Месца нараджэння Аляксандра Наймана — Мінск. Вучыўся ён спачатку ў Кірсанаўскім авіяцыйным тэхнічным каледжы (Расія), а пазней — у Нацыянальным авіяцыйным універсітэце, што ў сталіцы Украіны. Звязаў сваё жыццё з палётамі — доўгі час працаваў бортінжынерам у авіякампаніі «Белавія». Аднак яшчэ ў той час, калі працаваў па прафесіі, пачаў спрабаваць свае сілы ў творчасці.
Член Беларускага саюза кінематаграфістаў, Аляксандр Якаўлевіч піша сцэнарыі для анімацыйнага і ігравога кіно. Між тым уваходзіць у Аб’яднанне прафесіянальных мастакоў Ізраіля. Памкненні Аляксандра Наймана на шляху да мастацтва падтрымалі і паспрыялі яго творчаму развіццю сябры — беларускія мастакі. Прайшоў час, і сёння работы аўтара знаходзяцца ў прыватных калекцыях у розных краінах.
Выстаўку «ПАРАДОКС NAY» можна ўмоўна падзяліць на дзве часткі. Першая ўяўляе сабой інтэрпрэтацыю старазапаветных сюжэтаў. Тут прадстаўлены шэраг работ, дзе ідэйны змест і філасофскае напаўненне пануюць над формай. Адсюль — выбар герояў для твораў і імкненне да своеасаблівых назваў, у якіх, дарэчы, часта гучаць пытаннізаклікі, суправаджэнне ці нават замена гэтых назваў фрагментамі з розных тэкстаў — тлумачэнне, узмацненне ўплыву на гледача. Гэта не толькі цытаты з Бібліі, сустракаюцца радкі з паэзіі Валерыя Брусава, Канстанціна Бальмонта, а яшчэ — Дантэ Аліг’еры.
Гэтай частцы экспазіцыі, поўнай думак аўтара аб вечным і неспазнаным, быццам крыху абцяжаранай пошукамі адказаў на вечныя пытанні быцця і смерці, супрацьпастаўляюцца будзённыя сюжэты. Менавіта тут знайшлося шмат месца гумару і гратэску, відавочная і настальгія: знікла тое жыццё, сышлі людзі, паступова сціраецца і самае дарагое — успаміны, якія робяць чалавека тым, хто ён ёсць.
Нягледзячы на супрацьпастаўленне высокага і будзённага, зварот да агульнага і асабістага і тыя самыя парадоксы, творы выстаўкі аб’ядноўвае любоў да блізкага, якая выяўляецца нават у спосабах формаўтварэння, няхай гэта мяккасць, плаўнасць у стварэнні вобразаў звычайных людзей, прадстаўнікоў пэўнай эпохі, ці рэзкасць, выразнасць, дакладнасць у адлюстраванні чалавека як часцінкі нязведанага сусвету. Зразумела, рэлігійны пачатак у творчасці Аляксандра Наймана надзвычай моцны, пытанні веры хвалююць і вабяць аўтара, прымушаюць менавіта так, а не іначай, выяўляць свае пошукі ў скульптуры, таму гледачу непадрыхтаванаму, каго тэма мала цікавіць, «ПАРАДОКС NAY» можа здацца неабавязковым для навадвання. Адкрытаму ж да ўсяго новага, дапытліваму шукальніку нават знаёмыя героі, сюжэты, падзеі ў аўтарскай інтэрпрэтацыі не дадуць засумаваць.
Фота аўтара