Top.Mail.Ru

Крылаты разбойнік

30.10.2025 | 14:06

Недарэмна да шэрага саракушы прывязалася мянушка разбойнік. Празвалі яго так не толькі за чорную пірацкую «маску». Акрамя адпаведнага знешняга выгляду мае птушка зусім не рыцарскія манеры.


Сваю здабычу саракуш не высочвае ў палёце, дзе можна і сіламі, і спрытам памерацца, а падпільноўвае і нападае знянацку. Ся­дзе на верхавіну дрэва, куста, а часцей на сухую галіну, каб больш незаўважным быць, і ціхенька чакае. Толькі хвастом зрэдку трасе ад нецярпення: калі побач пачуецца сярдзітае гудзенне жука ці стракатанне стракоз-верталёцікаў! Не пагрэбае і пястуном гарачага лета – матыльком, а то і маленькай птушачкай.

Калі ўдасца ўхапіць якога зяваку – не абавязкова піраваць пачне, можа і напасля пакінуць. Начэпіць на галінку, няхай сабе чакае да халадоў. А што калі спатрэбіцца застацца на зімоўку? Каму добры запас перашкодзіць? А летам можна і на яшчарках ды жабках перабіцца.

Лётае шэры разбойнік, як на хвалях хістаецца. Ды яшчэ сябе грубым голасам нахвальвае: «Чак-чак! Вось які я хітры і разумны! Чэк-чэк!»

Іна ФРАЛОВА

Фота ubirds.by

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю