Top.Mail.Ru

Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі прапанавала беларускім літаратарам наведаць Пекін і Шанхай

22.10.2026 | 16:27

Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі прапанавала беларускім літаратарам наведаць Пекін і Шанхай, пазнаёміцца з кіраўніцтвам Саюза пісьменнікаў Кітая. Невялікай групай на чале з супрацоўнікам кітайскага пасольства ў Мінску Хань Сяньянам амаль на тыдзень мы ў траіх (Таццяна Сівец, Аляксей Чарота і Алесь Карлюкевіч) выправіліся ў далёкую дарогу... 

Перамовы ў Саюзе пісьменнікаў Кітая 

Сустрэча з кіраўніцтвам Саюза пісьменнікаў Кітая пачалася са знаёмства з Кітайскім музеем сучаснай літаратуры. Маштаб гэтай асветніцкай установы, дзейнасць якой прысвечана вывучэнню, даследаванню літаратуры, што ўзнікла ў Паднябеснай з зараджэннем сацыялістычнага руху, уражвае. Колькасць экспанатаў, сабраных у музеі, — каля 1 000 000 адзінак. Рукапісы, ілюстрацыйны матэрыял, каліграфічныя работы, скульптуры, карціны, прысвечаныя класікам, асабістыя рэчы пісьменнікаў розных пакаленняў... Мы ўбачылі ў музеі прадметы, інфармацыю, што расказваюць і пра тых пісьменнікаў, чые кнігі ў розныя дзесяцігоддзі пабачылі свет у Беларусі, у тым ліку і ў XXI стагоддзі, — Лу Сіня, Ай Ціна, Вэнь Ідо, Сюй Чжымо... Экскурсія магла б атрымацца бясконцай, але нас чакалі ў канферэнц-зале. 

  • Размову пачаў старшыня і сакратар партыйнай групы Саюза пісьменнікаў Кітая празаік і сцэнарыст Чжан Хунсен. Папярэдне пазнаёміўшыся з яго біяграфіяй, мы ўжо ведалі, што ён з’яўляецца аўтарам цэлага шэрага раманаў («Сонца і гадзюка», «Начальнік цэха», «Галоўны суддзя» і іншых), некаторыя з якіх экранізаваны. Творчасць яго адзначана прэміямі «Пяць праектаў», «Лепшы сцэнарыст „Залатога арла“», «Лепшы сцэнарыст» фестывалю «Палёт бусла». Удзел у сустрэчы прынялі член партыйнай групы, сакратар сакратарыята Саюза пісьменнікаў Кітая Чэнь Эрхоў, дырэктар Дэпартамента знешніх сувязяў Саюза пісьменнікаў Чжан Хунбінь, выконваючы абавязкі намесніка дырэктара Кітайскага музея сучаснай літаратуры Ван Цзюнь, галоўны рэдактар кітайскай «Літаратурнай газеты» Лю Цін, галоўны рэдактар часопіса «Народная літаратура» Сюй Цзэчэнь, генеральны дырэктар і галоўны рэдактар Выдавецтва пісьменнікаў Чэнь Таў, галоўны рэдактар сайта «Кітайскія пісьменнікі» Ван Ян. 

Характарызуючы маштаб літаратурнага працэсу ў краіне, Чжан Хунсен, які з’яўляецца і членам Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі Кітая, падкрэсліў, што пісьменніцкая арганізацыя — адначасова ідэалагічны і творчы мост паміж партыяй, урадам і пісьменнікамі, а таксама мост адзінства, які яднае шырокія масы і літаратараў. Саюз па статусе на ўзроўні міністэрства, яго апарат складаецца з 570 супрацоўнікаў (усяго ў Саюзе пісьменнікаў Кітая — 17 648 членаў). Рабочымі органамі творчай арганізацыі з’яўляюцца кніжныя выдавецтвы, літаратурна-мастацкія перыядычныя выданні, літаратурны музей, а таксама Інстытут літаратуры імя Лу Сіня як элітны вучэбны цэнтр для саміх пісьменнікаў. 

— Лічу, што наша сустрэча з’яўляецца своечасовай, — адзначыў Чжан Хунсен, — і праходзіць у сапраўды лепшы перыяд кітайска-беларускіх адносін, калі кіраўнікі нашых дзяржаў Сі Цзіньпінь і Аляксандр Лукашэнка вызначылі стратэгічныя кірункі нашых адносін... І мы бачым відавочную сувязь паміж узроўнем эканамічных і палітычных адносін і цікавасцю да кітайскай літаратуры ў Беларусі, у Мінску. Нам вядома пра дзясяткі кніг кітайскіх пісьменнікаў, выдадзеных у апошнія дзесяцігоддзі на беларускай мове. Уражвае і той факт, што ў Мінску працуе клуб чытачоў кітайскай кнігі. Людзі збіраюцца разам, абмяркоўваюць папярэдне прачытаныя раманы кітайскіх аўтараў — у гэтым, відавочна, выяўляецца шчырая зацікаўленасць Кітаем і яго народам. І гэты клуб працуе ўжо каля чатырох гадоў. Лічым, што добрымі пляцоўкамі зносін з’яўляюцца міжнародныя кніжныя выстаўкі-кірмашы, якія праводзяцца ў Мінску і Пекіне... 

Падзяліўшыся інфармацыяй пра арганізацыйную структуру СП Кітая, кіраўнік творчай арганізацыі звярнуў увагу на тыя сістэмныя, праблемныя пытанні, якія найперш хвалююць Саюз і пісьменніцкую грамаду. У Паднябеснай шырока развіваецца літаратурнаграмадскі рух. Цяжка нават падлічыць, колькі аматараў, акрамя прафесійных пісьменнікаў, працуе з мастацкім словам. Толькі ў лічбавай прасторы кітайскага сегмента інтэрнэта зарэгістравана каля 35 мільёнаў аўтараў сеткавай літаратуры, колькасць чытачоў якой складае каля 350 мільёнаў карыстальнікаў. «Мастацкая літаратура — важная сіла, — зазначыў Чжан Хунсен, — якая ўяўляе сабою шырокі культурны сектар». «На якія пытанні, — падкрэсліў кіраўнік пісьменніцкай супольнасці, — мы цяпер найперш павінны адказаць?.. Як праявіць самабытнасць, уласную годнасць, вывучаючы лепшы сусветны вопыт, прасоўваючы інавацыі? І як заваяваць большую колькасць чытачоў? Мастацкая літаратура — маці ўсіх відаў мастацтва: кіно, тэатра, камп’ютарных гульняў, анімацыі... Як захаваць уплыў на змест розных відаў мастацтва? Ва ўмовах развіцця лічбавізацыі наколькі кітайская літаратура здольная аб’яднаць свае намаганні перад сілай інтэрнэту, часам даволі разбуральнай? І як дамагчыся такога стану прыгожага пісьменства, каб кітайскае мастацкае слова свабодна даходзіла да чытачоў розных краін?..» 

Даволі цікавымі і пазнавальнымі былі выступленні іншых удзельнікаў сустрэчы.

Што выдаваць і якімі прынцыпамі кіравацца? 

З кіраўніцтвам карпарацыі «Кітайская выдавецкая група» мы сустракаліся і сёлета ў верасні ў Мінску. Выдаўцы з Пекіна пабывалі ў беларускіх дзяржаўных выдавецтвах «Мастацкая літаратура» і «Беларусь». Такім чынам, пекінскую сустрэчу ў кастрычніку можна лічыць працягам знаёмства. 

Генеральны дырэктар кітайскай карпарацыі Маа Юаньшэн, яго намеснік Чжан Хун адразу надалі размове канкрэтны дзелавы характар. Удзел у размове, дарэчы, прымалі і іншыя адказныя прадстаўнікі карпарацыі: кіраўнікі выдавецтва «Саньлянь», Выдавецтва народнай літаратуры, Галоўнага выдавецтва кітайскага выяўленчага мастацтва, Выдавецтва народнай музыкі. Што цікава, карпарацыя выдае ў год каля 6 000 назваў кніг. Ва ўсіх структурах карпарацыі працуе каля 7 000 чалавек. Поруч з кніжнымі выданнямі кітайскія калегі выпускаюць і часопісы. А яшчэ ўдзяляюць увагу ўзнаўленню вопыту папярэднікаў, час ад часу вяртаючы праз факсімільныя выданні новаму пакаленню чытачоў ранейшыя, найбольш цікавыя часопісы і кнігі. Друкаваная прадукцыя «Кітайскай выдавецкай карпарцыі» разлічана на чытачоў літаральна ва ўсім свеце, бо мастацкія і публіцыстычныя, навуковыя кнігі выдаюцца на дзясятках розных моў. 

Мы дамовіліся з кітайскімі выдаўцамі аб стварэнні наменклатуры выданняў, якія павінны быць цікавымі чытачам у Беларусі (з кітайскай літаратуры) і чытачам у Кітаі (з беларускай літаратуры). Складанне іх пераліку магчыма з удзелам пісьменніцкай супольнасці, літаратуразнаўцаў, а таксама перакладчыкаў. Ішла размова і аб прадстаўленні беларускаму чытачу на мове Купалы і Коласа класічных кітайскіх раманаў: «Трохцарства», «Рачныя затокі», «Падарожжа на Захад», «Сон у чырвоным цераме». Дарэчы, два з іх — «Трохцарства» і «Сон у чырвоным цераме» пераклаў на рускую мову вядомы кітаіст, ураджэнец Беларусі Уладзімір Андрэевіч Панасюк (нарадзіўся ў Полацку 28 лютага 1924 года; таксама сумесна з В. Суханавым ён падрыхтаваў і выдаў у 1983 годзе «Вялікі кітайска-рускі слоўнік»). 


Найперш кітайскія выдаўцы гатовы даць правы на выданне ў Беларусі грамадска-палітычнай і краіназнаўчай літаратуры. Беларускай дэлегацыі для больш дэталёвага азнаямлення была перададзена падборка кніг, якія ўзнаўляюць гісторыю Кітайскай Народнай Рэспублікі, лёс кітайскага народа ў XX стагоддзі, палітычныя рухі ў Паднябеснай. 

Мы ў сваю чаргу гаварылі пра неабходнасць перавыдання ў новых перакладах класічных твораў беларускай літаратуры. Нагадалі, што блізяцца юбілеі паэтаў Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа. Расказалі пра тое, што кітайскі перакладчык Хань Сяае, які цяпер працуе ў Другім Пекінскім універсітэце замежных моў, завяршыў работу над перакладам вялікага тома твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа. І было б выдатна, калі б гэтая кніга прыцягнула ўвагу аўтарытэтнай міжнароднай карпарацыі «Кітайская выдавецкая група». Таксама Хань Сяае закончыў пераклад на кітайскую мову кнігі «Іголка ў квадраце», зборніка апавяданняў, аўтарамі якіх з’яўляюцца пісьменнікі, якія працуюць у беларускай мастацкай літаратуры на рускай мове. Чаму б не распачаць гэтым выданнем серыю «Сучасная беларуская літаратура ў Кітаі»?.. 

Наступны літаратурны прыпынак — Шанхай 

Надзвычай цікавым атрымаўся і таварыскі дыялог у Шанхаі, куды мы патрапілі хуткасным цягніком. У першы ж дзень нашага знаходжання ў самым буйным горадзе Кітая (насельніцтва Шанхая складае каля 25 мільёнаў чалавек) і прайшла сустрэча з кіраўніцтвам Шанхайскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Кітая. Вёў рэй намеснік старшыні У Цян. Удзел у размове з кітайскага боку прымалі: намеснік старшыні празаік Сюэ Шу, якая з’яўляецца і галоўным рэдактарам падлеткавага і юнацкага часопіса «Расток»; выконваючы абавязкі галоўнага рэдактара часопіса «Шанхайская літаратура» Чжан Дзінхаа; рэдактар Выдавецтва на замежных мовах Ма Цзінь. Перакладчыкам выступіў наш зямляк — літаратуразнаўца Мікіта Баравік, які цяпер вучыцца ў Шанхаі. 

Мы перадалі шанхайскім калегам анталогію твораў ста паэтаў Кітая «Пад крыламі дракона». Гэты праект у свой час быў ажыццёўлены перакладчыкам Міколам Мятліцкім, адзнакай за такую ўнікальную творчую справу стала прысуджэнне Мікалаю Міхайлавічу Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне мастацтва і культуры. А выдаўцом выступіла «Звязда». Істотную падтрымку ў выданні найперш аказала Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (яго тагачасны кіраўнік доктар філалагічных навук Аляксандр Мікалаевіч Гардзей арганізаваў падрыхтоўку падрадкоўнікаў з кітайскіх арыгіналаў добра вядомых паэтычных твораў). Дарэчы, тыраж кнігі з прыгожым афармленнем, запамінальным дызайнам склаў 2500 экзэмпляраў. Такімі тыражамі перакладныя паэтычныя кнігі рэдка выдавалі ў Беларусі і ў ранейшыя дзесяцігоддзі. Вопыт, набыты з першай анталогіяй, прадоўжылі. 


І далей былі зроблены новыя крокі: выдадзены анталогія кітайскай паэзіі XX стагоддзя «Пялёсткі лотаса і хрызантэмы» і вялікі збор паэтычных твораў Ай Ціна «Гімн святлу». Перакладчыкам выступіў ізноў Мікола Мятліцкі. Выпушчаны кнігі пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Згадка пра гэтыя выданні скіравала развагі да стасункаў паэтаў дзвюх краін у наш зусім не паэтычны век. «У Шанхаі на працягу многіх гадоў праводзіцца міжнародны паэтычны фестываль, — расказаў У Цян. — З розных краін свету да нас прыязджаюць паэты і чытаюць свае творы на мове арыгінала. Наладжваюцца стасункі паміж перакладчыкамі паэтычных твораў. У розныя гады ў фестывалі прымалі ўдзел французскі паэт Жан-П’ер Сімяон, лаўрэат Нобелеўскай прэміі нігерыйскі паэт Воле Шайінка, іншыя знакамітасці. Галоўная ідэя фестывалю — аб’яднаць праз паэзію свет і выказаць захапленне жыццёвай сілай кітайскай культуры. У час гэтай імпрэзы ладзяцца паэтычныя чытанні, адбываюцца мастацкія дыялогі, праходзяць літаратурныя дыскусіі. А таксама ўручаецца фестывальная прэмія «Залатая магнолія». 

Выконваючы абавязкі галоўнага рэдактара часопіса «Шанхайская літаратура» Чжан Дзінхаа расказваў пра новыя тэматычныя абсягі ў аповесцях і апавяданнях, у раманах кітайскіх пісьменнікаў. Адным з пытанняў застаецца клопат пра тое, як разглядаць перадачу гістарычных традыцый, як захаваць культурны вопыт папярэднікаў на фоне ўрбанізацыі, якая мяняе ўклад жыцця. Часопіс «Шанхайская літаратура» сёння з’яўляецца адным з мастацкіх лідараў у галіне перыёдыкі. Гартаючы падараванае ў Кітаі перыядычнае выданне «Светильник» (выходзіць у Пекіне на рускай мове), мы заўважылі, што сярод пісьменнікаў, якія карыстаюцца аўтарытэтам у чытачоў у Кітаі і свеце, даволі шмат лаўрэатаў прэмій часопіса «Шанхайская літаратура». У прыватнасці, узнагародамі часопіса адзначаны паэт, доктар літаратуразнаўства Сяа Шуй (прэмія «Новы голас у паэзіі»), празаікі Шы Іфэн, Пан Юй, Цуй Цзюнь і іншыя аўтары. Сярод іх, між іншым, нямала і літаратурнай моладзі. 


Параўнальна кароткае падарожжа ў Кітай было напоўнена і іншымі сустрэчамі. Як у Пекіне — з перакладчыкам Хан Сяае, паэтам і перакладчыкам Ван Цзянчжанам, так і ў Шанхаі — дыскусіяй падчас работы на творчай пляцоўцы ў Цэнтры даследаванняў Беларусі ў Паўднёва-Кітайскім педагагічным універсітэце (між іншым, першым такім цэнтры, які быў створаны ў Кітаі яшчэ ў 2012 годзе; сёння ж такіх цэнтраў у Паднябеснай працуе ажно 14!)... І кожная з сустрэч — ці то з добрымі знаёмымі ці з тымі, з кім давялося ўпершыню гаварыць пра беларуска-кітайскія літаратурныя стасункі, — канешне ж, застанецца ў памяці, а то і падштурхне да новых крокаў у распаўсюджванні ведаў пра беларускую літаратуру ў Кітаі. 

Алесь КАРЛЮКЕВІЧ, Аляксей ЧАРОТА 

Мінск — Пекін — Шанхай — Мінск, 12–17 кастрычніка

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю