Праект «Музычная гасцёўня» пад кіраўніцтвам Таццяны Старчанка ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі прадставіў новую праграму, прымеркаваную да Міжнароднага дня музыкі. На сцэне малой залы імя Рыгора Шырмы прагучалі творы Людвіга ван Бетховена, Франца Шуберта, Георгія Свірыдава, Мікаэла Тарывердзіева, Джузэпэ Вердзі і іншыя.
«Музычная гасцёўня» — гэта ўнікальныя аўтарскія праграмы, у якіх прадстаўлена насычаная палітра музычных жанраў: сольныя інструментальныя канцэрты, камерна-інструментальная, камерна-вакальная і сімфанічная музыка.
Стваральніцай і мастацкім кіраўніком з’яўляецца піяністка Таццяна Старчанка. Яна не толькі выканаўца, але і вядучая, і рэжысёр-пастаноўшчык усіх канцэртаў.
Некаторыя праграмы «Музычнай гасцёўні» — адзіныя ў сваім родзе і існуюць на працягу больш чым 20 гадоў: «Навагоднія сюрпрызы ў Музычнай гасцёўні», «Музыканты жартуюць», «Таццянін Дзень у Музычнай гасцёўні», «Не толькі танга...», «Сугучча».
Упершыню ў Беларусі ўдзельнікамі «Музычнай гасцёўні» былі выкананы канцэрты І. С. Баха для двух, трох і чатырох клавіраў, канцэрт В. А. Моцарта для трох клавіраў, канцэрт для аркестра «Жоўтыя зоркі» І. Шварца, канцэрты для фартэпіяна з аркестрам М. Наймана і беларускага кампазітара А. Літвіноўскага, «Антыфармалісцкі раёк» Д. Шастаковіча, музычная казка М. Тарывердзіева «Кароль-Алень» (сумесна з Дзяржаўным камерным хорам Рэспублікі Беларусь).
«Дзень музыкі ў Музычнай гасцёўні» парадаваў гледачоў насычанай праграмай, куды ўвайшлі і класічныя творы замежных кампазітараў, і музыка савецкай эпохі, і джазавыя апрацоўкі папулярных матываў, і нацыянальныя мелодыі ў сучасным гучанні.
У першым аддзяленні прагучалі творы Рыгора Свірыдава «Зімні вечар» і «Пад’язджаючы пад Іжоры» на словы Аляксандра Пушкіна ў выкананні саліста Вялікага тэатра Беларусі Аляксандра Міхнюка, а таксама музычныя ілюстрацыі да аповесці Пушкіна «Мяцеліца», кампазіцыі Франца Шуберта «Andante con moto», Астора П’яцола «Oblivion» — «Escualo», Людвіга ван Бетховена (версія для «Класік-Джаз трыа» ў апрацоўцы Дзмітрыя Далгалёва), Уладзіміра Цераўскага «Купалінка» (версія для «Класік-Джаз трыа» ў апрацоўцы Дзмітрыя Далгалёва), Джорджа Гершвіна «Плач Сірыны з оперы „Поргі і Бес“» у выкананні заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Таццяны Траццяк, Расціслава Бойка «Лёс жаданы» (на словы Сяргея Ясеніна). Ёсць творы, якія можна пачуць толькі ў «Музычнай гасцёўні». Адна з такіх — п’еса «Старыя фатаграфіі», напісаная канадскім кампазітарам з грэчаскімі каранямі Хрыстасам Хацісам. У гэтым творы маэстра спалучыў матывы праваслаўнага харала, суфійскіх мелодый, джаза, поп-музыкі, аргенцінскага танга і класічнай камернай музыкі.
Калі першае аддзяленне пабудавана на кантрасце класікі, неакласікі і джаза, то настрой другога больш акадэмічны. Адкрыла яго «Пушкін-сюіта» Альфрэда Шнітке (у пералажэнні для 2-х фартэпіяна В. Баравіковай). Оперна-вакальную і камерную класіку прадставілі творы Жоржа Бізэ, Шарля Гуно і Джузэпэ Вердзі: раманс Надзі-ра з оперы «Шукальнікі жэмчугу», арыя Рамэа з оперы «Рамэа і Джульета» і каваціна Леаноры з оперы «Трубадур». Гэты лірычны настрой працягнулі рамансы Тарывердзіева на вершы Уладзіміра Арлова і Уільяма Шэкспіра, а таксама народныя матывы Валерыя Гаўрыліна «Ой, да мяне ходзіць малады Ясенька» з «Аршанскага сшытка». Аднак не абышлося без джазава-тангавых акцэнтаў — «Cierra tus ojos y escucha» П’яцола, беларуская народная песня «Касіў Ясь канюшыну» ў апрацоўцы для «Класік-Джаз трыа» і «Тры танга» Фабіа Хагера.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА
Фота аўтара