У цэнтры ўвагі Барыса Семілетава — неадушаўлёныя прадметы, якія мастак дэталёва разглядае, выхоплівае істотнае, а затым выяўляе на палатне тыя ці іншыя вобразы, успаміны аб іх, пачуцці ад знаёмства і вывучэння. Позірк гледача быццам павінен чапляцца за розныя тэкстуры, аднак іх ён бачыць выключна ў інтэрпрэтацыі аўтара. Пазнавальнасці, адчування, напрыклад, гладкасці або шурпатасці амаль няма.
Мастаком кіруюць уласнае бачанне свету і адметных кампазіцыйных рашэнняў. Так, часам яму ўласцівыя пазбаўленне работ кампазіцыйнай цэласнасці, засяроджанасць на колерах і адценнях, магчымасцях кантрасту, імкненне да статыкі, паважнасці. Погляд на тыя ці іншыя прадметы з розных ракурсаў дазваляе Барысу Семілетаву разважаць пра сутнасць рэчаіснасці.
Тут — і хараство прыроды, і прыгажосць штодзённага, і адметнасць створанага чалавекам — мастак на ўсё глядзіць з любоўю і замілаваннем.
Асаблівую ж сэнсавую напоўненасць нясуць работы з выявамі праваслаўных храмаў, а таксама тыя, дзе пэўным чынам выяўлена стаўленне да веры (самае відавочнае — «Надзея» 2025 года). Усяго некалькі карцін, але яны не могуць не вылучацца — усё ж зварот да хрысціянскай сімволікі. У гэтых творах не так шмат дэталізацыі, вобразы адрозніваюцца маштабнасцю, значнасцю, і тут ужо аўтар адыходзіць ад лёгкай іроніі, з якой прывык глядзець на свет (канцэпцыя серыі «Буйным планам» яскрава гэта пацвярджае).
Між тым форма бачыцца мастаком як асаблівая крыніца для эксперыментаў. Адлюстраванне знешняга выгляду прадметаў Барыс Семілетаў выкарыстоўвае як нагоду для пазбаўлення ад культу рэалізму і прыроды ў выяўленчым мастацтве. Шмат у чым жывапіс майстра можа быць незразумелы для грамадства, для значнай часткі публікі, якая цікавіцца мастацкім працэсам у краіне і свеце. Значэнне яго некаторых работ (не толькі на выстаўцы) — загадка. Як правіла, яны пазбаўлены ўмоўных сімвалаў, з дапамогай якіх творцам так проста звяртацца да гледача, так лёгка весці з ім дыялог. Калі яшчэ ў мінулым стагоддзі прадстаўнікі розных плыняў мастацтва тлумачылі свае найскладанейшыя карціны з дапамогай маніфестаў, то сёння назіральніку застаецца спадзяваецца толькі на ўласны мастацкі густ і вопыт. Між іншым, мастакі не любяць, каб на іх творчасць прычэплівалі ярлыкі. Ім даспадобы, калі наведвальнік музея ці галерэі імкнецца зразумець сэнс, а таксама адшукаць тыя змест ды ідэю, прапанаваць такое тлумачэнне, якія здзівяць самога аўтара... Якраз падобнага падыходу і патрабуюць выстаўкі накшталт «Буйным планам». Пазнаёміцца з праектам Барыса Семілетава ў «Арт-Фабрыцы» можна да 21 красавіка.
Яўгенія ШЫЦЬКА