Аднайменная кніга пра абстрактнае мастацтва для самых маленькіх нядаўна выйшла ў Расіі. Творы Сяргея Дождзя паслужылі ілюстрацыямі да выдання. «Унутраная прастора дзіцяці такая ж вялікая, як і ў дарослага. А патэнцыял яе развіцця бязмежны. Маленькаму чалавеку патрэбна дапамога ў вызначэнні і ўдасканаленні яго талентаў, падрыхтоўцы і рэалізацыі плана навучання. Музыка, слова, жывапіс на ўзроўні інтуітыўнага прыняцця з’яўляюцца самымі дакладнымі вобразамі гармоніі, якія жывяць розум і сэрца Чалавека, напаўняюць жыццё новымі ідэямі і глыбокімі сэнсамі», — піша мастак.
На выстаўцы прадстаўлены арыгінальныя палотны аўтара. Яны раскрываюць асноўны творчы метад мастака, які выбраў абстракцыю ў якасці выяўленчай мовы для сваіх твораў.
Галоўным лірычным героем ілюстрацый з’яўляецца Абстрашка, якая знаёміць са светам абстрактнага мастацтва, яго правіламі, заснавальнікамі (Васіль Кандзінскі, Казімір Малевіч, Робер Дэлонэ і інш.). Абстрашцы дапамагаюць верныя сябры — Абстрактны аловак (ці Завадзілка), Абстрык (ці Абстрактная цацка) і Абстрактная чарадзейная палачка (ці Абратварабра). Усе героі прыцягваюць увагу яркімі колерамі, цікавымі формамі і казачнымі матывамі. Кожная ілюстрацыя мае тлумачэнне.
Вясёлая кампанія Абстрашкі, Завадзілкі, Абстрыка і Абратварабры знаёміць дзяцей з паняццямі колеру і формы, мастацкай глыбіні і рытму. Сябры вучаць простым правілам творчасці, якімі павінны карыстацца ўсе мастакі: слухай сябе і любі тое, чым займаешся. Цудоўныя парады, якія можна выкарыстоўваць не толькі ў мастацтве.
Сам стыль абстракцыі вельмі падыходзіць для першага знаёмства з жывапісам. Тут патрэбны фантазія і добры настрой, яркія фарбы і чысты аркуш паперы. Падчас прагляду экспазіцыі можна далучыцца да творчага падарожжа абстрактных герояў і паспрабаваць самому намаляваць Абстрашку. Усе работы дзяцей прадстаўлены ў асобнай зале як важная частка сучаснага беларускага мастацтва.
Ілюстрацыі Сяргея Дождзя напоўнены святлом, дзіцячай наіўнасцю і нагадваюць любімыя савецкія мультфільмы, на якіх вырасла не адно пакаленне гледачоў. Творы зацікавяць не толькі дзяцей, але і дарослых. Выстаўка падыходзіць для сямейнага адпачынку, дзе акрамя жывапісу можна пазнаёміцца з цікавымі літаратурнымі персанажамі, а таксама набыць кнігу пра чароўны стыль мастацтва.
Праект працуе да 2 лютага.
Фота аўтара