Top.Mail.Ru

Краіна мары Анатоля Дрыбаса

Аўтар: Яўгенія Шыцька
04.03.2025 | 07:00

На мінулым тыдні ў галерэі «Панарама» Нацыянальнай бібліятэкі прайшло адкрыццё выстаўкі «Краіна маёй мары» Анатоля Дрыбаса, знакамітага майстра, заслужанага журналіста Беларусі, члена Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў, народнага фотаклуба «Мінск», аўтара і суаўтара розных друкаваных выданняў, прысвечаных культурнаму і прыроднаму багаццю краіны. 



Гэтым разам гледачу прадставілі фотаработы Анатоля Дрыбаса, у якіх выяўлены розныя гарады Беларусі. Мэты выставачнага праекта, як бачыцца, — паказаць, як захоўваюцца архітэктурныя помнікі, звярнуць увагу на тое, як змяняецца аблічча старажытных гарадоў, нагадаць пра вялікі турыстычны патэнцыял розных куткоў краіны. Клопату ўлад і гараджан аб родных мясцінах ды іх славутасцях, адлюстраваных таленавітым фотамайстрам, і прысвечана экспазіцыя «Краіна маёй мары», прымеркаваная, між іншым, да Года добраўпарадкавання. 

Анатоль Пракопавіч больш за чатыры стагоддзі вывучае розныя куткі Беларусі і захоўвае свае ўражанні з дапамогай мастацтва фатаграфіі. Гэта рознабаковы аўтар, хоць і абыякавы да партрэтных здымак. Вядомы ён болей як пейзажыст, назіральнік, уважлівы і да прыроднага хараства, і да жыцця людзей, створанага імі асяроддзя. Штогод Анатоль Дрыбас разам з аднадумцамі здзяйсняе невялічкія падарожжы. Так, яго цікавяць не толькі значныя падзеі ў жыцці таго ці іншага рэгіёна, якія звяртаюць на сябе ўвагу грамадства, — фотамастак захоўвае ў сваіх работах найтанчэйшыя перамены ў прыродзе, яе стан і настрой. 

Аднак на выстаўцы «Краіна маёй мары» гаворка ідзе выключна аб гарадскім і паркавым пейзажы, аб адлюстраванні асобных помнікаў архітэктуры, якімі беларусы ганарацца. Майстар скрупулёзна фіксуе назіранні, мае сур’ёзны архіў... На выстаўцы «Краіна маёй мары» прадстаўлены пераважна фотаздымкі абласных гарадоў, зробленыя ў 2020–2025 гг. — У гэтыя кадры ўкладзена шмат працы, — расказаў падчас адкрыцця экспазіцыі Анатоль Пракопавіч. — Аднак гэта вельмі маленькая частка ад усяго архіва, які назбіраўся за 41 год работы фатографам. Спачатку я быў лабарантам-фатографам, але недзе з 2000 года, з пачаткам лічабавай эры, набыў лічбавы апарат і пачаў працаваць як карэспандэнт. 


Дарэчы, сярод работ на выстаўцы — дзевяць панарамных здымкаў, але ў архіве, па словах Анатоля Дрыбаса, налічваецца болей за 500 кадраў, знятых у Мінску, і каля 600 розных пейзажных здымкаў. У аўтара ёсць планы стварыць альбомы, якія б пазнаёмілі публіку з гэтымі панарамамі. Праца ідзе. 

— Вельмі прыемна, што выстаўка праходзіць менавіта ў Нацыянальнай бібліятэцы, — адзначыў намеснік генеральнага дырэктара кніжніцы Віктар Пшыбытка. — Па-першае, выставачная прастора галерэі «Панарама» выдатна падыходзіць для гэтага праекта. Болей за тое, да нас завітвае вялікая колькасць турыстаў, і, я думаю, многія, разглядаючы гэтыя фотаздымкі, знойдуць на іх родныя мясціны. А, па-другое, жыццё Анатоля Пракопавіча, вядома, непарыўна звязана не толькі з фотаапаратам, але і з кнігай. Толькі ў Нацыянальнай бібліятэцы захоўваецца болей чым 400 найменняў дакументаў, у стварэнні якіх удзельнічаў Анатоль Дрыбас. 

Павіншаваць калегу з адкрыццём выстаўкі прыйшлі старшыня Беларускага грамадскага аб’яднання фатографаў Уладзіслаў Рута, член гэтай суполкі, а таксама народнага фотаклуба «Мінск» Аляксандр Рабцэвіч ды іншыя. Член БГАФ, аўтар фотаальбомаў і даведнікаў пра Беларусь, дырэктар Рэспубліканскага фонду развіцця турызму і падтрымкі дзікай прыроды «Планета без межаў» Сяргей Плыткевіч зазначыў:


— Анатоля Дрыбаса вылучае сярод іншых не толькі энцыклапедычны падыход да фатаграфіі, але і працаздольнасць, пра што сведчаць у тым ліку шматлікія кнігі з яго ілюстрацыямі. Для фатографаў ён прыклад. Можна быць таленавітым і мець цікавыя ідэі, але без працавітасці, без ранніх пад’ёмаў і позніх вяртанняў у ложак верагоднасць шматлікіх поспехаў, напэўна, значна памяншаецца. Да таго ж Анатоль Дрыбас — найвыдатнейшы тэхнік. Тое, што здымаюць і іншыя, ён здольны паказаць па-свойму. 

Такія праекты, як «Краіна маёй мары» (з ім можна пазнаёміцца да 20 красавіка), звычайна ўспрымаюцца публікай па-рознаму. Усё залежыць ад вопыту гледача: наведваў ён тыя ці іншыя выдатныя мясціны, бачыў толькі на фотадымках альбо ўпершыню сутыкаецца з іх выявамі. Адчуванні, пачуцці, думкі ў кожным выпадку, безумоўна, розныя. Разам з тым усе назіральнікі сустракаюцца ў адной прасторы, у адзін час — іх фатограф перадаў так, а не іначай. І хочацца любавацца архітэктурнымі дамінантамі, узірацца ў дэталі кампазіцыі, адшукваць і засяроджвацца на самым істотным... Для гэтага не хапае хіба толькі вартага — болей буйнога — фармату друку. Здымкі шаноўнага Анатоля Дрыбаса, бясспрэчна, прадугледжваюць і заслугоўваюць гэтага. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю