Top.Mail.Ru

Новае гучанне старых гісторый

Аўтар: Лізавета Крупянькова
22.01.2025 | 09:52

У Палацы культуры Мінскага трактарнага завода стары Новы год аб’яднаў на адной сцэне аркестр рускіх народных інструментаў і сімфанічны аркестр Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Спалучэнне класічных сусветных кампазіцый і рускай народнай музыкі стварыла непаўторную атмасферу навагодняга цуду.


Абодва студэнцкія калектывы створаны на базе Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Аркестр рускіх народных інструментаў складаецца з больш чым 40 студэнтаў розных спецыяльнасцей — дамрыстаў, балалаечнікаў, баяністаў. Афіцыйная дата заснавання калектыву — люты 1954 года. Арганізатарам і кіраўніком да 1973-га быў знакаміты музыкант Георгій Жыхараў, пад кіраўніцтвам якога аркестр стаў лаўрэатам Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў у Маскве. Сёння калектыў узначальвае дацэнт Эльвіра Тахірава.

Сярод апошніх творчых дасягненняў калектыву: ХІ Міжнародны конкурс-фестываль «Зімнія зоркі Дрэздэна 2021» — лаўрэат І ступені і ўладальнік залатога медаля, Міжнародны конкурс «Людзі іграюць музыку» — лаўрэат І ступені (2021 г.), VIII Міжнародны конкурс выканаўчага майстэрства «Санкт-Пецярбургскія Асамблеі мастацтваў 2021» — лаўрэат І ступені, Міжнародны конкурс — фестываль мастацтваў «Вяршыня таленту» (2023) — Гран-пры і інш. 

У рэпертуары калектыву — сачыненні рускіх і заходнееўрапейскіх кампазітараў, арыгінальныя творы для аркестра, апрацоўкі народных песень. Аркестр падтрымлівае цесныя творчыя сувязі з вядучымі народнымі калектывамі Расіі, з кампазітарамі і дырыжорамі.

У канцэртнай праграме «Стары новы год» у выкананні аркестра рускіх народных інструментаў прагучалі кампазіцыі А. Цыганкова «Перавоз Дуня трымала» і «Opus One» (сусветная прэм’ера), імправізацыі на тэму «Палёт чмяля» з оперы М. А. Рымскага-Корсакава «Казка пра цара Салтана», музыка Д. Уільямса «Люк і Лея» з кінастужкі «Зорныя войны», «Ватра» У. Матвейчука.

Аркестр змог паказаць магчымасці рускіх народных інстументаў у выкананні не толькі класічных твораў, але і сучасных кампазіцый розных жанраў. Сюрпрызам для слухачоў, асабліва для аматараў рок-музыкі, стала песня «Du riechst so gut» нямецкага гурта «Rammstein» у апрацоўцы Д. Калініна. Сінтэз рока і балалайкі — дзіўная з’ява ў музычнай індустрыі.

Сімфанічны аркестр БДАМ займае асаблівае месца ў творчым жыцці ўстановы. На яго базе прайшла падрыхтоўку вялікая колькасць музыкантаў, якія пашыраюць традыцыі беларускай аркестравай школы не толькі на радзіме, але і за мяжой.

У розныя гады кіраўнікамі калектыву былі таленавітыя дырыжоры П. Кірыльчанка, В. Мнацаканаў, А. Лапуноў, М. Калядка, М. Анісімаў, А. Галанаў і інш. Сёння аркестрам кіруе дацэнт кафедры духавых інструментаў і аркестравага дырыжыравання Аляксандр Сасноўскі. 

Пачынаючы з 1994 года калектыў рэгулярна выступае на рэгіянальных і міжнародных пляцоўках («Лета Вялікага Саду», Францыя; «Навагоднія музычныя вечары» і Вагнераўскі фестываль, Германія). Кожны год аркестр дае цыкл канцэртаў у зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі і ў розных гарадах нашай краіны. Калектыў плённа супрацоўнічае з музыкантамі з Германіі, Францыі, Расіі, Турцыі. Разам з аркестрам выступалі выкладчыкі і студэнты Акадэміі музыкі: народны артыст Беларусі І. Алоўнікаў, прафесар В. Шацкі, лаўрэаты міжнародных конкурсаў А. Сікорскі, К. Красніцкі і інш.

Рэпертуар аркестра складаюць творы кампазітараў з розных краін свету: сусветныя класікаў — І. С. Баха, В. А. Моцарта, Л. Бетховена, І. Брамса, К. Дэбюсі, Дж. Расіні, І. Штрауса, рускіх кампазітараў — П. Чайкоўскага, М. Мусаргскага, А. Барадзіна, С. Рахманінава, Д. Шастаковіча, беларускіх аўтараў — А. Багатырова, Д. Смольскага, Г. Гарэлавай, А. Літвіноўскага. Рэпертуар сапраўды інтэрнацыянальны!

На сцэне Палаца культуры МТЗ у выкананні сімфанічнага аркестра прагучалі кампазіцыі Г. Манчыні «Ружовая пантэра», А. П’яцола «Лібертанга» і інш. Важнай часткай праграмы стала кампазіцыя В. Іванова «Рамантычны вальс», якую народны артыст Рэспублікі Беларусь прысвяціў сваёй жонцы алімпійскай чэмпіёнцы Алене Бяловай.

Сумесную праграму двух аркестраў адкрыла вядомая кампазіцыя, без якой не абыходзіцца амаль ні адно навагодняе свята, — «Happy New Year» шведскага гурта «АВВА». Песня даўно стала сімвалам надзеі на лепшую будучыню, а ў выкананні аркестраў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі змагла пакарыць сэрцы слухачоў і перадаць закладзены аўтарамі настрой.

Сапраўдную «фестывальную» атмасферу прыўнесла ў залу Палаца культуры сусветна вядомая песня «Ticotico», напісаная бразільскім кампазітарам З. Абрэў у 1917 годзе.

У сумеснай творчасці аркестр рускіх народных інструментаў і сімфанічны аркестр больш звярталіся да класічных твораў кампазітараў з усяго свету. Цікавае спалучэнне сімфанічных і народных інструментаў надае новае гучанне старым мелодыям. Падобныя сумесныя канцэрты пашыраюць магчымасці ўсёй музычнай культуры і спрыяюць росту цікавасці да аркестравай дзейнасці.

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю