У выставачнай прасторы ZAL#2 Палаца мастацтваў працуе маштабны праект «У сэрцах баліць Чарнобыль» — творчае пераасэнсаванне сарака гадоў, якія аддзяляюць нас ад падзей, што назаўсёды змянілі жыццё мільёнаў людзей. Упершыню выстаўка была адкрыта ў самым сэрцы пацярпеўшага рэгіёна — у Гомелі, у карціннай галерэі Г. Х. Вашчанкі.
Выстаўка арганізавана па ініцыятыве Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў, што вельмі сімвалічна: менавіта гомельская зямля прыняла на сябе галоўны ўдар і ўвабрала ўвесь боль мінулага, таму мясцовыя майстры не маглі не адгукнуцца на гэты сумны юбілей.
Экспазіцыя аб’яднала больш за 60 аўтараў з Гомельскай вобласці, Мінска, Віцебска і Віцебскага рэгіёна, якія мастацкай мовай расказалі пра цяжкія выпрабаванні беларускага народа. Работы майстроў уяўляюць сабой своеасаблівы творчы летапіс, дзе саракагадовая гісторыя — з дня аварыі і да сучаснасці — адлюстравана праз яркія і глыбокія мастацкія вобразы. Тут няма момантаў выбуху, эпізодаў ўсеагульнай панікі, якая ахапіла насельніцтва ў 1986 годзе. Атмасфера тых дзён зразумелая для ўсіх, таму творцы засяродзіліся на перадачы эмоцый і пачуццяў, якія часта застаюцца ў цені. Гэта туга па пакінутым доме, радзіме, надзея, што ўсё хутка скончыцца і можна будзе вярнуцца, настальгія аб мінулым, зацягнутым радыеактыўным туманам, і любоў да зямлі, якая нават праз дзесяцігоддзі застаецца роднай і блізкай.
Большая частка работ прадстаўлена ў жанры пейзажу, які дазваляе перадаць тужлівы настрой у спалучэнні з прыгажосцю роднай прыроды. На першы погляд здаецца, што нічога не змянілася: такія ж прыгожыя кветкі, магутныя дрэвы, чыстае блакітнае неба. Але хвіліны дастаткова, каб адчуць халадок незваротнасці. Змрочныя пакінутыя хаты глядзяць на наведвальнікаў пустымі акенцамі. Высокая трава заслала прыгожыя падворкі, дзе раней гулялі дзеці. Вялікія будынкі былых школ, бальніц і цэркваў узвышаюцца над апусцелымі вёскамі, дзе калісьці бурліла жыццё. Мастакі выкарыстоўваюць натуральныя адценні, не пераходзячы ў непраглядны змрок, каб пакінуць месца для светлай надзеі. Бо за мільёны гадоў існавання нашай планеты, яна перажывала розныя катаклізмы. Аднак прырода адрадзілася, зацягнула раны, нанесеныя космасам, вулканамі, леднікамі і чалавекам. Таму Чарнобыльская зямля паступова вяртае сабе жыццё. Мастакі падкрэсліваюць гэты кантраст: чалавек сышоў, але зямля засталася. На многіх работах прысутнічае вобраз дарогі: яна вядзе і ў мінулае, і ў будучыню. Гэта сімвал таго, што нават самыя цяжкія выпрабаванні не спыняюць рух жыцця. Творцы пакідаюць на сваіх палотнах прастору для святла, для ціхай радасці, для веры ў тое, што памяць не цяжар, а апора.
Частка экспазіцыі прысвечана тэме вяртання. Творы перадаюць той хвалюючы момант, калі чалавек зноў пераступае парог пустога дома, дзе гадзіннік даўно спыніўся, а на стале яшчэ стаіць кубак з астылай гарбатай. Безумоўна, многім сведкам аварыі не суджана перажыць гэтыя эмоцыі.
Яны назаўсёды застануцца на мяжы, дзе мінулага не вярнуць, але яшчэ цяжэй яго адпусціць. Асабліва кранаюць работы, на якіх у пакінутых хатах ёсць тыя, хто чакае вяртання людзей: пухнаты кот Васька штодзень сядзіць на ганку і чакае, пакуль баба Зіна налье яму малачка, певень Пеця, якога забылі ў мітусні, і ён па звычцы не выходзіць за калітку, каза Маруся, якая вольна пасвіцца ў полі, а штовечар прыходзіць дамоў, бо так заведзена. Канешне, усё гэта толькі мастацкія вобразы, надзеленыя душой і пачуццямі, але кожнаму з нас патрэбна адчуванне, што дома нас нехта чакае, нават калі сам дом знаходзіцца толькі ва ўспамінах.
Не забыліся мастакі і пра ліквідатараў, якія цаной уласнага жыцця і здароўя ратавалі мясцовае насельніцтва. Творцы шчыра захапляюцца мужнасцю і гераізмам гэтых людзей, захоўваючы памяць пра іх у мастацтве. Іх подзвіг паказаны не праз бляск медалёў і гучныя лозунгі, а праз усмешкі ўратаваных дзяцей, праз стомленыя твары, якія змагаліся з нябачным ворагам. Бо гэта, сапраўды, цяжэй: змагацца з цемрай, моц якой немагчыма ацаніць аб’ектыўна. Людзі паміралі ад нябачнага ворага, але ліквідатары смела ішлі насустрач небяспецы, разыкуючы ўласным жыццём дзеля людзей. Памяць пра іх гераізм засталася ў свядомасці людзей.
Асобна хочацца вылучыць работы Настассі Шабалтас-Саўчанкі, Таццяны Гершгорынай, Арсенія Двароніна і Алега Кірушкіна. Іх аб’ядноўваюць рэлігійныя матывы, якія прымушаюць задумацца пра вечнае і пра тое, што нават сярод болю і цемры застаецца месца для духоўнай апоры. Вобразы святых вылучаюцца сярод змрочных інтэр’ераў закінутых хат, сімвалізуючы тонкі прамень надзеі і веры ў лепшае будучае. Часта, калі бяда не мае рацыянальнага тлумачэння, людзі шукаюць адказы за мяжой бачнага свету. Творы беларускіх мастакоў становяцца той чырвонай ніткай, якая злучае зямное з нябесным, пакідаючы гледачу пачуццё, што нават самай цёмнай ноччу побач будзе хтосьці, хто трымае свечку.
Экспазіцыя не абмежавана традыцыйным жывапісам. На выстаўцы можна ўбачыць графічныя работы, кераміку і прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Аўтары не ставяць перад сабой мэту напомніць нам пра падзеі мінулага. Яны імкнуцца даказаць, што мастацтва здольнае вылечваць раны, якія не падуладны лекарам. «У сэрцы баліць Чарнобыль» — гэта спакойная песня тым, хто жыў, жыве і будзе жыць на гэтай зямлі. Выстаўка заклікае не забываць мінулае, але не засяроджвацца на ім. Яна вучыць бачыць прыгажосць у тым, што засталося, і ў тым, што нас чакае наперадзе. І памятаць. Бо пакуль мы памятаем — мы жывыя.
А пакуль мы жывыя, ёсць надзея, што наступныя сорак гадоўбудуць напоўнены творчасцю і натхненнем.
Выстаўка працуе да 30 жніўня.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА
Фота аўтара