Top.Mail.Ru

Лета на палотнах беларускіх мастакоў

Аўтар: Яўгенія Шыцька
06.08.2025 | 07:00

Запланаваная і арганізаваная сумесна з Беларускім саюзам мастакоў выстаўка ў Нацыянальнай бібліятэцы носіць назву «Спёка». Неадпаведнасць канцэпцыі і зместу праекта надвор’ю сёлетняга лета цалкам дарэчная: той, каму надакучылі дажджы, хаця б падчас знаёмства з творчасцю айчынных жывапісцаў і акварэлістаў прыгадае адчуванні аб сапраўднай спёцы; а каму да спадобы тое, што адбываецца за акном, і шкадаваць няма чаго — спякота ў такім варыянце яму па душы. 


Сёння ў галерэі «Атрыум» НББ прадстаўлены пераважна пейзажы, выкананыя аўтарамі з усёй Беларусі. 60 удзельнікаў выстаўкі з’яўляюцца членамі Беларускага саюза мастакоў, Еўразійскай мастацкай садружнасці, Беларускай асацыяцыі акварэлістаў, арт-студыі «Аквавір», выкладчыкамі спецыялізаваных мастацкіх навучальных устаноў. Многія імёны не новыя для публікі, аднак свае творы для праекта прапанавалі і тыя, хто нячаста дэманструе плён сваёй працы, прынамсі, для сталічнага гледача. 

12_28_A.jpg

Павел Хадаровіч «Лепельскі ўспамін», 2023 г.

Выстаўка «Спёка» будзе працаваць да 28 верасня, калі надвор’е можа яшчэ нас парадаваць сонечнымі днямі і адносна цёплымі начамі. І пакуль наведвальнік знаходзіць для сябе адметнае і прывабнае ў прапанаваных творах, мы складзём суб’ектыўны спіс самых знакавых — якія пэўным чынам адлюстроўваюць тэндэнцыі беларускага пейзажнага жывапісу і акварэлі, раскрываюць ідэю выставачнага праекта. 

Найперш трэба вызначыцца, што ж удала адлюстроўвае гэтую гарачыню ў паветры, нагрэтым сонцам, адсутнасць хмар у небе — цішыню і млявасць, статыку. Безумоўна, выразных прыкладаў і пэўных рашэнняў задачы тут няма, аднак найбольш адпавядаюць тэме пейзажы Ігара Бархаткова. Нягледзячы на інтымны характар гэтых работ, стрыманую зялёна-карычневую з блакітным каларыстыку і нават адсутнасць на карцінах выявы сонца, відавочная спякота летняга дня. Ніякага руху — толькі адчуванне душнай гарачыні паветра, якое, здаецца, хутка можа задрыжаць. Гэты прыпар (слова, дарэчы, азначае таксама напружаную летнюю працу ў полі падчас касьбы, жніва) выяўлены жывапісцам у творы «Снапы» (2024): на невялікай адлегласці ад гледача паміж полем і садам стаяць чатыры звязаныя пукі зжатых сцёблаў збажыны, сагрэтыя паўдзённым сонцам.

Многія карціны паўстаюць прыкладам таго, якое ў беларускіх пейзажыстаў светаўспрыманне, якім чынам яны любяць адлюстроўваць прыроду, у якіх фарбах яе бачаць і перадаюць. Так, Валерый Уладзіміраў спёку здолеў перанесці нават на палатно з даволі цёмнымі колерамі «Кладачка» (2024), дзе паказаны невялікі драўляны памост на рачулцы ў ценю лесу — неба тут наогул схавана за лісцем дрэў, а пра яркасць сонца намякаюць яго адбіткі на зямлі і вадзе. Цьмянасць, змрочнасць, бледнасць — вось што часцяком перадаюць жывапісцы, звяртаючыся да тэмы беларускіх краявідаў. Такі падыход блізкі і Ніне Голышавай. Яе работа — ва ўсіх сэнсах стрыманая, нягледзячы на тое, што нават сціплую затоку можна было б паказаць зусім іначай. Аднак мастачка засяродзілася на мяккасці колераў, камернасці сюжэта, кампактнасці кампазіцыі. І няхай на вялікіх выстаўках глядач падобныя творы нярэдка абыходзіць увагай — па аб’ектыўных, у тым ліку вышэйназваных прычынах з гэтым складана спрачацца, — усё ж яны здольны прывабіць асаблівым цяплом. 

12_28_B.jpg

Андрэй Савіч «Чароўны момант аблокаў», 2023 г.

12_28_E.jpg

Сяргей Пісарэнка «Тры бярозкі», 2018 г.

Аднак яркія фарбы на выстаўцы «Спёка» таксама не дзіва. Найбольшай стракатасцю колераў вызначаецца «Адпачынак» (2025) Аляксея Лацінніка. Звярнуўшыся да няхітрай кампазіцыі і зразумелага сюжэта, мастак занатаваў адпачынак працаўнікоў, адлюстраваўшы сапраўднае раздолле, якое, між іншым, здаецца зусім не беларускім. 

А, можа, гэта ўжо стэрэатыпы, і абмежаваны вопыт гледача проста не прывык да яркага колеру і адразу адмаўляе яго, успрымаючы як чужы? Ці мастацкі метад падштурхоўвае да такіх высноў? Ды, бачна, аўтар не пазбягае гульні з гледачом — у тым ліку праз інтэрпрэтацыю, стылізацыю. І тут зноў гаворка пра бэкграўнд: хтосьці ўбачыць у творы рысы наіўнага мастацтва і знойдзе паралелі з работамі сучасніка з Санкт-Пецярбурга Аляксандра Баяджана, нехта знойдзе падабенства ў гумары Аляксея Лацінніка і славутага ўраджэнца Віцебска Марка Шагала, іншыя ж адзначаць зварот да сюжэтаў сацрэалізму, прыгадваючы, напрыклад, «Абед у полі» (1969) савецкага і расійскага мастака Юрыя Лежнікава... А арыгінальнасць? Публіка таксама вырашыць.

12_28_C.jpg

Мікалай Ісаёнак «Белыя ружы пад вакном. Калодзішчы», 2025 г.

12_28_D.jpg

Валерый Песін «Вецер», 2021 г.

12_28_F.jpg

Андрэй Ігнаценка «Багна пад залатымі нябёсамі», 2023 г.

Час перайсці да гарадскога пейзажу і згадаць самую заўважную работу на выстаўцы ў гэтым жанры — «Ашмяны над ракой» (2025) Сяргея Шэмета. Тут ужо няма прыкмет спёкі — вечаровы горад адлюстраваны ва ўсёй сваёй добрасці беларускага горада з гісторыяй. Зварот не зусім да паўсядзённасці — з дапамогай мастацкіх сродкаў жывапісец выбудаваў вобраз чароўнага месца, якое паўстае асобным сусветам. Такім чынам ураджэнец Ашмян паказаў настрой горада і выявіў уласны эмацыйны стан. Дамінанты кампазіцыі — храмы. Справа, зразумела, не толькі ў тым, што архітэктурныя жамчужыны выступаюць у якасці фокуснага цэнтра, да якога накіроўваюцца лініі перспектывы. Іх выявы — а на палатне гэта яшчэ і крыніца ўнутранага святла — трасліруюць погляд стваральніка на духоўныя каштоўнасці. 

Завяршае гэты пералік твор Мікалая Ісаёнка «Белыя ружы пад вакном. Калодзішчы» (2025). Чым жа ён вылучаецца сярод іншых? Найперш нетрывіяльным сюжэтам — аўтар засяродзіўся на прыродным харастве, якое знаходзіцца пад уладай чалавека — вартая нагода для разваг. Па-другое, ён закрануў тэму кветнікаў у Беларусі: як элемент ландшафтнага дызайну гэта таксама форма мастацтва, хоць часам пры стварэнні клумб не ўлічваюцца ніякія прынцыпы каларыстыкі, не заўважаецца дысгармонія з навакольным асяроддзем. 

Тым не менш Мікалай Ісаёнак здолеў не толькі натхніцца гэтай з’явай, але і зафіксаваць на палатне. Да таго ж, знаёмячыся з карцінамі майстра, адчуваеш выразнае пачуццё адасобленасці, якое прымушае засяродзіцца на перажытым і абуджае ўспаміны аб мінулым. Такое дорага цэніцца. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю