Top.Mail.Ru

Першая персанальная выстаўка Таццяны Гузоўскай адкрылася ў галерэі «Універсітэт культуры»

Аўтар: Лізавета Крупянькова
13.06.2025 | 07:00

Абстрагавацца ад дажджлівага надвор’я і акунуцца ў атмасферу цёплых летніх дзянькоў прапануе выстаўка Таццяны Гузоўскай «Адлюстраванне рэальнасці», якая працуе ў мастацкай галерэі «Універсітэт культуры». У экспазіцыі — жывапісныя работы ў рэалістычным стылі, прысвечаныя прыгажосці навакольнага свету, якую можа заўважыць толькі мастак.


Таццяна Гузоўская скончыла Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «Архітэктура». Працавала архітэктарам у праектным інстытуце, мастаком у тэатры «Дзе-Я?», а пасля на доўгі час прысвяціла сябе акварэлі, роспісу сцен і ландшафтнаму дызайну, што моцна паўплывала на яе работы. Апошнім часам мастачка цікавіцца станковым жывапісам і гальванапластыкай — стварэннем упрыгажэнняў з медзі. Творы Таццяны знаходзяцца ў шматлікіх прыватных калекцыях краін Еўропы і СНД.

— Гэты праект — вялікая нечаканасць для мяне. Упершыню мне прапанавалі персанальную выстаўку. Раней я працавала, як кажуць, «у стол». Натхнялася прыродай і, спадзяюся, у мяне атрымалася перадаць свой настрой і вам, — падзялілася творца.

16_22_Б.jpg

«Фея восені», 2023 г. 

У экпазіцыі прадстаўлены жывапісныя і графічныя работы ў стылі рэалізм. Мастачка прапануе паглядзець на звычайныя рэчы праз прызму колеру і святла, адчуць іх глыбіню і эмацыянальную насычанасць. Асноўная ідэя выстаўкі — паказаць гармонію ў кожным моманце быцця, перадаць непаўторнасць жыцця праз мастацтва.

— Акрамя прыгожага кветніка, які шырока прадстаўлены на гэтай выстаўцы, мне прыемна бачыць работы, што былі створаны ў светлую пару нашага студэнцтва. Вядома ж, большасць твораў не падобна на тое, што мы, студэнты-архітэктары, практыкавалі на занятках. Аднак адлюстраванне архітэктурнага мінулага можна заўважыць і ў апошніх работах Таццяны. І тое, што яна выступае тут як чалавек, які бачыць прыгажосць у простым, кажа пра рэдкае ўменне заўважаць дэталі, якія мы прывыклі ігнараваць, але з іх складаецца сапраўдная рэчаіснасць. Думаю, на гэта паўплывала работа ландшафтным дызайнерам, бо менавіта там патрэбна адчуваць душу неадушаўлёных прадметаў, — выступіў на адкрыцці экспазіцыі мастак-мультыплікатар, аднагрупнік і сябар Таццяны Гузоўскай Міхаіл Тумеля.

Жывапісную частку работ складаюць пейзажы і нацюрморты. Пастэль, якую выкарыстоўвае мастачка, добра адлюстроўвае пяшчотныя адценні натуры. Тут можна ўбачыць яркія фарбы летніх кветак, прыгажосць восеньскай пары, снежныя пейзажы роднай вёскі і вясновае абуджэнне прыроды. Акварэллю выкананы пейзажы славутых мясцін Нясвіжа і беларускай сталіцы.

Асаблівае месца ў экспазіцыі займае серыя графічных работ, на якія натхніў чароўны лес Францыі, што знаходзіцца ў 60 км ад Парыжа. Мільёны гадоў таму гэтыя мясціны былі марскім дном, а цяпер — гэта пейзажы, якія нагадваюць застылых міфічных істот і прывабліваюць сваёй таямнічасцю. Графіка, па меркаванні творцы, дазваляе найбольш дакладна перадаць унікальнасць форм і энергетыку дзівосных мясцін. 

16_22_В.jpg

«Сочы», 2021 г.

На гэтым «французскія» работы не скончыліся. Падчас падарожжа Таццяна Гузоўская наведала школу Штайнер-Вальдорф у прадмесці Парыжа, пасля чаго стварыла серыю пастэльных замалёвак. Сучасны «Хогвартс» з унікальнай атмасферай і незвычайным падыходам да навучання натхніў мастачку на стварэнне серыі, якая адлюстроўвае гармонію і прыгажосць адукацыйнай прасторы.

Выстаўка працуе да 28 чэрвеня.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю