Кандыдат мастацтвазнаўства, намеснік дырэктара НЦСМ Алеся Іназемцава:
— Шмат гледачоў наведала наш нядаўні праект «Зямля краваточыць гісторыяй». Адным з самых запамінальных яго экспанатаў стала работа ў выкананні Аляксандра Трускоўскага — у канцэпцыі выстаўкі гэта была кульмінацыя. Трагедыю беларускага народа мастак перадаў нечакана, з дапамогай нязвыклага матэрыялу.
Новая экспазіцыя «[Не]асабістае пытанне» іншая, аднак і яна дазваляе задумацца над тым, як шмат пачуццяў змяшчае ў сабе шкло.
З яго дапамогай можна адлюстраваць і трагедыю, і казку, і свята, і дзіцячыя ўспаміны. Магчымы і погляд на самога сябе.
Мастак Аляксандр Трускоўскі:
— Для мяне гэта важны праект, і, дарэчы, да самага канца сумняваўся, што ён адбудзецца, што яго магчыма арганізаваць. Хочацца падзякаваць самым блізкім маім людзям — маёй сям’і — за падтрымку і разуменне таго, чым я займаюся. Натуральна, іншы раз у іх узнікаюць сумненні, але ўсё роўна немагчыма не заўважыць, не адчуць іх дапамогу і апірышча, што дазваляе мне ствараць і рухацца наперад.
Дзякую і Нацыянальныму цэнтру сучасных мастацтваў за тое, што праект ажыццявіўся. Для мяне было неабходна паказаць шкло не з дэкаратыўна-прыкладнога боку, не як матэрыял, які мае ўтылітарны характар, а як крыніцу, з дапамогай якой можна разважаць на сур’ёзныя тэмы, пра тое, што хвалюе. Шклом займаюся даўно, і заўсёды цікава, як яно сябе павядзе, куды накіруе ў тым ці іншым рэчышчы. Такое ўзаемадзеянне з розных бакоў прываблівае. Пытанні, якія мяне хвалююць, спрабую выявіць праз гэты матэрыял, часам не знаходзячы адказу. Але, працуючы з ім, значна цікавей і прасцей існаваць у гэтым свеце.
Куратарам, вядома, асобная ўдзячнасць: за тое, што жывуць справай, якой займаюцца. Праца па арганізацыі выстаўкі была велізарная, і мы да канца не ўяўлялі, што атрымаецца ў выніку. Аднак працэс, калі адбываецца мантаж, калі ідэя, такая далёкая, рэалізоўваецца ў канкрэтнай прасторы, вельмі займальны.
Куратар Дзіна Даніловіч:
— З нецярпеннем чакала пачатку работы над экспазіцыяй. Аляксандр Трускоўскі — цудоўны чалавек і ўнікальны мастак. Рэзультат, які паўстаў перад публікай, цалкам залежаў ад яго таленту і нашага агульнага памкнення прадэманстраваць плён яго працы.
Вялікая рэдкасць, калі аўтар не становіцца заложнікам свайго рамяства, калі гэтае рамяство, прытым даволі старадаўняе, дае яму магчымасць сучаснага разважання, калі ёсць разуменне, як выкарыстоўваць матэрыял. Шкло ў руках Аляксандра Трускоўскага (а спачатку ў яго розуме і сэрцы) ператвараецца ў вельмі актуальнае і вострае выказванне. «[Не]асабістае пытанне» — цалкам сучасны праект. Трэнд апошніх гадоў — вяртанне да архаікі і мастацтва, якое падразумявае выкарыстанне чагосьці матэрыяльнага, вітальнага, таго, што патрабуе шмат часу і разважанняў. Сярод тых, хто дазваляе сабе ствараць у гэтым рэчышчы ў нашым хуткім жыцці, — Аляксандр Трускоўскі. Мяркую, такое мастацтва становіцца зямлёй пад нагамі для гэтага мастака і, здаецца, гэтую зямлю можа адчуць і глядач.
Фота аўтара