Top.Mail.Ru

Пра альбом Вадзіма Качана «Сувязь эпох: Беларусь у кадры гісторыі»

Аўтар: Яўгенія Шыцька
19.11.2025 | 18:22
Імгненні штодзённасці

Ці любы кірунак фотамастацтва здольны адлюстраваць асаблівасці часу і эпохі? Пытанне дыскусійнае, асабліва ўлічваючы тое, што нават разнавіднасці дакументальнага напрамку з’яўляюцца аб’ектам крытыкі з-за нярэдка пастановачнага характару такіх кадраў. Аднак альтэрнатывы тут, нягледзячы на развіццё тэхналогій, пакуль быць не можа, і менавіта дакументальная фатаграфія з большай дакладнасцю захоўвае імгненне, фіксуе падзею, дае ўяўленне пра гістарычны кантэкст. 

«Сувязь эпох: Беларусь у кадры гісторыі» — такую назву носіць чарговы фотаальбом Вадзіма Качана. Выданне на рускай і англійскай мовах, выпушчанае па заказе «Мабільных ТэлеСістэм» (кампанія МТС), пабачыла свет у выдавецтве «Сегмент». Лейтматывам кнігі, у якой адлюстраваны розныя моманты жыцця беларусаў на працягу многіх гадоў, стала тэлефонная сувязь. Так, на вялікай колькасці здымкаў людзі знаходзяцца ва ўжо амаль забытых тэлефонных будках. Аўтар піша: «Тэлефонная будка — куточак гарадской магіі: тут знаёміліся, назначалі спатканні,хаваліся ад непагоды, цалаваліся. 

А варта было зняць трубку — і ты перамяшчаўся ў іншы свет». 

Разам са здымкамі савецкага перыяду — кадры, зробленыя ў 2000-я. З гэтага моманту чалавек са сматфонам не проста знаходзіцца на сувязі, а становіцца ўпэўненым прэтэндэнтам на права называцца фатографам (хтосьці сапраўды ім становіцца), ледзь не штодзённа стварае ўласны фоталетапіс. Ды фатаграфія даўно стала самастойным сродкам камунікацыі і не толькі...

Тое, як моцна змянілася жыццё, фатограф паказвае апроч іншага праз простыя супастаўленні: напрыклад, серыя «Горад і час» уключае ў сябе здымкі накшталт «было і стала», у іх параўноўваецца адзін і той жа від у мінулым і сучаснасці. Гэта падштурхоўвае гледача да аналізу змен, пошуку іх прычын. 

Работы Вадзіма Качана цікавыя найперш з пункту гледжання дакументальнай фатаграфіі, якая ў яго іншы раз асаблівым чынам пераплятаецца з мастацкай, нягледзячына відавочную дакладнасць. У архіве аўтара знаходзіцца больш 10 тысяч негатываў фатаграфій савецкага перыяду, а яшчэ мноства сучасных фота. З іх для альбома «Сувязь эпох» адабрана больш за сотню. Усе яны выключна дакументальныя — тут пануе выпадковасць. Зразумела, імкненне любога майстра захаваць неабходныя фрагменты рэчаіснасці перашкаджае пабудове выдатнага фота, і не сакрэт, выйсці з такога становішча дапамагаюць галоўным чынам талент і ўдача, ды карпатлівая праца: Вадзім Качан ад самага пачатку творчай дзейнасці шмат працаваў і здымаў найперш усё, што акружала. А з поспехам зафіксаваць імгненні штодзённасці можна толькі тады, калі сам ёю натхняешся, калі разумееш тое і тых, хто вакол, калі здольны праз сваю справу выказаць эмоцыі і пачуцці. Верагодна, многія з сучасных гледачоў могуць гэтага не ўлавіць, але толькі спачатку, падчас беглага знаёмства. Пазней усё становіцца на свае месцы. Здаецца, і сам Вадзім Качан гэта зразумеў, калі пасля працяглага перапынку пачаў зноў фатаграфаваць і займацца архівам. Дарэчы, многае з альбома публіка ўбачыць упершыню. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю