Top.Mail.Ru

Персанальная выстаўка Віктара Данілава працуе ў галерэі «Універсітэт культуры»

Аўтар: Лізавета Крупянькова
04.09.2026 | 17:39
Грані аднаго майстра

Выставачны праект «Майго жыцця берагі» прымеркаваны да 80-годдзя жывапісца. У экспазіцыю ўвайшлі работы апошніх гадоў, якія адлюстроўваюць шматграннасць творцы. Усе карціны аб’яднаны шчырай любоўю аўтара да навакольнага свету.

Выставачная прастора падзелена на тэматычныя блокі: акварэль, алейны жывапіс і графіка. Асноўныя жанры творчасці беларускага майстра — пейзаж і нацюрморт. Мастак шмат вандруе, а самыя яркія эмоцыі ад падарожжаў адлюстроўвае ў жывапісе. У якасці аб’ектаў творчай зацікаўленасці Данілава выступаюць родныя мясціны, прыгожыя краявіды і архітэктурныя помнікі мінулага. У экспазіцыі можна ўбачыць серыі работ, прысвечаныя старажытнай архітэктуры Беларусі (Мір, Заслаўе, Нясвіж, Полацк) і Расіі (Пскоў, Вялікія Лукі). 

— Амаль заўсёды пішу з натуры эцюд-карціну алеем ці акварэллю. Але мой любімы жанр — архітэктурны пейзаж. Тут цесна пераплятаюцца гісторыя, дойлідства і прырода, — падзяліўся Віктар Данілаў.

Выстаўка «Майго жыцця берагі» прапануе гледачам адправіцца ў падарожжа па славутых мясцінах роднага краю і замежжа. На карцінах Віктара Данілава сустракаюцца як велічныя храмы, саборы, замкі, так і простыя вясковыя забудовы, якія маюць сваю асаблівую эстэтыку.

Майстар вельмі добра адчувае колер. Ён па-свойму стылізуе рэалістычныя работы, з-за чаго многія карціны нагадваюць цёплыя дзіцячыя ўспаміны, дзе сонейка свяціла ярчэй, а трава была зеляней. Данілаў эксперыментуе з перспектывай і аб’ёмам, часта выбіраючы від зверху, што выклікае ў гледача адчуванне палёту. У мастака вельмі пазнавальная манера пісьма, інывідуальны жывапісна-пластычны почырк.

Прыцягваюць увагу і нацюрморты мастака. Не цяжка здагадацца, што любімай кветкай Віктара Данілава з’яўляецца бэз — так часта ён фігуруе на жывапісных палотнах майстра. Стыль аўтара нагадвае знакамітыя нацюрморты Ван Гога. Дарэчы, у экспазіцыі можна ўбачыць жнівеньскія сланечнікі, выкананыя ў акварэлі. 

Мастак бачыць іх не толькі як кветкі, а як сімвал сонца і адданасці.

Выстаўка працуе да 11 верасня.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю