Top.Mail.Ru

Лабараторыя стыхій зноў адкрывае дзверы для наведвальнікаў

Аўтар: Лізавета Крупянькова
03.02.2026 | 12:28
Паміж першым імгненнем і апошнім — успышка

Не паспелі аматары сучаснага мастацтва адысці ад маштабнага праекта «FARBA Lab. 1 элемент. Вада», як у Палацы мастацтва адкрылася новая выстаўка «FARBA Lab. Агонь. Босх» — другая частка серыі, прысвечанай прыродным стыхіям. У цэнтры аўтарскіх даследаванняў — старажытная магія агню, пакланенне загадкавай энергіі, якая адначасова сімвалізуе і светлую надзею, і яе гібель.

На пэўны час прастора Палаца мастацтва ператварылася ў маштабную лабараторыю, дзе галоўным аб’ектам даследавання стаў агонь. Канешне, гэта не толькі літаральнае выяўленне агню, але і яго сімволіка ў міфалогіі, рэлігіі, розныя метафарычныя інтэрпрэтацыі, якія схаваны крыху або вельмі глыбока. 

У экспазіцыі дэманструюцца аўтарскія інсталяцыі сучасных беларускіх мастакоў, створаныя спецыяльна для праекта. Выстаўка захоўвае фірменны стыль FARBA — спалучэнне традыцыйных форм мастацтва і сучасных тэхналогій з элементамі інтэрактыву і адукацыйнага кантэнту. Дзякуючы займальнаму квэсту па экспазіцыі, яркім фотазонам і медытацыйным інсталяцыям, праект спадабаецца нават тым, хто заўсёды лічыў сябе далёкім ад мастацтва.

Асобнае месца (з яго і рэкамендуюць пачынаць арганізатары выстаўкі) займаюць творы Алеся Родзіна. Работы аўтара, які доўгі час працаваў у вядомым берлінскім арт-сквоце «Тахелес», вылучаюцца шматзначнасцю, непаўторнасцю і мікраскапічнай дакладнасцю. Кожную сваю карціну мастак лічыў эскізам, які з часам мог дамаляваць або перанесці на вялікае палатно. Галоўнай крыніцай візуальнага ўражання аўтара з’яўляецца лінія: яна рассякае знешні свет, вызначае контуры і формы. У яго творчай эвалюцыі прыкметна, як ад постацей людзей у ранніх работах мастак пераходзіў да суб’ектыўных імпульсаў, дзе спалучаюцца рацыянальнае і ірацыянальнае, алегорыі і парадоксы. Работы Алеся Родзіна могуць трывожыць гледачоў моцай фантазіі, дзёрзкімі стылістычнымі рашэннямі і незвычайнай фактурай, якую трэба «чытаць».

У Беларусі доўгі час работы мастака ўспрымаліся неадназначна, здаваліся занадта складанымі. На палотнах прысутнічалі фігуры, намаляваныя даволі рэалістычна, аднак многіх здзіўлялі непрапарцыянальна выцягнутыя часткі цел, велізарныя далоні і вочы, якія ператваралі карціны ў складаныя сюррэалістычныя вобразы. 

Акрамя жывапісу творца займаўся перформансам. Праз яго Родзін не столькі паказваў дзеянне, колькі сузіраў самога сябе. З верасня 2003 года і да апошніх дзён мастак быў пастаянным удзельнікам перформансаў групы ДСП ды Х «Механёры культуры» пад кіраўніцтвам Змітра Юркевіча.

У экспазіцыі можна ўбачыць як раннія работы майстра, так і карціны больш позняга перыяду творчасці. Таксама для аматараў перформансаў арганізатары праекта падрыхтавалі відэарад, які дапаможа пазнаёміцца з гэтай часткай творчасці Алеся Родзіна.

Тэматычна аўтарскія інтэрпрэ-тацыі агню можна падзяліць на дзве часткі: энергія, якая дорыць жыццё, і сіла, здольная знішчыць усё жывое. Мастакі ў розных жанрах і тэхніках спрабуюць адлюстраваць гэтую супярэчлівасць вогненнай стыхіі, паказаць яе ўплыў як на развіццё асобы, так і на стан грамадства ў цэлым, знайсці новыя сэнсы ў сімволіцы мінулага.

Дастаткова традыцыйную ідэю «агонь-жыццё» транслююць работы ўдзельнікаў міжнародных пленэраў па кераміцы «Арт-

Жыжаль», назва якіх звязана з імем бога падземнага агню Жыжаля. Кераміка сама па сабе з’яўляецца прамым доказам жыццесцвярджальнай энергіі агню, бо толькі дзякуючы языкам полымя керамічныя вырабы набываюць патрэбную форму і сэнс. Праходзячы праз вогненную стыхію, ганчарныя работы ўбіраюць у сябе гарачыню сонца і памяць зямлі, каб назаўсёды застыць у прыгажосці імгнення.

Знішчальную сілу полымя ўвасабляюць работы Ві Богуш «Вуглі, якія тлеюць», Яны Доўнар «Ды гары яно агнём!», Людмілы Каюковай «Абломкі пачуццяў» і іншыя. Усіх аўтараў аб’ядноўвае жаданне паказаць не толькі цёмны бок асляпляльнай стыхіі, але і вярнуцца да ідэі ачышчальнага агню (часам праз вобраз птушкі Фенікс), які хоць і знішчае, але дорыць магчымасць пабудаваць новае. Часта менавіта з попелу нараджаецца нешта чароўнае, моцнае і дагэтуль невядомае, што раней здавалася немагчымым. Прайсці своеасаблівы абрад ачышчэння ад унутраных страхаў прапаноўвае інсталяцыя Людмілы Каюковай: кожны можа напісаць свае самыя патаемныя жахі на аркушы і «скарміць» іх шрэдару-агню.

Аднак, нягледзячы на светлыя і глыбокія інтэрпрэтацыі, агонь у многіх людзей асацыіруецца з небяспекай і знішчэннем. 

На выстаўцы можна пазнаёміцца з займальным (асабліва для тых, хто цікавіцца гісторыяй беларускай сталіцы) праектам «Пажары Мінска», які раскрывае трагічны лёс вядомых архітэктурных пабудоў. Чорна-белыя фотаздымкі адсылаюць гледачоў у мінулае, у самы эпіцэнтр катастрофы, а каментарыі сведкаў даюць поўнае ўяленне пра яе. 

Многія аўтары ўзялі за аснову не сам вобраз агню, а тое ўнутранае полымя, якое гарыць у душы кожнага і дае падставу як для асобаснага росту, так і для самазнішчэння. Тут і вобраз трагічнага кахання, і разнастайнасць чалавечых пачуццяў, якія ў залежнасці ад інтэнсіўнасці праяўлення могуць палымнець і разгарацца, а могуць ціха тлець. 

Кульмінацыяй выстаўкі з’яўляецца візітная картка праектаў FARBA — імерсіўны фільм, прысвечаны творчасці Іераніма Босха, які ствараў свае фантастычныя сусветы на пачатку XVI стагоддзя, а яго загадкавыя пасланні і дагэтуль зачароўваюць гледачоў і крытыкаў па ўсім свеце. Пазнаёміцца бліжэй з творчасцю мастака дазваляе амаж карціне Босха «Смерць скнары» ў выкананні Людмілы Каюковай, які раскрывае патаемныя сэнсы твора праз простыя і зразумелыя вобразы.

Праект працуе да 15 лютага.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Фота аўтара


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю