ХІІ Міжнародны кангрэс «Бібліятэка як феномен культуры» аб’яднаў кіраўнікоў і спецыялістаў буйных бібліятэк, музеяў, выдавецтваў, навукова-даследчых арганізацый, вытворцаў праграмнага забеспячэння і інфармацыйнай прадукцыі.
Сёлета абмяняцца вопытам, абмеркаваць актуальныя праблемы, звязаныя з папулярызацыяй кнігі і новымі задачамі, якія стаяць перад установамі культуры, прыехала больш за 400 дэлегатаў. Сярод іх — і госці з краін СНД, а таксама прадстаўнікі бібліятэк Інданезіі, Малі, М’янмы, Амана, Сербіі, Палесціны, ЗША, Тога, Турцыі.
З чаго складаецца Перамога
Сёлета кангрэс быў прысвечаны 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Працавала асобная секцыя, дзе прадстаўнікі розных краін расказвалі пра свае праекты, накіраваныя на захаванне гістарычнай памяці.
На базе бібліятэк праходзілі канферэнцыі і круглыя сталы, лекцыі і адкрытыя ўрокі, выстаўкі і літаратурна-музычныя праграмы, «Дыктоўкі Перамогі» і грамадскія акцыі. Выдаваліся новыя кнігі і альбомы з дзіцячымі і юнацкімі малюнкамі і вершамі, прысвечанымі Перамозе. Працавалі дыялогавыя пляцоўкі і мультымедыйныя праекты. Вялася даследчая праца, дзякуючы якой наведвальнікі бібліятэк маглі не проста прыгадаць, якім быў шлях да Перамогі, даведацца пра новыя факты, але і адчуць, наколькі гэтая тэма невычарпальная і як па-рознаму можна да яе падыходзіць. Удзельнікі форуму расказвалі і пра ўнікальныя праграмы. Так, у Нацыянальнай бібліятэцы Удмурціі рэалізуецца праект «Вестачка з фронту»: на бязвыплатнай аснове людзі могуць прыносіць на рэстаўрацыю ў бібліятэку дакументы ваенных часоў, якія захоўваюцца ў іх сямейных архівах (дакументы, пасведчанні, лісты). З дазволу ўласнікаў адсканаваныя матэрыялы размяшчаюцца на электронным рэсурсе. Ужо сабрана калекцыя такіх дакументаў, вядзецца работа па пошуку бібліяграфічных даных аўтараў лістоў.
Прэзідэнцкая бібліятэка імя Барыса Ельцына прадставіла лічбавы праект «Бібліятэкары — салдаты Перамогі», дзе збіраецца інфармацыя пра супрацоўнікаў, якія ваявалі на франтах і ўдзельнічалі ў аднаўленні ўстановы ў пасляваенныя гады. Таксама Прэзідэнцкая бібліятэка Расійскай Федэрацыі выступіла з ініцыятывай аб правядзенні міжнароднага праекта «Вершы Перамогі». Ён быў падтрыманы Бібліятэчнай асамблеяй Еўразіі. Створаны ўнікальны медыярэсурс з вершамі пра вайну на нацыянальных мовах у выкананні вядомых сучасных дзеячаў культуры. Беларусь прадстаўлена творамі Пімена Панчанкі і Янкі Купалы. Знакаміты купалаўскі верш «Беларускім партызанам» прагучаў у выкананні міністра культуры Руслана Чарнецкага.
Бібліятэкі праводзяць вялікую работу, накіраваную на патрыятычнае выхаванне. Шэраг такіх праектаў рэалізавала Брэсцкая абласная бібліятэка. Гэта і конкурс электронных рэсурсаў сярод бібліятэк вобласці «Мы —
нашчадкі Перамогі», і праграмы, якія праводзіліся з удзелам Рэспубліканскага маладзёжнага патрыятычнага цэнтра, калі хлопцы і дзяўчаты дзяліліся, як яны ўяўляюць Перамогу. Толькі за апошнія тры гады праведзена больш за тысячу ўрокаў памяці. Створаны электронны праект «Лічбавая памяць Брэстчыны».
У час кангрэса ўдзельнікі расказвалі пра жыццё бібліятэк у гады вайны. У Беларусі ў час акупацыі фонды многіх кніжніц былі фактычна знішчаны найбольш каштоўныя кнігі вывезлі ў Германію, астатняе спальвалася. Такая гісторыя і ў Прэзідэнцкай бібліятэкі Беларусі (раней яна называлася Урадавай). Дарэчы, даваенны яе фонд налічваў больш за 250 тысяч адзінак. У гады вайны ў памяшканнях бібліятэкі фашысты зрабілі бойню, пральню і кузню. Падрыхтоўка да аднаўлення ўстановы пачалася, калі яшчэ ішла вайна. Кнігі набывалі ў насельніцтва, супрацоўнікі ўстановы ездзілі па літаратуру ў Маскву, Ленінград, Ерэван, Тбілісі, Баку. Удалося вярнуць і частку выданняў, вывезеных у гады акупацыі. Але і сёння вядзецца пошукавая работа па выяўленні выданняў са штампамі ўрадавай бібліятэкі, якія былі страчаны ў гады вайны. Часам яны «ўсплываюць» на замежных інтэрнэт-аўкцыёнах. Ужо знойдзена шмат унікальных дакументаў, якія трапілі на выстаўку «Кнігі, вернутыя з палону».
Госці з Расіі сабралі інфармацыю пра тое, як дзейнічалі бібліятэкі ў гады вайны на тых тэрыторыях, што былі ў тыле. Вучоны сакратар Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Мардовія Наталля Нікерава расказала, што супрацоўнікі збіралі кнігі і часопісы для армейскіх бібліятэк і шпіталяў. На базе кніжніц працавалі пункты прыёму пасылак і рэчаў для байцоў Чырвонай
Арміі. У шпіталях бібліятэкары дапамагалі даглядаць параненых, чыталі ім кнігі. Тым, хто не мог пісаць, складалі лісты, непісьменных вучылі чытаць. Бібліятэкары былі сандружыннікамі, уступалі ў атрады самаабароны, былі задзейнічаны ў нарыхтоўцы дроў для розных устаноў, працавалі на торфанарыхтоўках, дапамагалі на заводах. Таксама яны дапамагалі фарміраваць бібліятэкі для тэрыторый, вызваленых ад фашыстаў, у тым ліку і для Беларусі.
Фабрыка даных
У рамках кангрэса прайшлі семінары, круглыя сталы, майстар-класы па рэстаўрацыі кніг. Былі падпісаны пагадненні аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Нацыянальным цэнтрам рукапісаў і рэдкіх кніг Камітэта архіваў дакументацыі і кніжнай справы Міністэрства культуры і інфармацыі Рэспублікі Казахстан.
Асаблівая ўвага падчас кангрэса была ўдзелена пытанням лічбавізацыі. Сёння ў Беларусі вядзецца работа па стварэнні Нацыянальнай электроннай бібліятэкі. Прадстаўнікі іншых краін дзяліліся, як падобная работа вядзецца ў іх. Генеральны дырэктар Расійскай Нацыянальнай бібліятэкі расказаў пра стварэнне бібліяграфічнай платформы «Прыярытэт», якая павінна стаць сапраўднай фабрыкай даных аб культурных і інтэлектуальных здабытках краіны. Мэта праекта — сабраць і прадставіць айчынным і замежным карыстальнікам інфармацыю пра ўсе выданні ад старажытнасці да нашых часоў. Прычым, звесткі на платформу могуць дасылаць і карыстальнікі. Калі ў іх уласнай бібліятэцы ёсць рэдкія, нідзе не ўлічаныя выданні, яны могуць пра гэта паведаміць. Нацыянальная бібліяграфічная платформа, распрацаваная расійскай бібліятэкай, з’яўляецца той базай, якая можа паслужыць для стварэння адзінай бібліяграфічнай прасторы з іншымі краінамі. Партнёры такім чынам змогуць больш даведацца пра нацыянальную літаратуру, якая захоўваецца ў расійскіх бібліятэчных фондах. З 1870 года Расійская нацыянальная бібліятэка атрымлівала абавязковы экзэмпляр усіх выданняў, надру-
каваных у Расійскай імперыі, пасля — у Савецкім Саюзе. Таму тут сабраны найбагацейшыя фонды, падобных якім больш нідзе няма. Тут многа выданняў, звязаных з Беларуссю. Між іншым, дырэктар імператарскай публічнай бібліятэкі (правапераемнікам якой з’яўляецца Нацыянальная расійская бібліятэка), археограф, гісторык, акадэмік Афанасій Бычкоў быў рэдактарам першага фундаментальнага слоўніка беларускай мовы, выдадзенага ў 1870 годзе. У фондах Расійскай нацыянальнай бібліятэкі ёсць рэдкія выданні Францыска Скарыны: «Біблія», «Малая падарожная кніжка», «Апостал». Практычна цалкам прадстаўлены выданні ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў. У тым ліку тут маюцца і ўнікальныя матэрыялы: напрыклад, лістоўкі перыяду рэвалюцыі і грамадзянскай вайны са зваротамі да сялян, салдат і рабочых Беларусі.
Сучасныя тэхналогіі дазваляюць бібліятэкам не толькі даведвацца пра рэдкія экзэмпляры, абменьвацца лічбавымі копіямі, але і рабіць сумесныя інфармацыйна-асветніцкія праекты. Так, на базе расійскай бібліяграфічнай платформы рэалізаваны міжнародны лічбавы праект «Бібліяграфія Перамогі». Разам з калегамі з бібліятэк іншых краін было вырашана сабраць інфармацыю пра ўсе выданні, якія пабачылі свет у розных гарадах і выдавецтвах Савецкага Саюза ў 1941–1945 гадах. Прычым, з самага пачатку ставілася амбіцыйная задача — зрабіць гэтую базу максімальна поўнай — даць звесткі нават пра лістоўкі, плакаты, паштоўкі і манаграфіі, што выйшлі ў тыле. «Бібліяграфія Перамогі» — гэта найперш дакладная і верыфікаваная дакументальная база, на якой можа будавацца сістэмная і маштабная работа ў галіне гістарычнай асветы, адукацыі і навукі", — заўважыў Дзяніс Цыпкін.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Фота з сайта nlb.by