Жыццё і творчы шлях расійскай мастачкі Ірыны Яблачкінай паяднаныя з Санкт-Пецярбургам. Яна скончыла Сярэднюю мастацкую школу пры Акадэміі мастацтваў (цяпер — Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны акадэмічны мастацкі ліцэй імя Б. У. Іагансона пры Расійскай акадэміі мастацтваў), Вышэйшае мастацка-прамысловае вучылішча імя В. І. Мухінай (цяпер — Санкт-Пецярбургская дзяржаўная мастацка-прамысловая акадэмія імя А. Л. Шцігліца), дзе вучылася на аддзяленні тканін. Доўгі час працавала на Камбінаце дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Мастацкага фонду Ленінградскага аддзялення Саюза мастакоў РСФСР, у Інстытуце дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Ірына Яблачкіна — член Саюза мастакоў Расіі, а таксама нефармальнага аб’яднання прафесійных мастакоў «Гільдыя Тэкстыльшчыкаў Санкт-Пецярбурга». Удзельнічала ў больш як двухстах выстаўках. Чарговая — персанальная — выстаўка Ірыны Юр’еўны на мінулым тыдні адкрылася ў беларускай сталіцы: творы ручнога ткацтва і лічбавага дызайну, сабраныя ў праект «Тэкстыльныя дыялогі», дэманструюцца ў Галерэі мастацтваў Леаніда Шчамялёва.
Перад гледачом — работы з пяці тэматычных серый. «Белыя ночы», «Гарадскія накіды» і «Санкт-Пецярбург». Поры года" з’яўляюцца прысвячэннем роднаму гораду. Серыя «Мае дзевяностыя» расказвае пра шчаслівыя гады мінулага жыцця, страчаныя, безумоўна, назаўсёды. А вось цыклам «Славянскія святы» сюжэты і вобразы даўніны аўтар імкнецца перанесці ў сучаснасць, зрабіць часткай мастацтва, да якога неабыякавы сучаснік.
Увайшлі ў экспазіцыю таксама пано з серыі «Клубок дарог», у якіх выяўлены ўражанні ад падарожжаў, уяўленні аб карціне свету, жыццё людзей у розных гарадах зямнога шара. У нейкім сэнсе гэтыя работы абагульняюць роздумы Ірыны Яблачкінай, акрэсліваюць яе шлях, які пачынаецца на Радзіме і працягваецца ў розных кропках планеты, віецца ад мінулага да будучыні. Аднак і на бег часу, і на непазбежнасць змен творца глядзіць з аптымізмам, нават з захапленнем, а яшчэ з гумарам, якога многім з нас так часта не хапае.
Убачыць выстаўку «Тэкстыльныя дыялогі» можна да 27 верасня.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Фота аўтара