У выданні тыражом 3 000 экзэмпляраў на 224 старонках разам сабраны рэпрадукцыі каля 150 работ жывапісца. Невялікае мастацтвазнаўчае эсэ пра творцу і подпісы да карцін пададзены на рускай, англійскай і кітайскай мовах.
У жо даўно заняў сваё месца Валянцін Губараў ў шэрагу найцікавейшых мастакоў сучаснасці. Музеі, галерэі і прыватныя калекцыянеры лічаць за гонар мець у сваіх зборах работы яркага, таленавітага жывапісца.
Чытаю ў нарысе да новага альбома «Валянцін Губараў»: «...Сам Валянцін Губараў ніколі не спяшаўся спадабацца публіцы і не імкнуўся апрануцца ў адзенне моднага свецкага мастака. Ён заўжды падкрэслівае сваю любоў да простай побытавай рамантыкі. Героі яго работ — наіўныя, смешныя, недарэчныя, яны замілавана мараць пра „прыгожае жыццё“, яны па нараджэнні з правінцыйных гарадкоў і мястэчак.
Мастаку важна ўсё і ўсе вакол. У яго няма нязначных тэм і другарадных сюжэтаў. Няма банальнага і ўзвышанага, класічнага і авангарднага, няма зададзенага фармату. Яму цікава пражываць жыццё сваіх герояў разам з імі, не асуджаючы іх. Толькі здзіўляючыся іх мілай і трапяткой непасрэднасці. А нам, гледачам, цікава прачытваць напоўнены іроніяй дасціпны „аповед“, дзе шмат асобных эпізодаў, напоўненых, быццам кадры з фільма, дэталямі і дробязямі. Фантазія аўтара бязмежная...».
Узіраюся ў карціны, разважаю над словамі пра «побытавую рамантыку» — і не пагаджаюся. Не веру, што гэтак усё проста... Мастак успомніў пра дзіцячыя і юнацкія ўражанні з даўно, здавалася б, забытага жыцця. І ўявіў сюжэты, знаёмыя і хлопчыку, які сядзіць каля акна ў гарадской кватэры («Снегапад»), і святару, які задумліва перабірае вёслы і імкнецца праз раку трапіць у царкву на другім беразе («У святую мясціну»). І перадаў сваімі фарбамі ўсе гэтыя ўспаміны гледачу. Не, не так усё проста, а нашмат складаней. Верагодна, за ўсімі гэтымі, няхай сабе і прыцягальнымі праявамі, ідзе работа думкі, як рух з мінулага ў сапраўднае. І гэта дапаўняе нашы ўражанні, уцягвае ў вір асацыяцый. Вечная задача вялікага мастацтва: арганізаваць час і прастору, паказаць іх адзінства або наадварот — неадпаведнасць. Так, без перажыванняў не абысціся... І «эпіграф» у мастака да «Снегападу» наступны: «Канцэптуальнае мастацтва выклікае здзіўленне, абстрактнае — падштурхоўвае да эстэтычных перажыванняў. А для мяне найважней — душэўныя».
Матэрыя, якую мастак выбірае для адлюстравання прасторы і часу, носіць універсальны характар. Сваё пасланне сучаснікам і, канеш-
не ж, наступным стваральнікам нашай светабудовы творца піша на матэрыяле, сюжэтах зразумелага нам жыцця. Але зразумелага толькі ў частцы знешняй. Героі работ «На раёне», «І Вас таксама!», «Сад», «Сціплая прывабнасць неразвітога сацыялізму», «Усё будзе добра», «Пятровіч і Сусвет», «Вербніца» і іншых твораў Валянціна Губарава — гэта мы самі, нашы бацькі, дзеці, суседзі. І справа тут не толькі ў тым, каб прыняць гэты свет і пагадзіцца, што вось, маўляў, рэчаіснасць менавіта такая, якой бачыць яе мастак. Справа ў іншым: як прайсці праз іронію, як дайсці да новых вяршынь чалавечага пазнання і пры гэтым не разбурыць створаную аўтарам светабудову. Пазнаёміўшыся з работамі Валянціна Губарава, праглядзіце старонкі «Мёртвых душ» Мікалая Васільевіча Гогаля, можаце зазірнуць у раман Міхаіла Булгакава «Майстар і Маргарыта».
Ці пачытайце «Запіскі Самсона Самасуя» Андрэя Мрыя... Гогаль ставіўся да сваёй «паэмы», як да «святога запавету паэта», дзе суседнічалі іронія і смех, жадаў адкрыць чытачу лёсы Расіі і ўсяго свету. Валянцін Губараў запрашае нас у «Сціплую зачараванасць правінцыі» ці ў «Салодкае жыццё» і «Адведкі» праз смех, гратэск, пераконвае ў неабходнасці прыўзняцца над недарэчнасцямі і неверагоднасцямі. «У творчасці я абапіраюся на жыццё, якое вакол мяне, але сваю ўвагу засяроджваю на яго светлых баках», — гаворыць сам мастак... І яшчэ ад Валянціна Губарава: «Мне важна, каб, пазіраючы на мае карціны, глядач не проста фіксаваў, а з радасцю пазнаваў тое, што ён амаль забыў...».
Відавочнае жаданне абхапіць шырокі свет («Пра зямное і ўзвышанае», «Толькі наперад!», «Ванільнае лета», «Чырвоная ружа — сімвал кахання», «Сцяна», «Піраміда», «Які прыгожы гэты свет!», «Старая Лошыца», «Усё магчыма!», «Ванільнае лета», «Арэлі») — гэта бясконцая дарога па жыцці. Без абмежаванняў і дарожных знакаў, якія даволі часта клапатліва спыняюць нашы крокі і нават нашы думкі. Ёсць у творах Валянціна Губарава, які імкнецца падкрэсліваць і ўсяляк дэклараваць сваю повязь з паўсядзённай рэчаіснасцю, усё-такі нешта фантастычнае, тое, што кліча ў іншы, не зразумелы і не раскрыты звычайным чалавекам свет.
Мікола РАЎНАПОЛЬСКІ