Top.Mail.Ru

Мастачка Марыя Гажыч звязала сваё жыццё з верай

Аўтар: Яўгенія Шыцька
26.03.2025 | 07:00

Той, хто сёння мае магчымасць завітаць у Касцёл Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі, што ў Гродне, убачыць у ім у тым ліку работы Марыі Гажыч, калісьці даволі вядомай мастачкі. Жывапісец і акварэліст, яна звязала сваё жыццё з верай: стала старэйшай сястрой назарэтанскага дома ў Гродне, ахвяравала на рэканструкцыю знакамітых касцёла і кляштара (у пачатку XX стагоддзя там жылі і працавалі сёстры Ордэна Святой Сям’і з Назарэта), адукоўвала дзяцей... 



Марыя Гажыч нарадзілася 20 сакавіка 1860 года ў Вішэры (Курская губерня) у добра забяспечанай сям’і, што, безумоўна, і дапамагло ёй у той час зрабіць кар’еру мастачкі. Сям’я Тадэвуша Хшаноўскага, царскага чыноўніка высокага рангу, які працаваў на будаўніцтве чыгункі і мастоў, магла дазволіць сабе жыць у Варшаве і падарожнічаць па Еўропе. Між тым часта бацькі і дзеці бавілі час у Сегянёўшчыне — тут, каля Ваўкавыска, знаходзіўся маёнтак Хшаноўскага. 

Мастацкія здольнасці Марыя Гажыч выявіла яшчэ ў дзяцінстве: шмат малявала, вучылася спярша дома — з дзяўчынай займаліся рэпетытары з Англіі і Францыі. Аднак сур’ёзную адукацыю атрымлівала ў Варшаве, Парыжы і Мюнхене. Дэбютавала яна на выстаўцы Таварыства заахвочвання мастацтваў («Захэнце») у Варшаве. Пра далейшы поспех на гэтым шляху сведчыць, напрыклад, удзел у розных экспазіцыях у Кракаве, Львове, Вільні... А «Паляванне на глушцоў» было адзначана ўзнагародай сярод карцін польскіх мастакоў, якія дэманстраваліся ў Чыкага (у 1893 годзе праходзіла маштабная міжнародная выстаўка). Працавала Марыя Гажыч у жанрах партрэта, сюжэтна-тэматычнай карціны, шмат увагі аддавала нацюрморту... На жаль, сёння даволі складана прааналізаваць яе спадчыну: час многае не захаваў, і пра зробленае можна меркаваць зыходзячы з нешматлікіх работ у музейных зборах (напрыклад, Варшавы), у тым ліку з цудам захаваных замалёвак да значных у яе творчасці карцін. Ёсць творы аўтара і ў прыватных калекцыях у Францыі, Германіі і ЗША... 

Жыццё мастачкі змянілася са смерцю яе мужа Паўла Гажыча, які, дарэчы, меў радавы маёнтак Тапаляны — недалёка ад Сегянёўшчыны. Магчыма, Марыя Гажыч шукала паратунку ў веры, і духоўныя пошукі прывялі яе да Аб’яднання сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта. Яна прыняла імя Паўла, і з таго часу яе жывапіс, які, за выключэннем лічаных карцін на рэлігійную тэматыку, быў цалкам свецкі, займеў выключна сакральны характар — ён звернуты да Бога. 

Хутка Марыя Гажыч стала старэйшай сястрой у заснаваным у 1908 годзе доме навіцыяту назарэтанак у Гродне — ён знаходзіўся ў старажытным брыгіцкім кляштары, які патрабаваў рамонту. Лічыцца, што на рэканструкцыю яна аддала ўвесь свой пасаг, а яшчэ грошы, атрыманыя пасля продажу маёнтка мужа. Марыя Гажыч арганізавала маладзёжны хор, гурток для бедных дзяцей, адкрыла інтэрнат для вучаніц-каталічак з расійскіх школ. Дзякуючы яе намаганням у касцёле збіраліся розныя каталіцкія суполкі, а таксама арганізоўвалася школьнае навучанне моладзі, а пры кляштары працавала ткацкая майстэрня, дзе вучыліся дзяўчынкі з бедных сем’яў. Падчас Першай сусветнай вайны сястра Паўла дабілася ад акупацыйных улад адкрыцця жаночай гімназіі ў памяшканні кляштара. Між тым сёстры з яе ўхвалення таемна перавозілі і хавалі зброю, былі сувязнымі... 

Паўла працягнула сваю дзейнасць і пасля вайны ўжо ў Любліне, а пазней у Альбана (Італія). 


У 1932-м хворая вярнулася ў Гродна, дзе і пражыла да самай смерці ў 1935 годзе. Прайшоў час, і толькі работы ў Касцёле Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі нагадваюць пра здзейсненае Марыяй Гажыч. Многія наведвальнікі храма, уважлівыя да гэтых выяў, вылучаюць твор «Ісус — добры пастыр», напоўнены асаблівым святлом. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю