Top.Mail.Ru

На выстаўцы ў Бабруйскім мастацкім музеі можна прасачыць эвалюцыю знаёмых нам прадметаў

Аўтар: Нэлi Зігуля
26.08.2025 | 07:00

Бабруйчанка Галіна Жук па прафесіі настаўніца, сваіх вучняў імкнецца навучыць любіць культуру і народныя традыцыі праз гісторыі прадметаў. Успамінае, што ў дзяцінстве з цікавасцю назірала, як цяслярыць яе дзед, як вышывае матуля. Цяпер гэтыя рэчы адны з самых каштоўных у яе калекцыі, бо нават пасля таго, як не стала родных сэрцу людзей, працягваюць грэць душу. Як яна прызнаецца, адчувае метафізічную сувязь з многімі прадметамі, якімі калісьці карысталіся яе продкі. 


На выстаўцы ў Бабруйскім мастацкім музеі прысутнічаюць рэчы чатырох пакаленняў. Па іх можна прасачыць, як на працягу прыкладна 100 гадоў мяняліся тыя прадметы, якімі мы актыўна карыстаемся. Напрыклад, ну хто сёння ведае, што перфакарта — гэта прамаці сучаснай флэшкі? 

— У экспазіцыі ёсць пёравая ручка майго бацькі, сёння нават цяжка ўявіць, што раней імі пісалі,— расказвае калекцыянер. — Цяпер гэта ўжо гісторыя. Захаваліся запісы бацькі, калі яму было 63 гады. Почырк — літарка ў літарку. Цяпер дзеці так не пішуць.

Прадстаўлена 30 тэматычных груп, у кожнай з якіх прысутнічаюць рэчы з асабістага ужытку. Той жа графін сёння не такі папулярны, як у савецкія часы. На выгляд практычна не змяніўся, толькі формай і колерам. 

photo_2025-08-30_14-15-01 (2).jpg

Асабліва захаплялі прадметы, якія змяніліся ў часе. Напрыклад, сярод прасаў ёсць старадаўні вугальны і сучасны адпарвальнік. Гэты прадмет істотна эвалюцыяніраваў. Як і прыёмнікі. Спачатку ідуць лямпавыя, потым транзістарныя, затым на батарэйках. Цікава паглядзець, як чалавецтва пад уздзеяннем тэхнічнага прагрэсу дадумвала і ўдасканальвала гэтую рэч. На ўроках Галіна паказвала, як прадметы выглядалі раней. Школьнікі былі ў захапленні.

Раней калекцыя збіралася па прынцыпе «грэе душу», а апошнія 5–7 гадоў Галіна Жук робіць гэта сістэматызавана — складае эвалюцыйныя ланцужкі. У свой час калекцыю бабруйчанкі папоўнілі рэчы свекрыві. Той жа вугальны самавар 1948 года выпуску Галіна знайшла на гарышчы яе дома. А дарэвалюцыйны самавар братоў Баташовых 1878 года ўжо купіла на аўкцыёне. 

Цікавая гісторыя звязана з ёлачнымі цацкамі. Свякроў аднойчы падарыла нявестцы 100 цацак.

photo_2025-08-30_14-14-59.jpg

Сям’я ў яе была вялікая, заўсёды на Новы год ставілі ёлку да столі, і патрэбна было шмат цацак, каб яе ўпрыгожыць. У сям’і Галіны цацкі некаторы час ляжалі без справы, а потым сямейнікі вырашылі таксама ствараць сабе настрой на Новы год з іх дапамогай. Цяпер у калекцыі Галіны каля трох тысяч навагодніх цацак. Усе на ёлку не павесіш. І яна вырашыла дзяліцца навагодняй радасцю з іншымі. Такім чынам, цацкі ўжо бачылі на выстаўках і мінчане, і гамяльчане, і магіляўчане. 

Што датычыцца выстаўкі «Рэчаў забытых галасы», то летась яна дэбютавала ў Магілёве. Людзі прыходзілі, пакідалі водгукі. Камусьці не хапала інфармацыі пра прадметы, і Галіна гэта ўлічыла. Цікавым дапаўненнем сталі карціны бабруйскай мастачкі Ірыны Куставай, напісаныя спецыяльна да выстаўкі. Усе 16 яе работ — маляўнічыя эпізоды з жыцця «забытых рэчаў». 

Дырэктар Бабруйскага мастацкага музея Святлана Прывалава пераканана, што калекцыі Галіны Жук выклікаюць цікавасць, таму што ідуць ад жыцця. 

— Летам мы імкнёмся насычаць нашу музейную прастору пазнавальнымі выстаўкамі, каб можна было зацікавіць і дзяцей, — кажа яна. — Галіна Жук — настаўніца, і гэта адчуваецца ў яе падыходзе да калекцыяніравання. У яе няма выпадковых рэчаў, усё прасякнута сэнсам, нясе адукацыйную функцыю.

Убачыць выстаўку Галіны Жук «Рэчаў забытых галасы» можна да 28 верасня ў Бабруйскім мастацкім музеі. 

photo_2025-08-30_14-15-01.jpg

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю