таксама апавяданні сучасных кітайскіх празаікаў.
5_25.jpg

— У традыцыях беларускай нацыянальнай літаратуры заўжды быў зварот да тэмы Вялікай Айчыннай вайны. Ці піша цяпер моладзь пра вайну, пра нашых гераічных продкаў? 

— Мы думалі, як адзначыць гадавіну Вялікай Перамогі, і вырашылі згадаць тых, чыя маладосць прыйшлася на пякельныя 1941–1945 гады. Тых, хто хацеў шчыра кахаць, будаваць сям’ю ды спакойна працаваць, але каму давялося рана пасталець, узяць у рукі зброю і пайсці на вайну. Маладых, адважных і таленавітых, якія пакінулі след на зямлі. Пра іх — матэрыял у № 5 «Маладосці»: «Юнацтва наша — на заставах...». Мы аб’ядналі творы беларускіх паэтаў, якія загінулі ў Вялікую Айчынную, з адказамі нашых аўтараў-пачаткоўцаў на пытанні: ці ведаюць яны гісторыі сваіх родных-франтавікоў і ці захоўваюцца ў іх сямейных архівах «ваенныя» рэліквіі? Такім чынам, перагукваючыся праз 80-годдзе, нашы абаронцы — аўтары і героі твораў — сустрэліся, каб даведацца, што сувязь часоў не перарвалася. 

— Развіццё нацыянальнай літаратуры немагчыма без развіцця айчыннай літаратурна-мастацкай крытыкі, якая ў апошнія дзесяцігоддзі знаходзіцца не ў лепшым становішчы. «Маладосць» спрабуе нейкім чынам далучыць маладых аўтараў да літаратурна-крытычных заняткаў? 

— Для студэнтаў і школьнікаў, якія спрабуюць свае сілы ў напісанні рэцэнзій, мы прыдумалі рубрыку «Вачыма маладых». У асноўным там друкуюцца водгукі на прачытаныя кнігі студэнтаў БДУ — факультэта журналістыкі і філалагічнага. Актыўнае супрацоўніцтва дапамагае падтрымліваць кандыдат філалагічных навук, дацэнт Таццяна Пятроўна Сідарава. 

— Не думалі пра тое, каб найлепшыя часопісныя публікацыі, асабліва ў галіне прозы, выдаваць асобнымі кнігамі?

— Такіх магчымасцей, на жаль, не маем. Аднак магу прывесці некалькі прыкладаў, калі ў выдавецтве «Мастацкая літаратура», у склад якога цяпер уваходзіць часопіс «Маладосць», кнігамі выдадзены творы, папярэдне надрукаваныя ў часопісе. Гэта фантастычная аповесць Марыі Шабанец «Пасланцы Цмока» і зборнік прозы «Цень зоркі: 25 апавяданняў маладых празаікаў», год выдання 2023-і. У часопісе творы друкаваліся раней. А цяпер і ў серыі «Сучасная беларуская літаратура» ўбачыла свет кніга апавяданняў маладых празаікаў — «Вазьмі сваю свяцільню». 

— Цікавіцеся, што адбываецца з маладзёжнай літаратурна-мастацкай перыёдыкай у іншых краінах — у Расіі, напрыклад? 

— Перыядычна гартаю расійскія літаратурныя выданні, цікаўлюся іх тэмамі, аўтарамі і тыражамі. Ведаю, што справы ў іх ідуць куды лепш, аднак тэндэнцыя да зніжэння цікавасці да літаратурнай перыёдыкі ў расійскага чытача падобная да нашай.

— А хто вам асабіста з аўтараў «Маладосці» найболей даспадобы па публікацыях 2024–2025 гадоў?

— Уразілі аповесці з цыкла «Горад» Навума Гальпяровіча. Іх публікацыі пачаліся з аповесці «Горад» у № 2/2022 (цяпер ужо выйшла кнігай), далей былі «Полацкія балады» і «Чырвоны мост» — №№ 6, 12 за 2023 год, «Дзе хлопчык той?..» і «Вось і я...» — № 7/2024 і № 4/2025. 

Усё гэта ўспаміны пра родны горад, дзяцінства, працоўную дзейнасць і станаўленне характару. Пра шлях даўжынёю ў жыццё, які не абышоўся без няўдач, падзенняў і ўзлётаў. Навум Якаўлевіч —чалавек публічны, адкрыты, сам пра сябе шмат расказвае: ва ўласных аўтарскіх і радыёперадачах, мастацкіх творах, нарысах. Аднак ёсць моманты, пра якія вырашыў распавесці зусім шчыра.

— Паступлення якіх твораў у рэдакцыйны партфель «Маладосці» вы найперш жадаеце? 

— Хацелася б атрымаць гадавы агляд маладой беларускай прозы і паэзіі «Маладосці». Таксама вельмі радуюся, калі атрымліваем аповесць альбо раман.

Гутарыў Кастусь ЛЕШНІЦА

 Фота з архіва выдавецтва «Мастацкая літаратура»

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю