Top.Mail.Ru

Праблема маральнага выбару на сцэне коласаўскага тэатра

11.12.2024 | 18:45

Аповесць Васіля Быкава «Сотнікаў», па якой быў пастаўлены і аднайменны спектакль у коласаўцаў, з’яўляецца адным з найлепшых узораў ваеннай прозы, прычым не толькі беларускай літаратуры савецкага перыяду. Як і ў большасці іншых твораў, аўтар змяшчае чалавека ў сітуацыю экстрэмальную, ставіць перад ім праблему маральнага выбару. Што лепш: загінуць, але застацца героем з чыстым сумленнем, альбо выжыць, але ўсё жыццё пакутаваць, бо разам са здрадай забіў у самім сабе чалавека? Вядома ж, фонам для ўсіх гэтых падзей з’яўляюцца часы акупацыі. 


За пастаноўку твора на коласаўскай сцэне ўзяўся рэжысёр Канстанцін Ганчароў, які з новага сезона да таго ж стаў мастацкім кіраўніком тэатра. Прэм’ера была прымеркавана да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Несумненна, рэжысёру было важна заявіць тэму генацыду беларускага народа ў часы акупацыі. Інсцэніроўка Алеся Замкоўскага захоўвае ўсе асноўныя сюжэтныя лініі аповесці, таму ў спектаклі прасочваецца вострая драматычная напружанасць твора. Жанр пазначаны як ваенная драма. У адпаведнасці з ім разгортваюцца асноўныя падзеі, выяўляецца канфлікт і антаганізм галоўных дзеючых асоб. Напружанасць адчуваецца практычна з самага пачатку, калі паказана свайго роду паляванне на чалавека. За яўрэйскай дзяўчынкай Басяй (артыстка Дар’я Французава), якая прабягае праз усю глядзельную залу, гоняцца паліцаі. Яна хаваецца за нейкімі руінамі. Сюды ж прыходзяць партызаны Сотнікаў (Яўген Бераснеў) і Рыбак (Дзмітрый Філімоненкаў). Глядач, між тым, даведваецца, што яны адправіліся на хутар, каб здабыць хоць нейкі правіянт для атрада. І яшчэ аб тым, што Барыс Сотнікаў моцна хворы. Але ён сам вызваўся ісці на хутар у той час, як іншыя адмаўляліся. Шэраг сустрэч з простымі людзьмі — жыхарамі вёскі Лясіны — складаюць першую частку спектакля. Гэта і Кабета (заслужаная артыстка Беларусі Галіна Букаціна, Святлана Жукоўская), якая шчыра спачувае Басі і нават прапаноўвае ёй сховішча, і стараста вёскі Пётра Качан (Пятро Ламан, Юрась Цвірка), які ўжо даўно для сябе вызначыў, што галоўнае — жыць па-хрысціянску (невыпадкова ён на працягу спектакля — і нават у нямецкай вязніцы — не расстаецца з Бібліяй), і ў многім падобная да яго жонка (Валянціна Багданава), і маці траіх дзетак Дзёмчыха, якая хавае партызан у падпамосці. У спектаклі яны носьбіты самых лепшых якасцей, ментальна ўласцівых беларусам: міласэрнасці, спагадлівасці, можа, нават самаахвярнасці. 

За кожным вобразам, нават другога плана, прасочваецца цэлая біяграфія. 

Каб празаічны тэкст стаў драматургічны, пэўная пэўная сцісласць. Ці не таму аўтары спектакля адмовіліся ад рэтраспекцыі — погляду ў мінулае персанажаў. Фактычна ў спектаклі толькі адзін унутраны маналог (ён жа сон) Сотнікава, дзе размова ідзе пра бацькоўскі маўзер. Але ён дае магчымасць абгрунтаваць праўдзівасць, прынцыповасць, сумленнасць героя ў цяперашнім часе. У аповесці эпічная плынь дае магчымасць раскрыць гэты вобраз у развіцці, згадаць не толькі дзяцінства, але і першыя жудасныя дні вайны (дзе гартуецца гэты мужны характар), палон і ўцёкі адтуль, партызанскі побыт. Усіх гэтых эпізодаў няма ў спектаклі, таму тут Сотнікаў — адзін з многіх персанажаў, які ніяк не выстаўляе сябе на першы план. Праз увесь спектакль паказаны яго пакуты, шлях пераадолення сваёй слабасці і — боскае святло, якое ідзе аднекуль зверху і азарае яго постаць у трагічным фінале. 

Калі Сотнікаў паказаны адназначна станоўчым персанажам, хоць і крыху прамалінейным, то куды больш складаным атрымаўся вобраз Рыбака. У спектаклі гэта просты, абаяльны вясковы хлопец, аптыміст, жыццялюб, які падабаецца дзяўчатам і здольны выкруціцца з любой складанай сітуацыі. Ён шчыра спадзяецца выслізнуць і тут з моцных ціскоў нямецкай рэпрэсіўнай машыны (пры першым жа допыце ідзе на падман Партнова). Але, як кажа прымаўка, «кіпцюрок ушчаміўся — усёй птушцы гінуць». Артыст Дзмітрый Філімоненкаў вельмі не падобны да таго прыкрага героя з фільма Ларысы Шапіцькі «Узыходжанне», нават знешнасць якога адштурхоўвае. Але як мяняецца ён у экстрэмальнай сітуацыі допыту ў Партнова, як ён падпарадкоўваецца яго волі. Артысту, на мой погляд, удалося паказаць унутраны канфлікт гэтага героя, асабліва ў фінальнай сцэне, калі ён вымушаны з шэрагу ахвяр са словамі «Даруй, браце» перайсці ў шэраг катаў. 

Моцна прыцягвае да сябе ўвагу герой Пятра Ламана (у другім складзе гэтую ролю выконвае Юрась Цвірка) стараста Пётра Качан. Ён становіцца адной з тых нявінных ахвяр, якім суджана загінуць. Наканаванасць лёсу, прымірэнне са страшнай, але немінучай неабходнасцю памерці, загінуць — адчуванне ўсяго гэтага перадае выканаўца ў вобразе старасты. Манера паводзін у вязніцы збліжае яго з Сотнікавым, такім, як ён выведзены найперш у аповесці. Відаць, што жыццё пражыў сумленна, прыстойна, для яго галоўнае цяпер — не апаскудзіцца, не запэцкацца, не стаць вылюдкам. І ў тым ён аказваецца маральна значна вышэйшым за Рыбака. Хрысціянскі пачатак, тыя асновы, што закладзены ў самой ментальнасці беларусаў, выдатна перадае майстар сцэны, пашыраючы межы вобраза, робячы яго сапраўды трагедыйным.

Хоць аўтар інсцэніроўкі і рэжысёр нідзе не зводзяць наўпрост старасту і следчага паліцыі Партнова (Генадзь Гайдук і заслужаны артыст Вячаслаў Грушоў), тым не менш відавочна праводзяцца яны па сваім ідэйным, маральным антаганізме па асацыяцыі Хрыстос і Іуда. Толькі для выгляду ён, Партноў, пакрыквае на ката-паліцая Будзілу за яго жорсткае стаўленне да палонных. Па яго рашучасці добра відаць, што ён і сам не стане з імі дужа цырымоніцца. Для яго не так ужо істотна, ці выдасць сваіх паплечнікаў Сотнікаў. Не ўдалося з ім — атрымаецца з іншым. Хітры, разумны, добры псіхолаг, ён упэўнены, што нават калі Рыбак і схлусіў у дробязях, яго ў далейшым удасца спакусіць і выклікаць на поўную шчырасць. Пераход Рыбака на бок ворага — гэта і яго, Партнова, сур’ёзная перамога і дадатковы шанц заслужыць адабрэнне ў начальства. 

Духоўную сутнасць гераіні, якая нават у памежнай сітуацыі не губляе чалавечага пачатку і знаходзіць сілы, каб пашкадаваць, прытуліць да сябе яўрэйскую дзяўчынку Басю, паказвае Ніна Обухава ў ролі простай вясковай жанчыны Дзёмчыхі. Яна, гэтак жа, як і Пётра Качан, як і Кабета ў пачатку спектакля, — увасабленне найлепшых якасцей беларускіх людзей, якія не ачарсцвелі душой нават у жудасных умовах нямецкай акупацыі, пад страхам штодзённай смерці. 

Моцны бок спектакля — яго атмасфера. Яе ствараюць прыглушанае змрочнае святло, гукавое і мастацкае афармленне. Рэжысёрам і мастаком Святланай Макаранка знойдзена цікавае рашэнне: яно і функцыянальнае, і вобразна-ўмоўнае адначасова. Гэта разбураныя, паваленыя агароджы, штыкетнікі, якія героі спрабуюць падняць, замацаваць, нейкім чынам аднавіць.

Агульнай напружанасці, драматызму спрыяе і музычнае афармленне. У фінале Дзёмчыха напявае Басі і ўсім астатнім нейкую журботна-шчымлівую песню, якая нагадвае калыханку, але хутчэй гэта песня-плач, песня-галашэнне па ўсіх загінулых.

Юрый ІВАНОЎСКІ

Фота Алісіі ПАХОМАВАЙ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю