Top.Mail.Ru

Коласаўскімі сцяжынкамі…

Аўтар: Ірына Прымак
10.11.2025 | 17:21
Ушанаваць песняра

Сябры Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, прыхільнікі творчасці песняра, маладыя беларускія паэты адправіліся на Стаўбцоўшчыну аддаць даніну павагі Канстанціну Міхайлавічу Міцкевічу.

З нагоды дня нараджэння Коласа спецыяльна прыехалі і госці з-за мяжы — загадчыца Музея Я. Купалы ў Казані Рыма Абызава і прэс-сакратар Музея гаража асаблівага прызначэння Федэральнай службы аховы Расійскай Федэрацыі Алег Воўк-Шаброў. Дэлегацыю, што выехала з Мінска на Стаўбцоўшчыну 1 лістапада, узначальвала дырэктар коласаўскага музея Ірына Мацяс, якая адразу падзякавала ўсім, хто далучыўся (а людзей сапраўды было шмат) да такой значнай падзеі. Сярод усіх падарожнікаў яна выдзеліла Алу Цімафееўну Міцкевіч. «Гэта той выпадак, калі можна з гонарам сказаць пра ўзрост жанчыны, бо з намі ў паездку адпраўляецца нявестка Коласа, жонка яго старэйшага сына Данілы, нягледзячы на свае 95 гадоў». Менавіта Ала Цімафееўна надала гэтай вандроўцы пэўны шарм: яна дзялілася самымі рознымі ўспамінамі, асабліва калі прыехалі ў мемарыяльную сядзібу «Альбуць», з якой шмат звязана ў сям’і песняра. У гэтым прыгожым куточку Беларусі разумееш, чаму Колас так любіў сваю малую радзіму і чаму там натхніўся на стварэнне «Новай зямлі».

Афіцыйныя мерапрыемствы пачаліся ў Стоўбцах, дзе былі ўскладзены кветкі да помніка Якубу Коласу. Ірына Мацяс падзякавала мясцовай уладзе за пашану да класіка, за тое, што ёсць помнік, які з’явіўся ў Стоўбцах да 140-годдзя Коласа. 

Сімвалічна, што каля помніка класіку беларускай паэзіі слова ўзяў і сучасны паэт, рэдактар аддзела паэзіі газеты «Літаратура і мастацтва» Рагнед Малахоўскі. Ён падкрэсліў той факт, што творчасць Коласа — скарб усяго беларускага народа, а вершы песняра гучаць актуальна і цяпер. «Я перакананы, што коласаўская мудрасць, адлюстраваная у яго творачасці, будзе жыць яшчэ шмат гадоў», — заўважыў Рагнед Малахоўскі. 

Хочацца выдзеліць яшчэ аднаго выступоўцу, які прыехаў з Ганцавіч, дзе Колас калісьці працаваў настаўнікам, і гэты досвед яго натхніў на напісанне «На ростанях».

«У нашай вёсцы Люсіна, дзе Колас два гады працаваў настаўнікам, захоўваецца памяць пра гэта ўжо на працягу многіх гадоў, — распавядае Аляксандр Свірыд. — Калі вы пабываеце ў нашых мясцінах, то заўважыце, колькі ў нас зроблена дзеля пашаны Коласа. Яго імя носіць Люсінская школа, дзе створаны коласаўскі музей. У Дні беларускага пісьменства ў Ганцавічах быў адкрыты помнік Якубу Коласу (у 2011-м — аўт. ). А ў месцы, дзе Канстанцін Міхайлавіч сустракаўся з Ядвісяй, ёсць памятны знак».

Праграма вандроўкі была вельмі разнастайная. Гэта і экскурсія па коласаўскіх мясцінах (мемарыяльныя сядзібы «Акінчыцы» і «Альбуць»), ускладанне кветак да бюста Якуба Коласа ў вёсцы Мікалаеўшчына, удалося таксама ўбачыць і мікалаеўскую школу. А фінальным акордам стала святочная праграма «З музыкай да Коласа» ў Старасвержанскім Доме культуры. Кожны музычны нумар радаваў прысутных прыгажосцю народных строяў і душэўным выкананнем. Асабліва расчуліла тое, як са сцэны радкі з коласаўскіх твораў ад усёй душы чыталі дзеці. Адчувалася, што на Стаўбцоўшчыне з малых гадоў прывіваецца любоў і пашана да песняра, які праславіў гэтую зямлю ў сваёй творчасці.

Ірына ПРЫМАК

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю