Top.Mail.Ru

Падманлівае і рэальнае. Знаёмства з напрацоўкамі маладых аўтараў

Аўтар: Яўгенія Шыцька
15.06.2026 | 19:02
У Мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» да 20 чэрвеня можна ўбачыць дзве выстаўкі твораў юных аўтараў. А

Адна з экспазіцый — «Ад слоў да вобраза» — прысвечана кніжнай ілюстрацыі і знаёміць з напрацоўкамі другакурснікаў спецыяльнасці «Жывапіс» Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. К. Глебава. У другой, што называецца «Вытокі творчасці», паказаны выніковыя работы па кампазіцыі навучэнцаў Дзіцячай школы мастацтваў № 1 імя В. К. Цвіркі г. Мінска. 

«Ад слоў да вобраза»

Аўтары, якія сёння вучацца майстэрству жывапісу, у ілюстрацыях да твораў розных пісьменнікаў імкнуліся адшукаць тыя візуальныя рашэнні, якія б змаглі перадаць іх бачанне асаблівасцей сюжэтаў і герояў. Сярод літаратурных крыніц — сусветная класіка («Аліса ў Краіне цудаў» Льюіса Кэрала, «Каштанка» Антона Паўлавіча Чэхава, «Дэман» Міхаіла Юр’евіча Лермантава), папулярныя тэксты пісьменнікаў мінулага веку («Партрэт Дарыяна Грэя» Оскара Уайльда, «Мая сям’я ды іншыя звяры» Джэральда Дарала) і сучаснікаў («Дом, у якім...» Марыям Петрасян). Меней чаканы на падобнай выстаўцы — зварот да царкоўнага жанру: Анастасія Дубавец праілюстравала «Жыціе прападобнай Еўфрасінні Полацкай». Атрымалася графічная серыя, складзеная з чорна-белых выяў, за выключэннем цэнтральнай, выкананай у залацістых тонах. Тут спалучаюцца вытанчанасцьліній і арыгінальнасць кампазіцыі, між тым прыкметная павага мастака да святасці... Нездарма адна з выяў серыі Анастасіі Дубавец стала асновай для афішы выстаўкі «Ад слоў да вобраза». 

Многія работы ў экспазіцыі манахромныя, таму тыя, дзе колер не проста прыцягвае ўвагу, а яшчэ дакладна перадае задуму аўтара ілюстрацыі ды ідэю паэмы, апавядання, аповесці ці рамана, здаюцца найбольш удалымі нават насуперак неадпаведнасці духу — катэгорыі надзвычай уяўнай і падманлівай. Ды вядома, многім гледачам часта складана пагадзіцца з пунктам гледжання маладых мастакоў на класіку. Гаворка, пэўна, і пра каларытныя ілюстрацыі Ксеніі Казанцавай да «Скакухі» Антона Паўлавіча Чэхава. Аўтар працавала ў змяшанай тэхніцы, выкарыстала калаж, аднак не пабаялася дадаць у кампазіцыю і фрагменты тэксту. Кантраст створаны галоўным чынам дзякуючы спалучэнню адценняў чорнага з колерам бронзы: адзін з варыянтаў тлумачэння — такім чынам супрацьпастаўляецца халоднае, штучнае і даўгавечнае, высакароднае. 

У тым ліку дзякуючы тэхніцы гратажу прываблівае серыя Лізаветы Радзічэнкі «Старая Ізергіль. Легенда пра Данка» паводле апавядання Максіма Горкага. Ключавы вобраз тут — шкілет, увасабленне смяротнасці, хуткаплыннасці часу, тленнасці плоці і мяжы паміж светамі. Работы Лізаветы Радзічэнкі, зразумела, даволі змрочныя: шкілеты, надзеленыя якасцямі чалавека, нагадваюць пра асуджанасць на адно і тое, немагчымасць знайсці праўду і спакой. Малюючы іх замест людзей, аўтар абязлічвае натоўп, стварае адчуванне пустэчы, паказвае супрацьлегласць шляхоў племені і збавіцеля. 

«Вытокі творчасці» 

У экспазіцыі дэманструецца каля 70 работ выпускнікоў 2026 года пад кіраўніцтвам Андрэя Лапіцкага, Леакадзіі Рагавой, Святланы Чэпік, Аляксандра Юшкевіча ды іншых настаўнікаў школы мастацтваў, якія прытрымліваюцца акадэмічнага кірунку ў навучанні дзяцей. Зразумела, педагогі скіроўвалі сваіх выхаванцаў і адносна тэматыкі. Так, шмат увагі тыя ўдзялілі звычаям і традыцыям беларусаў. Не прымяншаючы ўзроўню цікавасці моладзі да мінуўшчыны, усё ж заўважым, што якраз гэтая частка выстаўкі не вызначаецца арыгінальнасцю. 

Ды сёння гэта звышзадача — зрабіць свой зварот да тэмы спадчыны апраўданым, не шаблонным. А вучнёўскім спробам, вядома, многае даравальна. 

Нашмат цікавей разглядаць творы з апісаннем аўтарамі сваёй паўсядзённасці, імгненняў уласнага жыцця: Лізавета Дзюбчанка расказвае пра будні людзей, якія займаюцца конным спортам («Ратамка»), а Соф’я Амялішка зачаравана некалі звычайным, у тым ліку для сюжэтаў фатаграфій савецкага перыяду, але амаль немагчымым сёння нават у рэальнасці вулічным спаборніцтвам — гульнёй у шахматы («Турнір»); а Таццяна Сянькевіч захапляецца прыгажосцю гарадскіх ускраін («Сяброўкі»), тым часам Юлію Лапкоўскую і Даніэлу Сімонаву прываблівае наваколле вёскі («Прагулка»)... У развагах на тэму пакуль мала самабытнага, часам і не адшукаць прыкмет сучаснага жыцця — не адгадаеш, што гэта намаляваў юны мінчанін. Аднак тут варта помніць пра асаблівасці адукацыйнага працэсу, які мае на ўвазе спасціжэнне асноў, а не фіксацыю рэчаіснасці і выяўленне думак. Гэта, пэўна, пачнецца пазней. 

Немагчыма не звярнуць увагу на творы, прысвечаныя літаратурным і міфалагічным сюжэтам. Здаецца, гэта самы шчодры матэрыял для хлопцаў 

і дзяўчат з багатай фантазіяй. Варыянт таго, як магла б выглядаць лясная дэманічная істота з паданняў, прапанавала Ніка Герман («Зазоўка. Беларуская міфалогія»), а Вужа-гаспадара (са спысалкай на дываны Алены Кіш) выявіла Кацярына Мадзенава. Выразны літаратурны падмурак мае работа «У полі» Кірыла Храмчанкова, як і «Легенда пра Барбару Радзівіл» Марыі Содзька, «Паляванне на зубра» Данііла Рэзніка... Да вобраза апякункі і нябеснай заступніцы зямлі беларускай звярнулася Аліна Маторная ў творы «Еўфрасіння Полацкая». Абагульняе гэтую частку выстаўкі Маргарыта Маслова з кампазіцыяй «У свеце кніг»: тут казачная карціна народжана дзіцячымі фантазіямі і марамі. 

Дэманструецца на выстаўцы «Вытокі творчасці» і арт-праект «Палітра выпускніка». Шэраг навучэнцаў пад кіраўніцтвам выкладчыка Марыі Войцікавай малявалі на класічных драўляных палітрах. «Для таго, каб паказаць, якія розныя юныя мастакі вучыліся ў выпускной групе, перад імі была пастаўлена задача выбраць памер і форму палітры, парадак размяшчэння фарбаў на яе паверхні, месцазнаходжанне адтуліны, а таксама намаляваць свой сюжэт ці кампазіцыю ў любімай колеравай гаме», — растлумачылі арганізатары. 

Яўгенія ШЫЦЬКА 

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю