Куратарамі выстаўкі «Postscriptum», што дзейнічае зусім мала — да 1 чэрвеня, выступаюць Аляксандр Зінкевіч і Кацярына Янкоўская, якія звычайна і працуюць над стварэннем «Арт-Мінска» ў Палацы мастацтва. Яны традыцыйна падвялі вынікі маштабнага праекта і павіншавалі пераможцаў у адпаведных намінацыях, а таксама ўладальніка Гран-пры — ім стаў Аляксандр Некрашэвіч. Мастак часта выступае са сваімі работамі ў розных фестывалях і конкурсах, апошнім часам — з карцінамі, аднак у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў ён вучыўся на аддзяленні манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, таму ўплыў яго моцна адчуваецца і ў станковым жывапісе. Творы аўтара неаднаразова атрымлівалі высокую ацэнку ў рамках асобных праектаў, між тым апошнім часам асаблівая ўвага прафесіяналаў і публікі была накіравана на работы, аб’яднаныя вобразам папяровага самалёта: надзвычай яркі і стракаты, складзены з рэпрадукцый класічных карцін, ён, як правіла, урэзваецца ў шэрую штодзённасць, нічым не прыкметнае жыццё без мастацтва, выяўленае праз прыродны пейзаж, выкананы ў змрочных тонах. Гэта ўжо тэндэнцыя — штогод публіка прагне квяцістасці, імкнецца да таго, каб выяўленчае мастацтва аздобіла яе рэчаіснасць. Звычайна большасць наведвальнікаў «Арт-Мінска» выбірала суцэльную казку надзвычай папулярнага жывапісца Алесі Скарабагатай (сёлета яна не здабыла трыумф), але гэтым разам спынілася на сусвеце кантрастаў Аляксандра Некрашэвіча, які, між іншым, схільны разважаць пра сур’ёзнае з гумарам. Да гэтага глядач, безумоўна, таксама неабыякавы.

Аляксандр Некрашэвіч «Air Battle», 2025 г.
У намінацыі «Жывапіс» перамогу атрымалі Таццяна Чарных, Алеся Скарабагатая, Ганна Садоўская, Эльміра Мухтарава і Алесь Багданаў. Найлепшымі графікамі былі названыя Аляксандра Адамовіч, Юлія Давыдава, Фёдар Шурмялёў, Надзея Барай і Паліна Сухадольская.
Скульптары, творы якіх прыйшліся даспадобы публіцы, — Андрэй Асташоў, Валерыя Бірала і Арцём Мядзведзеў, Раман Кавальчук, Аляксандр Шаппо і Павел Малаткоў. Найбольш цікавыя майстры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, згодна з выбарам гледачоў «Арт-Мінска», — Анастасія Чадзій, Юлія Цярэшка, Уладзімір Гормаш, Паліна Белая і Уладзіслаў Мялешчанка. Пераможцамі ў намінацыі «Інсталяцыя і арт-аб’ект» сталі Уладзіслаў Хацкевіч, Кацярына Афоніна, Ірына Рамбальская, Вольга Якаўлева, а таксама Inshiya. Што датычыцца майстэрства фатаграфіі і лічбавага мастацтва, то найлепшымі прадстаўнікамі кірунку сталі Graph Calligraph, Генадзь Дук, Алеся Максіменка, Ксенія Лакотка, Марыя Буйніцкая.

Эльміра Мухтарава «У туман», 2025 г.
Тым часам спецыяльны прыз журы пры падтрымцы анлайн-платформы artcenter. by атрымалі Уладзімір Зінкевіч, Ганна Мельнікава і Аляксандр Трускоўскі. Дыпломам куратара адзначаны Сяргей Ашуха, Аляксандр Барташэвіч, Марына Казак, Андрэй Пяткевіч, Эдуард Куфко, Андрэй Клюйко, Аляксандр Шаппо, Вадзім Мацкевіч, Алесь Багданаў, Усевалад Швайба, Ілья Гічан і Міша Дайліда. Прызы ад партнёраў праекта таксама ўручаны Юрыю Сяргейчыку, Наталлі Шапавалавай ды іншым мастакам.
Экспазіцыя «Postscriptum» атрымалася, як і заўсёды чакана, даволі неаднастайнай. Яе каштоўнасць — у дэманстрацыі таго, што цэніць публіка ў сучасным мастацтве: творчая справаздача сучасных беларускіх аўтараў становіцца і справаздачай гледача аб яго густах, своеасаблівым экзаменам. Ці вытрымаў той яго? І хто ўпаўнаважаны ацэньваць узровень гэтых ведаў? Пытанні, зразумела, дыскусійныя, недзе нават рытарычныя... Аднак жаданне атрымаць адказы на іх час ад часу ўзнікае, а прапанаваць іх могуць, вядома, мастацтвазнаўцы, арт-крытыкі, галерэйшчыкі і музейшчыкі. Тым не менш нельга адбіраць гэтае права — прапанаваць сваё бачанне, даць ацэнку становішчу спраў — і ў кожнага здольнага бачыць і адчуваць, думаць і аналізаваць. То запрашаем!

Вольга Якаўлева «Прадоўжанка», 2025 г.
Яўгенія ШЫЦЬКА