Беларусь, мой колер сіні…
Спіць валошка на мяжы…
І ніколі не загіне
Цвет яе ў маёй душы.
Фарбы сохнуць, кажуць людзі,
На шляхах стаяць крыжы.
Хутка ўсюды збожжа будзе,
А валошкі — міражы.
Ды не веру я прарокам,
Веру толькі ў родны край.
Я адгэтуль выйшаў родам.
Тут жыву, і тут мой рай.
Паэт захоплена ставіцца да любых змен у навакольным асяроддзі. Прырода, часіны года падаюцца тонкаму лірыку своеасаблівымі з’явамі нават сацыяльнага, грамадскага характару. А як жа інакш?! Ігар Пракаповіч жыве і працуе на зямлі. Прыгожы малюнак, сатканы з травы і дрэў, пранізаны ручаямі і падфарбаваны хмарамі і туманам — гэта не проста колеры, а частка самога сябе, частка жыццёвага выбару. «Завіруха — мастак непаўторны,/ Аслеплены сёння натхненнем./ Хіба колер павінны быць чорны,/ Калі шчасце — у белым адзенні?/ Не да твару аголеным дрэвам/ Прыгажосці душу сарамаціць./ Ім пасуе, як святам, у белым/ Стаць пяром лебядзіным у садзе...»
Часам зазіраючы на азёрную, блакітнавокую Пастаўшчыну, стараешся не абмінуць дарожныя знакі з назвамі паселішчаў. Навасёлкі, Анкуды, Вештарты, Вярцінскія, Варапаева, Дунілавічы, Забалацце, Кавалі, Каліты, Свідна, Сімоны... Нават Парыж ёсць у гэтай старонцы!.. Знаходзіцца ў Казлоўшчынскім сельсавеце. Славуты беларускі каталіцкі святар Юазас Булька ініцыіраваў будаўніцтва тут копіі Эйфелевай вежы. Вышыня яе, у адрозненні ад арыгінала, 30 м…
Пра многія паселішчы Пастаўшчыны Ігар Пракаповіч расказаў у асобных сваіх гісторыка-публіцыстычных, краязнаўчых кнігах. Настаўнік і паэт — яшчэ і аўтар гісторыка-краязнаўчага курса «Паставазнаўства». У свой час ён выдаў унікальную кнігу — «Чароўны край — Пастаўшчына». Усім, хто імкнецца апісаць тую ці іншую мясцовасць, знайсці адпаведную танальнасць, выбудаваць настрой для размовы з зацікаўленым чытачом, дзе б ён ні жыў і працаваў, варта звярнуцца да гэтай у 300 старонак «пастаўскай краязнаўчай энцыклапедыі». Пад яе вокладкай — і процьма звестак пра прыродныя багацці, і адметнасці Пастаўшчыны.
І ўсё ж часам сярод вершаваных «прыродазнаўчых» твораў Ігара Пракаповіча ўражваюць простыя вершы, дзе месца ёсць і краявідам родным, і разважанням чалавека, асобы, грамадзяніна над уласным лёсам і лёсам наваколля, лёсам Бацькаўшчыны... «У гародчыку маім туман. / Гэта восень падышла сюды,/ Прынясла маёй душы бальзам/ І ад смагі ў дажджах вады./ У пакойчыку маім паўзмрок,/ Я знароку не палю агню,/ Буду думаць пра мільён дарог/ І шукаць у іх адну сваю...»
У выбары мастацкіх сродкаў, вызначэнні паэтычных вобразаў і сімвалаў паэт кіруецца тым, што галоўнай крыніцай для яго з’яўляецца прырода, душа. Душы ў Ігара Пракаповіча — гэта «люстэркі празрыстых крыніц» лірычны герой у адным з вершаў слухае «заснулае поле» зямля пахне «вясенняй раллёю» сусвет «паліць зораў халодны касцёр»…
Прырода, родныя краявіды — вялікая сіла, што трымаюць чалавека на гэтым свеце, робяць нас шматкрат багацейшымі... «У блакітных вачах Беларусі/ Дабрыні патаемная сіла..../ Мірна ходзіць балотамі бусел,/ Ціха спее над ярам каліна./ Тут на волю душу адпускаюць,/ Каб над краем прывольным ляцела./ Каб у сэрцы ад гэтага раю/ Адчувальна мякчэла, святлела...»
Раман СЭРВАЧ
Фота Андрэя ФЕАКЦІСТАВА