Top.Mail.Ru

Новыя крокі да агульнай прасторы СНД

Аўтар: Ірына Прымак
06.11.2025 | 17:12
Умацоўваць творчыя сувязі

На гэтым тыдні ў выканкаме СНД адбыўся круглы стол «Роля кіно ў фарміраванні агульнай культурнай прасторы СНД» у межах XXXI Міжнароднага кінафестывалю «Лістапад». На ім абмяркоўваліся самыя розныя тэмы: як сумесныя стужкі ствараюць агульнае сімвалічнае поле і актуалізуюць агульныя гістарычныя сюжэты; развіццё адзінага рынку дыстрыбуцыі, субцітрыравання і дубляжу; як падтрымліваюць маладыя таленты; абмен прафесійнымі практыкамі; інтэграцыя кіно ў адукацыйныя праграмы і лічбавыя экасістэмы і інш.

Прывітальнае слова ад выканаўчага камітэта СНД ўзяў дырэктар дэпартамента па супрацоўніцтве ў палітычнай, гуманітарнай і сацыяльнай сферах Аляксей Сазонаў. Ён згадаў, якая вялікая ўвага ўдзяляецца супрацоўніцтву ў сферы кінематографа сёння, і распавёў пра ініцыятывы на будучыню. Сярод іх, напрыклад, правядзенне з наступнага года кінафестывалю «Садружнасць», які мяркуецца арганізаваць як своеасаблівую старонкукіно СНД на пляцоўках вялікіх фестываляў. «Гэтае пасяджэнне ярка дэманструе ўзаемны інтарэс у сферы кіно краін СНД. Але патрэбна нарошчваць нашы сумесныя дасягненні, хоць гэта і не так проста, як здаецца. У кожнай краіне СНД — свае асаблівасці, але ў нас ёсць і агульны культурны код. Напрыклад, усіх нас аб’ядноўвае памяць аб Вялікай Перамозе. Я перакананы, што менавіта кіно дапамагае зблізіцца яшчэ больш», — падкрэсліў Аляксей Сазонаў.

Ад міжнароднага саюза «Канфедэрацыя Саюзаў кінематаграфістаў краін СНД» выступіў яго старшыня і адначасова старшыня БСК Яўген Арэндарэвіч. Ён назваў кіно ўнікальнай мовай, на якой распавядаецца пра агульную гісторыю і праектуецца наша будучыня. «Гэты круглы стол — знамянальная гістарычная падзея, адкрыты дыялог, які важны асабліва цяпер, калі скажаецца гістарычная памяць, зрушваюцца пэўныя акцэнты. Перакананы, што наша пасяджэнне надасць дадатковы імпульс творчаму супрацоўніцтву, і мы скарэкціруем патрэбны вектар ва ўзаемадзеянні ў агульнай культурнай прасторы», — рэзюмаваў Яўген Арэндарэвіч.

У круглым стале браў удзел народны пісьменнік Беларусі, ганаровы старшыняСПБ Мікалай Чаргінец. Мікалай Іванавіч перакананы, што галоўная задача не паказаць навінкі ў сферы кіно, каб захапіць гледача, а прадэманстраваць свае магчымасці, якія дазволяць лепш прааналізаваць работу і вызначыць новыя кірункі. «Кажуць, прыгажосць і культура выратуюць свет, таму сёння кіно як найважнейшае з усіх відаў мастацтва павінна адпавядаць дэвізу „Час выбраў нас“. Трэба ствараць не толькі фільмы пра каханне, поспехі брацкіх рэспублік, але і заклікаць у фільмах да міру, развенчваць міфы і змовы ў свеце». 

Старшыня Сінадальнага аддзела па культуры Беларускай праваслаўнай царквы, дырэктар Мінскага духоўнага вучылішча, пратаіерэй Іаан Задарожын заўважыў, як важна ўлічваць духоўны аспект пры стварэнні фільмаў. «Беларускі саюз кінематаграфістаў працуе вельмі шчыльна з Беларускай праваслаўнай царквой, якая заўсёды гатова дапамагаць дзеля добрай мэты, каб новыя фільмы мелі высокі духоўна-маральны характар», — падкрэсліў ён.

Акцёр Акылбек Мураталіеў (Кыргызская Рэспубліка) працягнуў думку, што кіно можа як аб’ядноўваць, так і раз’ядноўваць, таму сапраўды роля фестывалю «Лістапад» маштабная. «Тыя добрыя ідэі, якія мы тут абмяркоўваем, кожны з нас прывязе ў сваю краіну. „Лістапад“ — выдатная пляцоўка, якая кансалідуе творчыя сілы незалежна ад колеру скуры і мовы», — заўважыў Акылбек Мураталіеў. А яшчэ ён прапанаваў стварыць сумесную работу да 100-годдзя Чынгіза Айтматава, якое будзе адзначацца ў 2028-м. Старшыня Саюза кінематаграфістаў Таджыкістана Сафар Хакдодаў звярнуўся да арганізатараў, папрасіўшы захоўваць «Лістапад» і надалей, бо ў наш час кінафестывалі знікаюць, а Мінскі міжнародны жыве і набірае моц. 

Мерапрыемства завяршылася падпісаннем Мемарандума аб супрацоўніцтве.

Ірына ПРЫМАК

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю