Top.Mail.Ru

«Мае ўспаміны». Да 100-годдзя Леаніда Дробава

10.08.2026 | 19:28
З чаго складаецца наша сучаснае ўяўленне аб чалавеку, якога ўжо няма? Канешне, з вынікаў яго працы.

Але не толькі. Калі размова ідзе аб асобе, а менавіта такім быў Леанід Ніканоравіч Дробаў, — то яшчэ і з мноства прыватных эпізодаў яго жыцця, успамінаў калег, вучняў, людзей, з якімі ён працаваў ці толькі сустракаўся, — з захаванай памяці аб ім. Як важна зберагчы такія ўспаміны, бо тады перад намі паўстане рэальны чалавек ва ўсіх жыццёвых варунках. Не памылюся, сказаўшы, што гэтыя «прыватныя характарыстыкі» маюць схільнасць перарастаць асобасны маштаб, пераўтвараючыся ў часткі мазаікі, з якой складаецца партрэт рэальнай асобы. Успаміны — не вельмі ўдзячны жанр мемуарнай літаратуры, паколькі памяць — выбіральная і вельмі суб’ектыўная катэгорыя. Тым не менш, рызыкну.

Мая першая сустрэча з Леанідам Ніканоравічам адбылася ў 1983 годзе на ўступным экзамене па гісторыі мастацтваў у аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР. Сказаць, што я вельмі хваляваўся, едучы ў Мінск з тагачаснага Віцебскага педагагічнага інстытута, дзе пачыналася пасля размеркавання мая праца, будзе недастаткова. Уявіце сабе колішняга студэнта (толькі некалькі месяцаў на пасадзе выкладчыка кафедры выяўленчага мастацтва), які збіраецца адказваць на пытанні вядомых айчынных мастацтвазнаўцаў. «Як справы ў славутым Віцебску?», — менавіта так звярнуўся да мяне Леанід Ніканоравіч, старшыня экзаменацыйнай камісіі. Агульная добразычлівасць, якая панавала на іспыце, дазволіла мне адчуць сябе больш упэўнена. Быў не толькі адказ па білеце, а ў большай ступені размова аб навуковых інтарэсах, аб планах будучага аспіранта. 

Крыху пазней, калі я стаў аспірантам-завочнікам, а пасля абароны кандыдацкай дысертацыі — дактарантам, і прыязджаў у аддзел, якім кіраваў Леанід Ніканоравіч, на кансультацыі, планавыя справаздачы, мяне заўсёды сустракалі як калегу, маладога вучонага, з якім размаўлялі амаль на роўных. У гэтым, безумоўна, былазаслуга Леаніда Ніканоравіча, які ствараў такую добразычлівую атмасферу працы ў аддзеле, які аб’ядноўваў розных па характары, пасадах, навуковых інтарэсах людзей. Памятаю сустрэчы з В. Ф. Шматавым, А. К. Лявонавай, Л. Г. Лапцэвіч, П. А. Карначом, Я. М. Сахутам, В. І. Жуком, якія працавалі тут у «дробаўскую эпоху». Увогуле, у аддзеле акрамя супрацоўнікаў можна было сустрэць розных людзей — не толькі мастацтвазнаўцаў, але і мастакоў, гісторыкаў, краязнаўцаў, у тым ліку аспіранцкую моладзь. Асабліва мне запомніліся абмеркаванні раздзелаў шматтомнага выдання «Гісторыя беларускага мастацтва», на якіх я прысутнічаў і над якімі ў 1980-я — 1990-я гг. працаваў Інстытут мастацтвазнаўства, а навуковымі рэдактарамі асобных тамоў былі супрацоўнікі аддзела, у тым ліку і Леанід Ніканоравіч. Цяпер, праз дзесяцігоддзі, пачынаеш разумець, што аддзел, якім ён кіраваў, быў своеасаблівым навуковым мастацтвазнаўчым асяродкам, гуртаваў тагачасную беларускую навуковую эліту і моладзь. 

Успамінаючы час, на працягу якога мне давялося сустракацца з Леанідам Ніканоравічам у розных навукова-прафесійных і жыццёвых сітуацыях, варта згадаць вечары ў яго майстэрні на вуліцы Савецкай у Мінску. Упершыню трапіўшы сюды, я быў уражаны яе выглядам. Столь з верхнім асвятленнем, амаль у цэнтры — вялікі студыйны мальберт з некалькімі расстаўленымі побач дапаможнымі столікамі для фарбаў, пэндзляў, мастэхінаў, іншых прылад для жывапісу, мноства плашэтаў з накідамі, падрамнікаў, на якіх пачатыя партрэты, пейзажы. На некаторай адлегласці — рабочы стол мастацтвазнаўцы, на ім — стосы аркушаў з машынапіснымі і рукапіснымі тэкстамі, на стэлажах каля сцен — вялікая бібліятэка. У майстэрні панаваў асаблівы пах алейных фарбаў і разбавіцеляў, які заўсёды нагадваў мне віцебскае студэнцкае мастацкае жыццё. Кожны, хто прыходзіў сюды, і я ў тым ліку, акунаўся ў яшчэ адну прастору выдатнай асобы, напоўненую творчымі роздумамі, пошукамі і развагамі мастака і мастацтвазнаўцы. У майстэрню можна было прыйсці кожнаму, папярэдне патэленафанаваўшы, каб пераканацца, ці на месцы гаспадар. Аб чым тут ішла размова? Са мной — аб розным: аб навуковых планах, творчых пошуках самога мастака. Заўсёды ўражвала сяброўскае: «Пачаў працу, паглядзі, што ты думаеш?» Мяне ніхто не павучаў, мне ніхто не ўказваў. Але сам факт прысутнасці ў майстэрні Леаніда Ніканоравіча, асаблівая аўра творчасці, у якую я акунаўся, мела для мяне глыбокі эмацыянальны, нават навукова-выхаваўчы сэнс. 

Прайшлі гады, час расставіў у жыцці Леаніда Ніканоравіча свае межы, але для многіх людзей, сталых і маладых, і для мне ў тым ліку, гэты чалавек назаўсёды будзе прыкладам высокіх, бескампрамісных творчых і маральных патрабаванняў да сябе і іншых, да ўласнай працы, вынікі якой застануцца ў беларускім мастацтве і мастацтвазнаўчай навуцы.

Барыс ЛАЗУКА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю