Top.Mail.Ru

Класіка набывае новае гучанне

Аўтар: Лізавета Крупянькова
24.06.2026 | 17:18
Чароўныя блікі

У Мемарыяльным музеі-майстэрні З. І. Азгура працуе выстаўка мазаікі «Шкло як жывапіс» навучэнцаў студыі HomoFaber. У экспазіцыі дэ-манструюцца работы, створаныя ў межах курсаў і майстар-класаў. Гэта некласічныя мазаікі са шкла, выкананыя ў розных (у тым ліку аўтарскіх) стылях.

Адметнай рысай выстаўкі з’яўляецца нетыповы для класічных мазаік матэрыял — вітражнае шкло. У адрозненне ад больш звыклага мармуру і каменя, шкло надае мазаічнай кампазіцыі пэўную каляровую экспрэсіўнасць і маляўнічасць. І гэта яскрава прасочваецца ў выбраных творцамі тэмах: акрамя аўтарскіх кампазіцый на выстаўцы можна ўбачыць і мазаічныя інтэрпрэтацыі шэдэўраў сусветнага жывапісу перыяду ХХ ст.

Безумоўна, калі аналізаваць творчасць мастакоў мінулага стагоддзя, першым прэтэндэнтам на аўтарскую мазаічную інтэрпрэтацыю становіцца «Пацалунак» Густава Клімта. Разнастайнасць колераў і адценняў, насычаная палітра, вялікая колькасць дробных дэталей, з якіх складаецца цэласная кампазіцыя — сапраўдны скарб для майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Такой жа думкі прытрымліваецца і Алена Карасцялюк, чыю аўтарскую копію знакамітай карціны можна ўбачыць у экспазіцыі. Вядомы сюжэт у інтэрпрэтацыі мастачкі набывае новыя грані і зусім іншае прачытанне. Магчыма, на гэта ўплывае сам матэрыял — вітражнае шкло, якое дзякуючы сваёй глянцавасці прыўносіць у кампазіцыю асаблівую эфемернасць, а гульня святла на паверхні карціны надае аб’ём. Калі ў жывапісным варыянце фарбы накладваюцца адна на адну, утвараючы адзіную колеравую прастору, то вітражная мазаіка, наадварот, падкрэслівае кожную маленькую дэталь, з-за чаго ўсе фрагменты ў залежнасці ад натуральнага альбо штучнага асвятлення гучаць па-новаму.

Акрамя вядомай работы Клімта на выстаўцы можна ўбачыць аўтарскія копіі карцін Ван Гога («Сланечнікі» — Алена Герасіменка), Анры Маціса («Танец» — Ганна Янушка), Гюстава Маро («Святы Георгій і цмок» — Алена Гурава) і нават дываноў беларускай творцы Алёны Кіш (у інтэрпрэтацыі Алены Герасіменка). Творы ўражваюць добрай прапрацаванасцю дэталей, з-за чаго хочацца даўжэй разглядаць кожны фрагмент, адкрываючы для сябе новыя сэнсы, схаваныя ў фактуры шкла і гульні святла. Гэта не дакладная копія, а самастойнае выказванне мастака, які праз прызму вітражнай тэхнікі пераасэнсоўвае класічныя сюжэты. Канешне, з-за глянцавасці і насычанасці колераў творы страчваюць тое спалучэнне напружання і жывапіснага пераходу, якое першапачаткова было закладзена аўтарам, але гэта не ўплывае на ўражанне ад сучасных інтэрпрэтацый.

Аўтарскія работы таксама радуюць тэматычнай разнастайнасцю. Праз мазаіку творцы адлюстроўваюць прыгажосць роднага горада, прыроды, паглыбляюцца ў свет фантазіі і ствараюць новыя сусветы, якія гіпнатызуюць гульнёй колераў і чароўнымі блікамі вітражоў.

Нельга не сказаць, што большасць аўтараў — не прафесійныя мастакі, а прадстаўнікі самых розных сфер дзейнасці: ад лекара да выкладчыка, ад праграміста да псіхолага, што робіць экспазіцыю яшчэ больш унікальнай і кранальнай. Гэта сцвярджае галоўнае: мастацтва не мае межаў, а творчасць даступная кожнаму, хто хоча дакрануцца да аўтэнтычных відаў мастацтва.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю