Top.Mail.Ru

Міжнародны конкурс піяністаў «Мінск-2026» пацвердзіў сілу беларускай школы

Аўтар: Ларыса Цімошык
24.04.2026 | 18:03
Прымнажэнне талентаў

Сёлета перамогу здабыла Любоў Глазава, таленавіты музыкант і выкладчык кафедры спецыяльнага фартэпіяна Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Канкурэнцыя была сур’ёзная, у першым туры спаборнічалі больш за 100 музыкантаў. А ў фінале ігралі два прадстаўнікі Беларусі — і былі высока адзначаны. Каб падтрымліваць сваіх адметных маладых музыкантаў, Рэспубліка Беларусь і ладзіць гэты конкурс, які мае 30-гадовую гісторыю. Сёлета конкурс піяністаў «Мінск-2026» прайшоў сёмы раз і пацвердзіў, што ў нашай краіны добры творчы патэнцыял. 

— Наш конкурс ужо стаў брэндам. Дзяржава яго падтрымлівае, преміяльны фонд складае каля 30 000 еўра — не кожны еўрапейскі конкурс можа гэтым пахваліцца, — адзначае старшыня журы, народны артыст Беларусі Ігар Алоўнікаў. — Але ўдзельнікаў прыцягвае перш за ўсё тое, што конкурс — свята для музыкатаў, калі можна сустрэцца з іншымі, паказаць сябе, каб звярнулі ўвагу і спецыялісты, і гледачы. Псіхалагічна гэта важна для станаўлення таленту... Конкурс — сістэма даволі жорсткая, калі таленты і натхненне знаходзяцца ў заложніках у матэматыкі. Але конкурсы цяпер вельмі распаўсюджаны, моладзь іх любіць. Хачу звярнуць увагу, што ў творчых справах не бывае аб’ектыўных ацэнак, але бываюць сумленныя. А інтэгральны эфект ад галасавання ўсіх членаў журы, напэўна, можа быць больш аб’ектыўным. Што да нашага журы, то былі некаторыя разыходжанні ў меркаваннях, але не прынцыповыя і нязначныя. Гэта не здзіўляе, бо мы ўсе выхаванцы адной сістэмы, адной школы. Вельмі многія піяністы звязаны з Маскоўскай кансерваторыяй, «Гнесінкай» — нашы карані адтуль. У Беларусі цудоўная фартэпіянная школа, на маю думку. Добра выбудавана сістэма музычнай адукацыі, і нашы выканаўцы могуць вырасці ў вельмі вялікіх, цікавых асоб. Сёлета мне асабліва прыемна адзначыць, што ў лідарах не проста беларусы, а менавіта піяністы, якія атрымалі адукацыю ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (а не дзесьці за мяжой). Тут менавіта выхаванцы нашых вядучых педагогаў. Асобы, якія перамаглі на гэтым конкурсе, — ужо дасведчаныя майстры, маюць вопыт выступленняў на конкурсах і паспяхова працуюць. Можна сказаць, што сёлета перамаглі досвед і сталасць.

Мінчанка Любоў Глазава ведае пра багатую гісторыю беларускага конкурсу піяністаў і нават мела вопыт удзелу ў ім у 2021 годзе. Тады яе адзначылі спецыяльным дыпломам за выкананне музыкі Сяргея Рахманінава. З таго часу яна ўдзельнічала ў шэрагу міжнародных конкурсаў піяністаў, станавілася іх лаўрэатам, а таксама неаднойчы здабывала для Беларусі перамогі і ўзнагароды маладзёжных Дэльфійскіх гульняў дзяржаў-удзельніц СНД. Цяпер як піяніст, які ўжо сфарміраваўся, Любоў актыўна прапагандуе музыку беларускіх кампазітараў. Яна збіраецца працягваць выкладчыцкую дзейнасць і хацела б пашырыць сваё супрацоўніцтва з калегамі-музыкантамі. Магчыма, перамога ў конкурсе гэтаму паспрыяе. У той жа час Аляксандр Данілаў, адзін з уладальнікаў Другой прэміі, адзначае, што конкурс дае магчымасць праверыць сябе:

— Вядома, калі яшчэ ў маладым узросце ўдзельнічаеш у конкурсах, у цябе ёсць нейкія амбіцыі, ты спрабуеш іграць хутчэй за ўсіх, чысцей за ўсіх. І зусім іншая справа — удзельнічаць у больш сталым, свядомым узросце. Мне хацелася ў першую чаргу паказаць тое, што я музыкант і нешта ўмею. На конкурсе выступалі сур’ёзныя піяністы. Магчыма, удалы выбар рэпертуару і добрае выкананне дазволілі аказацца сярод фіналістаў. Конкурс — гэта праверка сябе на трываласць, устойлівасць.

Малады чалавек прызнаўся, што ўпэўненасць у сваіх сілах ён адчуў гадоў 10 таму пасля выканання Канцэрта для фартэпіяна з аркестрам № 3 з Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Рэспублікі Беларусь. Зразумеў, што ў яго нядрэнна атрымліваецца. Насамрэч выступленні Аляксандра можна было не аднойчы пачуць у Белдзяржфілармоніі, ёсць у яго канцэрты ў розных гарадах Беларусі. Але ён працуе яшчэ ў Прэзідэнцкім аркестры, гэта дае магчымасць выконваць розную музыку, у чым ёсць свая карысць:для таго, каб быць добрым музыкантам, трэба ўмець шмат.

Другую прэмію Аляксандр Данілаў падзяліў з расіянінам Дзмітрыем Беразняком. Выпускнік Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя Пятра Чайкоўскага даведаўся пра наш конкурс ад Любові Глазавай, з якой пазнаёміўся год таму на конкурсе імя Сяргея Рахманінава. Ён з тых маладых расійскіх музыкантаў, імёны якіх ужо добра вядомыя ў музычным свеце, бо яны гучна заявілі пра свой талент (у тым ліку на міжнародных конкурсах). Сярод іх і Ганна Валеева, якая скончыла Расійскую акадэмію музыкі імя Гнесіных, а цяпер сама там выкладае. Дыпламантамі Міжнароднага конкурсу піяністаў «Мінск-2026» сталі расіяне Аляксандра Дзедзік і Марк Рудэнка. Аляксандра з музычнай сям’і: яе дзядуля, народны артыст РСФСР, 30 гадоў спяваў у славутым Марыінскім тэатры, тата таксама оперны спявак, а яе мама балерына. Дзяўчына сама знайшла інфармацыю пра наш конкурс, ёй спадабалася, што тут разнастайная праграма, улічваецца меркаванне ўдзельніка пры выбары праграмы. Маладое дараванне Марк Рудэнка таксама з музычнай сям’і, яго тата вядомы піяніст і выкладчык. Марк — студэнт Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі. Для яго гэта першы вялікі конкурс, і ён шчаслівы, што выйшаў у фінал і стаў дыпламантам. 

А яшчэ быў рады пабываць у Мінску: цудоўны горад з адметнай культурай і добрымі людзьмі. Напэўна, мы яго тут яшчэ пачуем, як і іншых цікавых піяністаў з розных канцоў свету. Сёлета ў конкурсе ўдзельнічалі прадстаўнікі 9 краін: Беларусі, Расіі, Італіі, Францыі, Кітая, Японіі, Паўночнай Карэі, Казахстана, Узбекістана. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю