Беларуская публіка вельмі ўважлівая і ўдзячная, і даволі стрыманая ў сваёй рэакцыі (гэта часта заўважаюць не толькі айчынныя выступоўцы, але і замежныя). Крыху іншую карціну можна назіраць на тых канцэртах, наведвальнікі якіх ведаюць творчасць аўтараў музыкі і яе выканаўцаў. Ім прыемна знаёміцца з іх чарговай праграмай.
Яны жадаюць сустрэчы з тымі, хто на сцэне, давяраюць ім у выбары твораў, любімых і нечаканых...
Гэта датычыцца і выступленняў з удзелам саксафаніста Мікіты Пятрова і піяністкі Ганны Брылёвай. Нядаўна ў Малой зале імя Рыгора Шырмы Беларускай дзяржаўнай філармоніі прайшоў іх канцэрт «Саксафон у Новым Свеце».
— Гэты тэматычны вечар прысвечаны музыцы Амерыкі, — расказаў перад выступленнем Мікіта Пятроў. — З яго дапамогай мы хочам развеяць стэрэатыпы пра яе, хоць тыя, хто наведвае нашы канцэрты музыкі для саксафона пастаянна, у гэтыя стэрэатыпы ўжо не верыць. Але ўсё ж склалася так, асабліва ў дачыненні да заходняга паўшар’я, што саксафон атаясамляецца з амерыканскім джазам. Безумоўна, дзякуючы яму гэты інструмент атрымаў сусветную вядомасць і вельмі шырокае распаўсюджванне. Такім чынам кампазітары, якія пісалі акадэмічную музыку, нарэшце звярнулі на яго ўвагу, засяродзіліся на магчымасцях саксафона і пачалі пісаць творы сола для змяшаных ансамблей і ансамблей саксафона. І мы адкрываем гэту старонку гісторыі.
У праграму ўвайшлі дзве санаты: класічная — аўтарства Пола Крэстана ў трох частках (1939) і сучасная — яе напісаў Картэр Пэн у 2016 годзе. Другі твор, выканананне якога стала прэм’ерным у Беларусі, складаецца з некалькіх частак: першая — «Чорны кот», другая — «Тры песні без слоў» з трыма падчасткамі пад назвамі «Летуценне», «Лунанне» і «Суцяшэнне», трэцяя — «А cuppa Joe» («a cup of joy» з англійскай мовы перакладаецца як «ранішні кубак гарбаты»), чацвёртая — «Lacrimosa» — памяці Джоэла Гасцінгса, канадскага піяніста і сябра кампазітара, якога не стала ў год напісання санаты.
Прагучала гэтым вечарам і неарыгінальная для саксафона музыка — цыкл «Гісторыя танга» славутага аргенцінца Астара Пьяцолы. Напісаны ў 1985 годзе, ён складаецца з чатырох частак: «Бардэль 1900», «Кафэ 1930», «Начны клуб 1960» і «Сучасны канцэрт». Да таго ж Мікіта Пятроў сыграў «Blue caprice» сола, у якім злучаюцца мова джаза і класічная форма. Аўтар, кампазітар і саксафаніст Віктар Марозка, прысвяціў музыку знакамітаму амерыканскаму выканаўцу Філу Вудсу. Завяршыла ж праграму першая частка з санаты Філа Вудса: гэта кампазіцыя — у гонар сябра Віктара Марозкі...
Падчас канцэрта «Саксафон у Новым Свеце» Мікіта Пятроў і Ганна Брылёва не прапусцілі магчымасць звярнуцца да твора маладога беларускага аўтара: «Маленне» кампазітара і саксафаніста Віктара Цімафеева дазволіла выступоўцам пашырыць ідэйны змест праграмы, а слухачам — атрымаць задавальненне ад знаёмства з новымі чароўнымі мелодыямі.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Фота з асабістай старонкі Ганны Брылёвай у Facebook